Top.Mail.Ru

Прэзідэнт заслухаў даклад міністра па надзвычайных сітуацыях

У панядзелак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Галоўны акцэнт — на арганізацыі работы па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Гродзенскай вобласці і ў першую чаргу ў Гродне, які сутыкнуўся з найбольш цяжкімі наступствамі навальнічнага фронту. Тут 1 жніўня за тры гадзіны выпала палова сярэднямесячнай нормы ападкаў, у выніку чаго былі падтоплены вуліцы, будынкі, збудаванні.


Прэзідэнту даложана аб праведзеных аператыўных мерапрыемствах, у тым ліку па адпампоўцы вады і эвакуацыі транспартных сродкаў з месцаў падтаплення, распілоўванні дрэў, ачыстцы вуліц. У цяперашні час гэта работа працягваецца. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць аказання першачарговай дапамогі людзям.

Размова ішла таксама аб сітуацыі ў Воранаўскім раёне, дзе навальнічны фронт пашкодзіў мноства жылых аб’ектаў і гаспадарчых пабудоў, а таксама пасевы збожжавых. Пасля ацэнкі шкоды дапамога будзе аказана ва ўстаноўленым парадку. 

Прэзідэнта цікавіла, як у цэлым спрацавала сістэма па папярэджанні і ліквідацыі НС, наколькі зладжанымі і аператыўнымі былі дзеянні органаў улады пры ліквідацыі наступстваў непагадзі. Адзначалася, што ёсць складанасці з дакладнасцю прагназавання стыхійных прыродных з’яў. У сувязі з гэтым МНС сумесна з Белгідраметам і НАН трэба будзе правесці сур’ёзную работу. Кіраўніку дзяржавы таксама даложана аб дадатковых мерах па ўдасканаленні сістэмы апавяшчэння насельніцтва. 

Яшчэ адной тэмай даклада Прэзідэнту стаў удзел асабовага складу і падраздзяленняў МНС ва ўборачнай. На дадзены момант у ёй задзейнічаны 237 супрацоўнікаў. Усе органы і падраздзяленні МНС працуюць у цесным узаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады і пры неабходнасці гатовыя дапамагаць дадатковымі кадрамі. Традыцыйна на час уборачнай кампаніі, калі ўзрастаюць рызыкі пажарнай бяспекі, нарошчваюцца сілы і сродкі для аператыўнага рэагавання.

«На працягу 12 гадзін фактычна ўсе населеныя пункты былі падключаны да электразабеспячэння»

У размове з журналістамі міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі падрабязна спыніўся на асноўных тэмах даклада кіраўніку дзяржавы. Адной з іх стала ліквідацыя наступстваў непагадзі ў краіне. 27 і 31 ліпеня, а таксама 1 жніўня зафіксавана тры выпадкі праходжання навальнічных франтоў. У Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях пры моцным ветры парывамі да 20 м/с пашкоджаны пасевы сельгаскультур на плошчы каля 9 тысяч гектараў, 444 дахі будынкаў і збудаванняў, зафіксаваныя выпадкі падзення 284 дрэў. Работнікі МНС 137 разоў выязджалі на работы па распілоўцы і прыборцы паваленых дрэў. «Цяпер камісіі па надзвычайных сітуацыях робяць адпаведныя высновы, бо гэта прадугледжана нашым заканадаўствам. Самае галоўнае, што ніхто з грамадзян не пацярпеў, а ўсе пашкоджанні былі нанесены маёмасці», — адзначыў Вадзім Сіняўскі.

З-за непагадзі таксама адключалася сістэма энергазабеспячэння населеных пунктаў. «Магу канстатаваць, і я далажыў аб гэтым кіраўніку дзяржавы, што на працягу 12 гадзін фактычна ўсе населеныя пункты былі падключаны да электразабеспячэння. Нейкіх сур’ёзных збояў у функцыянаванні сістэмы жыццезабеспячэння населеных пунктаў не было дапушчана», — падкрэсліў міністр.

Вадзім Сіняўскі звярнуў увагу на тое, што самы цяжкі фронт прайшоў па Гродне 1 жніўня. «Фактычна за тры гадзіны выпала палова сярэднямесячнай нормы ападкаў. У выніку былі падтоплены вуліцы, будынкі, збудаванні. Ратавальнікі разам з камунальнымі службамі вырашалі пытанні па адпампоўцы вады, распілоўцы дрэў, ачыстцы вуліц. Сёння гэтая работа працягваецца. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў першую чаргу неабходна вырашыць пытанні, звязаныя з аказаннем дапамогі насельніцтву па адпампоўцы вады. Мы звязаліся са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Юрыем Караевым, удакладнілі падыходы ў ацэнках і тое, што неабходна дадаткова зрабіць. Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС з усім спраўляецца, таму я ўпэўнены, што ўсе пытанні мы вырашым паспяхова, у чым я і запэўніў кіраўніка дзяржавы», — падкрэсліў кіраўнік ратавальнага ведамства.


Сістэма апавяшчэння працуе добра

Асобна было разгледжана пытанне работы сістэмы апавяшчэння насельніцтва. «Мы надаём гэтаму вельмі вялікае значэнне. Пачынаецца ўсё з ацэнкі навальнічных франтоў. Часам, на жаль, належным чынам ацаніць навальнічны фронт, які фарміруецца, не ўяўляецца магчымым. Таму яшчэ трэба будзе сур’ёзна прапрацаваць пытанні ўзаемадзеяння з Белгідраметам, Нацыянальнай акадэміяй навук. Пры гэтым у цэлым сама сістэма апавяшчэння працуе добра. Мы загадзя правялі СМС-апавяшчэнне ў Гродне, выпусцілі адпаведныя радкі на тэлебачанні, паведамілі ў радыёэфіры. Але тут важная ацэнка людзей. Грамадзяне павінны самі разумець небяспеку і сыходзіць з зоны рызыкі», — растлумачыў Вадзім Сіняўскі.

Міністр падкрэсліў, што ў цэлым праблемных пытанняў у дзейнасці ведамства, дзяржорганаў улады пры ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі няма.

«Мы адразу ўключыліся ў работу»

Адной з тэм даклада Прэзідэнту таксама стаў удзел ратавальнага ведамства ва ўборачнай кампаніі. «Мы адразу ўключыліся ў работу. Робім гэта ўжо не першы год. Наша ведамства выдзеліла 237 чалавек для ўборкі ўраджаю. Працуюць 69 камбайнераў, таксама людзі працуюць памочнікамі камбайнераў, на аўтамабілях па адвозцы збожжа, аператарамі зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Выконваецца таксама шэраг іншых работ. Напрыклад, у Гродне старшыня аблвыканкама папрасіў выдзеліць дадатковых механізатараў на адвозку саломы з палёў. Мы аператыўна ўключыліся, запыталі інфармацыю ў старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў, выдзелілі людзей. Гэта работа ўжо арганізаваная, праблемных пытанняў таксама тут няма», — паведаміў Вадзім Сіняўскі. 

Міністр таксама адзначыў, што падчас уборачнай павялічваюцца рызыкі па пажарнай бяспецы. «Мы нарошчваем свае сілы і сродкі. Толькі за тыдзень больш за 2,5 тысячы чалавек асабовага складу прыцягнулі для вырашэння пытанняў кантролю забеспячэння пажарнай бяспекі. Таму думаю, што з работай справімся, праблемных пытанняў не будзе», — рэзюмаваў кіраўнік выратавальнага ведамства.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю