З Бішкека Прэзідэнт Беларусі накіруецца ў Паднёва-Усходнюю Азію. Адна з найбольш цікавых краін у гэтым рэгіёне для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва — М’янма. З Мін Аун Хлайнам, які сёння выконвае абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М’янма і з’яўляецца старшынёй Камісіі нацыянальнай бяспекі і міру, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёлета двойчы сустракаўся ў Мінску — падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь высокага госця і на палях саміту ЕАЭС.
Гэтымі днямі Мін Аун Хлайн расказаў аб перспектыўных кірунках супрацоўніцтва з Беларуссю ў інтэрв’ю телеканалу «Першы інфармацыйны».
— Беларусь — краіна, якая развіваецца, дасягнула значнага прагрэсу ў сельскай гаспадарцы і тэхналогіях. Дзякуючы супрацоўніцтву паміж нашымі дзяржавамі мы набываем каштоўны вопыт развіцця, — адзначыў лідар М’янмы. — Калі мы хочам развіваць двухбаковыя адносіны, перш за ўсё неабходна ўмацоўваць дыпламатычнае супрацоўніцтва. Акрамя таго, трэба актыўна развіваць эканамічнае ўзаемадзеянне.
Гаворачы аб супрацоўніцтве ў розных сферах, ён падкрэсліў:
— Мы бачым вялікія магчымасці для супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі, навукі, тэхналогій і сельскай гаспадаркі. Паміж М’янмай і Беларуссю існуе значны патэнцыял для партнёрства ва ўсіх гэтых галінах. Калі мы пачнём з эканамічнага супрацоўніцтва, гэта створыць паток дзелавых кантактаў і візітаў. Калі грамадзяне Беларусі зацікавяцца нашай краінай і пачнуць яе наведваць, а м’янманскія бізнесмены паедуць у Беларусь для дзелавога ўзаемадзеяння, то адносіны паміж нашымі народамі стануць яшчэ бліжэйшымі. Мы павінны засяродзіць намаганні менавіта на гэтым.
Мін Аун Хлайн падкрэсліў, што Беларусь — краіна з высокім узроўнем развіцця навукі і тэхналогій. У сельскай гаспадарцы наша дзяржава таксама займае вядучыя пазіцыі, з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў угнаенняў, сельскагаспадарчых машын і абсталявання. Беларусь экспартуе сваю прадукцыю ў розныя краіны. Лідар М’янмы выказаў упэўненасць, што гэтыя кірункі з’яўляюцца найбольш перспектыўнымі для двухбаковага супрацоўніцтва.
Беларускія трактары ўжо выкарыстоўваюць у М’янме, яны падабаюцца карыстальнікам, заўважыў Мін Аун Хлайн і запэўніў, што супрацоўніцтва ў гэтым кірунку працягнецца.
Лідар М’янмы расказаў, што наведваў нашу краіну тройчы і ўражанні ў яго засталіся толькі станоўчыя:
— Беларусь — прыгожая, чыстая еўрапейская краіна. Мы бачылі пільнасць, актыўнасць, дысцыпліну і працавітасць беларускага народа. Я заўважыў, што паміж маім першым і апошнім візітам была вялікая розніца. Мой першы візіт быў
у 2014 годзе. Гэта значыць, прайшло ўжо больш за 10 гадоў. Я бачу, што Беларусь змянілася за гэты час.
З Прэзідэнтам Беларусі Мін Аун Хлайн таксама сустракаўся тры разы.
— Ён вельмі цёпла да нас ставіцца, і асабіста да мяне ён вельмі прыязны.
Аляксандр Лукашэнка разумее М’янму і бягучую сітуацыю ў нашай краіне, — падзяліўся ён.
Лідар М’янмы падкрэсліў, што больш як за 30 гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі наша краіна дасягнула сур’ёзных поспехаў:
—Я бачу прагрэс. Азіраючыся назад, я бачу, што Беларусь моцна змянілася.
Я бачу значны эканамічны рост, і гэтага нельга адмаўляць. Ваш лідар вельмі цёплы, ён шмат разумее адносна нас. Я веру, што пры ўмове поўнага супрацоўніцтва мы разам зможам не толькі ўмацаваць сяброўства Беларусі з Саюзам М’янма, але і зрабіць унёсак у яго развіццё.