Top.Mail.Ru

Лічбавізацыя аўтадарожнай дзейнасці і развіццё турызму

Пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай адбылося пасяджэнне чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі, падчас якой парламентарыі прынялі шэраг законапраектаў


Фарміраванне інтэлектуальнай транспартнай сістэмы

Падчас сесіі члены Савета Рэспублікі прынялі Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дарожнай дзейнасці». Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, законапраектам прадугледжаны навацыі ў плане фарміравання інтэлектуальнай транспартнай сістэмы. Паводле яго слоў, гэта дазволіць у рэжыме рэальнага часу маніторыць стан аўтамабільных дарог і збудаванняў на іх, што безумоўна забяспечыць бяспеку дарожнага руху. 


«Яшчэ адно новаўвядзенне — стварэнне інфармацыйнага фонду дарожнай гаспадаркі, які забяспечыць дарожныя арганізацыі пэўнай інфармацыяй па рамонце, а таксама па эксплуатацыі аўтамабільных дарог», — звярнуў увагу Леанід Заяц, дадаўшы, што законапраект таксама абавязвае ўладальнікаў аўтамабільных дарог уносіць у рэестр аўтамабільных дарог агульнага карыстання пэўныя змены, актуалізаваць іх, прыводзіць у адпаведны належны стан. 

З улікам Пагаднення аб дапушчальных масах, восевых нагрузках і габарытах транспартных сродкаў пры руху па аўтамабільных дарогах дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, уключаных у еўразійскія транспартныя калідоры, у законапраекце ўдакладнены парадак руху па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання буйнагабарытных транспартных сродкаў.

Праект закона дапоўнены палажэннямі, якія прадугледжваюць карэкціроўку Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, якія раней утрымліваліся ў артыкуле 28 праекта закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці».

Павысіць уклад турызму ў эканоміку

На чарговым пасяджэнні чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі парламентарыі таксама прынялі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму». Праект закона распрацаваны ў мэтах прывядзення шэрагу законаў у адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 верасня 2025 года № 329 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы турызму» і Законам «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый». Пры гэтым асноўныя карэкціроўкі датычацца Закона «Аб турызме».

«Калі мы гаворым пра структуру нашай нацыянальнай эканомікі, то звыкла называем прамысловасць, сельскую гаспадарку, IT-сферу. Турызм пры гэтым доўгі час успрымаўся хутчэй як спадарожная сфера вольнага часу. Аднак сёння стаіць задача зрабіць турызм паўнавартаснай, самастойнай і высокадаходнай галіной. І стратэгічная мэта — павялічыць долю турызму ў эканоміцы», — заявіла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка.

Паводле яе слоў, прадстаўлены законапраект накіраваны на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для развіцця турыстычнай галіны і выканання гэтых перспектыўных задач. «Праект закона быў разгледжаны Экспертным саветам пры Савеце Рэспублікі. Выказаныя экспертамі заўвагі і прапановы былі ўлічаны пры яго дапрацоўцы. У прыватнасці, замацаванне за Нацыянальным агенцтвам па турызме права распрацоўкі і ўвядзення нацыянальнай класіфікацыі сродкаў размяшчэння турыстаў накіравана на абарону правоў турыстаў і празрыстасць паслуг па пражыванні, якія аказваюцца, шляхам увядзення адзіных стандартаў абслугоўвання і дадатковых механізмаў кантролю якасці. 

«Увядзенне ў праекце закона фармулёўкі „рэгіянальных турыстычных маршрутаў“ падтрымлівае прыярытэтнасць фарміравання і прасоўвання турыстычных маршрутаў з акцэнтам на мясцовыя славутасці. А пашырэнне паняційнага поля азначэннем „спецыяльны маніторынг“ мае ключавое значэнне для атрымання дакладных даных аб актуальным стане і перспектывах развіцця турыстычнай сферы», — патлумачыла Наталля Паўлючэнка.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на тым, што названы законапраект не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, іншым заканадаўчым актам нашай краіны і адпавядае патрабаванням нарматворчай дзейнасці.

***

У ходзе пасяджэння чарговай сесіі члены Савета Рэспублікі ратыфікавалі шэраг міжнародных пагадненняў. Сярод іх — пратаколы аб унясенні змяненняў у Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах абарачэння медыцынскіх вырабаў (вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі) у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза ад 23 снежня 2014 года; Пратакол аб унясенні змянення ў Пагадненне аб парадку фарміравання і выканання бюджэту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ад 1 снежня 2017 года; Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Інданезія аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі; Пратакол аб унясенні змяненняў у дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ад 10 снежня 2009 года; Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Саюз М’янма аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю