Кіраўнікі дзяржаў, якія выступілі на пленарнай сесіі Еўразійскага эканамічнага форуму, выказалі ўдзячнасць Аляксандру Лукашэнку за гасціннасць, з якой іх прымаюць на беларускай зямлі, высокі арганізацыйны ўзровень мерапрыемства. Звярнулі ўвагу высокія госці і на прыгажосць і чысціню нашай краіны, чым яна славіцца ва ўсім свеце.
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян:
— Мы перакананы, што менавіта лічбавізацыя адкрывае новыя магчымасці ў эканоміцы, сістэме дзяржаўнага кіравання і сацыяльнай сферы. У Арменіі ўжо рэалізавана архітэктура міжведамаснага ўзаемадзенння, дзякуючы чаму дзяржаўныя органы не дублююць інфармацыю, а атрымліваюць доступ на першакрыніц праз абароненыя каналы сувязі. Гэта дазволіла стварыць інтэгрыраваныя лічбавыя сэрвісы, якія аб’ядноўваюць усе этапы аказання паслуг у адзіны празрысты і зручны для карыстальніка працэс. Такі падыход адкрывае новыя магчымасці для фарміравання адзінага лічбавага асяроддзя.

Арменія разглядае лічбавую трансфармацыю як інструмент ухілення бар’ераў, павышэння празрыстасці ўзаемнага гандлю. Мы адкрыты да распрацоўкі трансгранічных платформ і эксперыментальных праектаў, якія дазволяць усім нам не проста ўкараніць тэхналогіі, што існуюць, а распрацаваць цікавыя і эфектыўныя рашэнні.
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў:
— Па прагнозах, да 2030 года лічбавізацыя і штучны інтэлект могуць прынесці ў сусветны ВУП больш за 15 трлн долараў і замяніць да 300 млн працоўных месцаў, але стварыць цалкам новыя прафесіі. Лагічна, што ўзмацняецца сусветная канкурэнцыя ў гэтай галіне. У ЕАЭС ёсць гістарычны шанец уключыцца ў гэты глабальны працэс. Важна своечасова выкарыстоўваць акно магчымасцяў, каб умацаваць нашу ролю ў лічбавым светапарадку, які фарміруецца. ЕЭАС павінен выйсці ў лідары ў распрацоўках у сферы штучнага інтэлекту. Гэта значыць лічбавізацыя і штучны інтэлект павінны стаць безумоўным прыярытэтам ЕАЭС. Перадавыя лічбавыя тэхналогіі здольныя надаць магутны імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву нашых краін. Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае: стратэгічныя дакументы, назапашаны вопыт, разуменне агульных запытаў. Галоўнае, нам трэба дзейнічаць узгоднена, прагматычна і на апярэджанне.

Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў:
— З моманту стварэння Саюза прамысловасць дзяржаў-членаў дэманструе паступальную дынаміку росту і за апошнія 10 гадоў вырасла на 29 %, перавысіўшы 1,5 трыльёна долараў ЗША па выніках 2024 года Такія дасягненні сталі магчымымі дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву дзяржаў-членаў і прагматычнаму падыходу ў паглыбленні інтэграцыі ў сферы прамысловасці і аграпрамысловага комплексу ў Саюзе.

Неабходна павысіць узровень лакалізацыі вытвочасцяў на тэрыторыях краін-членаў ЕАЭС, сфарміраваць канкурэнтаздольны навукова-даследчы патэнцыял прамысловай і аграпрамысловай галіны, знайсці крыніцы фінансавання на даследаванні і рэалізацыю інавацыйных праектаў, стварыць сумесныя цэнтры кампетэнцый у кожнай дзяржаве-члене ЕАЭС, сфарміраваць механізм падтрымкі сумесных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у цэлым.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір ПУЦІН:

— За час існавання Саюза істотна ўмацаваўся агульны эканамічны патэнцыял краін пяцёркі. Адбыўся рост прамысловай вытворчасці ў краінах ЕАЭС, павелічэнне інвестыцый у асноўны капітал. Гэта вельмі добрыя паказчыкі. Ва ўсялякім выпадку ў сярэднетэрміновай перспектыве рост гарантаваны. Зразумела, пяцёрка не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Працягваецца работа над умацаваннем інтэграцыйных механізмаў, павышэннем аўтырытэту і ўплыву Еўразійскага эканамічнага саюза на міжнароднай арэне.
ЕАЭС па праве зацвердзіўся ў ліку аднаго з ключавых цэнтраў глабальнага развіцця. Аб’яднанне заўсёды адкрыта да супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі замежнымі партнёрамі. Яно ўносіць рэальны ўклад у стварэнне на агульным еўразійскім кантыненце вялікай прасторы партнёрства, супрацоўніцтва і эканамічнага росту. Прасторы, дзе паважаюць правы кожнай дзяржавы на ўласную мадэль развіцця і ўлічваюць інтарэсы ўсіх удзельнікаў. Перакананы, што менавіта на такой справядлівай і раўнапраўнай аснове і павінна выбудоўвацца ўзаемадзеянне ў новым шматпалярным свеце. Тут мы на правільным шляху і рухаемся добрымі тэмпамі ва ўзаемаадносінах з нашымі партнёрамі«.
Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль Бермудэс:

— Для паглыблення супрацоўніцтва прапаную выкарыстоўваць Кубу як лагістычны і інвестыцыйны хаб, а таксама магчымасці асаблівай эканамічнай зоны «Порт Марыэль», геаграфічныя перавагі вострава. Мы зацікаўлены ў тым, каб наша краіна стала адпраўной кропкай пашырэння паставак прадукцыі, вырабленай у ЕАЭС, у Лацінаамерыканскі і Карыбскі рэгіёны. Размова ідзе аб асабліва важным праекце, які дасць магчымасць стварыць лагістычны цэнтр для прыёму і распаўсюджвання грузаў з краін ЕАЭС у Лацінаамерыканскі рэгіён і ў зваротным напрамку.
"Нам прыемна, што другі раз дэлегацыя на чале з Гандлёвай палатай Кубы прымае ўдзел у гэтым форуме Гэта сведчанне імкнення Кубы ўмацаваць гандлёвыя і фінансавыя адносіны з Саюзам, яго дзяржавамі-членамі і назіральнікамі. Гэта краіны, з якімі нас аб’ядноўваюць выдатныя адносіны і высокі ўзровень дыялогу, заснаваны на гістарычных сувязях.
Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Бакытжан Сагінтаеў:
— За 10 гадоў сукупны ВУП краін ЕАЭС вырас амаль на 18%, павялічылася доля Саюза ў сусветнай эканоміцы, узаемны тавараабарот падвоіўся і па выніках 2024 года дасягнуў каля 100 мільярдаў, пры гэтым 93 % разлікаў праводзіцца ў нацыянальных валютах.
Эканамічная перавага ад функцыянавання Саюза адчуваецца ва ўсіх дзяржавах-удзельніц. Арменія за гэты перыяд павялічыла экспарт у ЕАЭС у 13, Кыргызстан — у 3,7 раза, Беларусь — у 2,5 раза, Казахстан і Расія — амаль удвая. Гэтыя паказчыкі з’яўляюцца яркім вынікам сумесных намаганняў краін-удзельніц і ЕЭК. Асноўным пастулатам нашай працы застаецца дасягненне асноватворных мэтаў Дагавора аб ЕАЭС: забеспячэнне свабоды руху тавараў, капіталу і працоўнай сілы. На сёння на ўнутраным рынку ўжо ліквідавана каля 100 перашкод для гандлю, прынята 52 тэхнічныя рэгламенты, 90% прадукцыі для ўнутрага рынку вырабляецца па адзіных нормах.
Старшыня Дзяржаўнага Адміністрацыйнага савета, прэм’ер-міністр Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун Хлайн:
— Мы маем намер далей пашыраць патэнцыял супрацоўніцтва з дзяржавамі-членамі ЕАЭС у галіне эканомікі і гандлю. Ва ўмовах сучаснай міжнароднай абстаноўкі, спалучанай са шматлікімі выклікамі, наша агульная задача дзейнічаць, каб эфектыўна пераадольваць пагрозы. Нягледзячы на знешнеэканамічныя выклікі і санкцыі, ЕАЭС дэманструе ўстойлівы прагрэс і дасягнуў значных вынікаў за апошнія гады. Дазвольце выказаць шчырую просьбу аб падтрымцы імкнення М’янмы далучыцца да ЕАЭС у статусе дзяржавы-назіральніка.

Саветнік сапрэзідэнтаў Рэспублікі Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва Лаўрэана Артэга Мурыльё:

«Нікарагуа афіцыйна запытала статус назіральніка ў гэтым найважнейшым саюзе, і мы таксама хацелі б яшчэ раз адзначыць і падкрэсліць, што для нас гэта найважнейшая мэта. Мы гатовы выканаць усе неабходныя працэдуры і патрабаванні, каб атрымаць такі статус. Але мы ўжо адчуваем сябе часткай гэтага Саюза. Мы актыўна працуем з Расійскай Федэрацыяй, Беларуссю ў рамках буйных праектаў у медыцыне, фармацэўтыцы, пастаўках абсталявання, ствараем банкаўскія інструменты, якія дазваляюць нам пераадолець тыя бар’еры, якія ставяць перад намі імперыялісты з ЕС і ЗША.
***
Пасля плённай працы на пленарнай сесіі лідары краін азнаёміліся з выстаўкай «Дасягненні суверэннай Беларусі», размешчанай каля Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Флагманскія ўзоры тэхнікі прадставіла Міністэрства прамысловасці, Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт, Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У цэнтры ўвагі — кар’ерны самазвал БелАЗ-75710 грузападымальнасцю 450 тон, самы вялікі кар’ерны самазвал у свеце, першая мадэль у новым класе машын асабліва вялікай грузападымальнасці. Менавіта каля гэтага гіганта лідары краін зрабілі сумеснае family-photo.
Валерыя СЦЯЦКО, Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА, Віктара ІВАНЧЫКАВА