У мінулым годзе на рынку патрыманых аўтамабіляў у Кітаі быў устаноўлены новы рэкорд. На ім было рэалізавана больш за 20 мільёнаў машын. Аб гэтым паведамілі ў Кітайскай асацыяцыі аўтамабільных дылераў, перадае «Сіньхуа».
У снежні мінулага года каэфіцыент пераафармлення транспартных сродкаў з прабегам, ключавы паказчык міжрэгіянальнага абароту, вырас да 34,9 працэнта, што на 4,7 працэнтнага пункта больш, чым годам раней. «Гэта дазволіла знізіць нагрузку на складскія запасы мясцовых дылераў патрыманых аўтамабіляў», — заявіў намеснік кіраўніка асацыяцыі Ло Лэй.
Аб’ём продажаў патрыманых аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі ў 2025 годзе ў Кітаі дасягнуў 1,6 мільёна адзінак, што складае 7,9 працэнта ад агульнага аб’ёму продажаў машын з рук. У параўнанні з папярэднім годам паказчык вырас на 2,2 працэнтнага пункта.
Дзякуючы прыняццю мер па стрымліванні празмернай канкурэнцыі ў аўтапрамысловасці ў спалучэнні з шырэйшым укараненнем праграм абмену старых аўтамабіляў на новыя, сёлета чакаецца стабілізацыя цэн на новыя машыны, што стварае яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для развіцця рынку патрыманых аўто, лічыць Ло Лэй.