З надыходам летняга сезона тысячы беларусаў адпраўляюцца на берагі азёр, рэк і вадасховішчаў. Каб адпачынак быў не толькі прыемным, але і бяспечным, штогод вялікая работа праводзіцца Рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб’яднаннем «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» (АСВОД), а таксама мясцовымі органамі ўлады і іншымі зацікаўленымі службамі.
На пасту
Да купальнага сезона 2026 года ў краіне падрыхтавана больш за 500 месцаў масавага адпачынку. З іх звыш 400 знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, яшчэ больш за 100 — ведамасныя, паведаміў старшыня выканаўчага апарату Рэспубліканскага савета АСВОД Андрэй ЧАРНЯЎСКІ.
Для забеспячэння бяспекі грамадзян АСВОД абсталяваў больш за 300 выратавальных аб’ектаў. Кругласутачна і на працягу ўсяго года працуюць 68 выратавальных станцый. У дапамогу ім дзейнічае больш за 200 выратавальных пастоў — як пастаянных, так і сезонных.

— У гэтым годзе для больш эфектыўнай работы на выратавальных пастах і выратавальных станцыях мы выкарыстоўваем назіральныя вышкі, якія пачалі актыўна ўсталёўваць яшчэ летась. Праца па ўстаноўцы вышак працягваецца і сёлета, — адзначыў Андрэй Чарняўскі.
У летні перыяд выратавальныя пасты працуюць з 10 гадзін раніцы да надыходу цёмнага часу сутак. З 10 чэрвеня іх работа будзе арганізавана да 22 гадзін.
Статыстыка абнадзейвае
Купальны сезон традыцыйна стартаваў 1 мая. І першыя яго вынікі ўжо сведчаць пра эфектыўнасць прафілактычнай і выратавальнай работы. У месцах масавага адпачынку ўжо выратавана 10 чалавек. У параўнанні з маем мінулага года колькасць выратаваных павялічылася на 50 %. Адначасова колькасць загінулых на вадзе ў маі скарацілася на 32 %. За пяць месяцаў бягучага года на вадаёмах Беларусі выратавана больш за 30 чалавек.
— Мы назіраем штогадовае зніжэнне колькасці патанулых і павышэнне культуры паводзін каля вадаёмаў. Бацькі таксама больш адказна ставяцца да бяспекі дзяцей. Штогод зніжаецца колькасць выпадкаў гібелі дзяцей на вадзе, — канстатаваў Андрэй Чарняўскі.

Важным кірункам дзейнасці АСВОД застаецца прафілактыка. Традыцыйна арганізуюцца экскурсіі на выратавальныя станцыі для дзяцей са школьных летніх лагераў. Спецыялісты знаёмяць іх з правіламі бяспечных паводзін на вадзе, расказваюць пра аказанне першай дапамогі і работу ратаўнікоў.
Беларускі АСВОД дзейнічае пад дэвізам «Папярэдзіць, навучыць, выратаваць».
— Мы павінны папярэдзіць, растлумачыць, расказаць. Навучыць спосабам выратавання і аказання першай дапамогі, — падкрэсліў старшыня выканаўчага апарату Рэспубліканскага савета АСВОД.
Пад наглядам прафесіяналаў
Непасрэдна за бяспекай людзей на пляжах штодня сочаць матросы-выратавальнікі.
Адзін з іх, Барыс ГРАБЯНЦОЎ, патлумачыў, што галоўнае ў яго рабоце — пастаянная канцэнтрацыя ўвагі:

— Калі на пляжы адпачывае шмат людзей, патрабуецца пастаяннае назіранне за імі. Нельга адцягвацца ні на размовы па тэлефоне, ні проста «сядзець» у ім.
Каб не страціць пільнасці, ратаўнікі працуюць па спецыяльна арганізаваным графіку дзяжурстваў.
Матрос-выратавальнік Аксана КАСТАГЛАДАВА таксама адзначае, што галоўная задача яе калег — кантроль за сітуацыяй на пляжы і прафілактыка парушэнняў:
— Трэба, напрыклад, сачыць за тым, каб ніхто не заплываў за буйкі. Калі нехта паводзіць сябе небяспечна, мы робім заўвагі праз рупар. Патрулюем таксама тэрыторыю пешшу, аб’язджаем акваторыю на маторнай лодцы. Да нашых заўваг адпачывальнікі звычайна прыслухоўваюцца і рэагуюць нармальна.
Каб нішто не сапсавала настрой
Да пачатку сезона рыхтаваліся не толькі выратавальныя службы, добраўпарадкавалі і месцы адпачынку.
— Асаблівая ўвага ў гэтым годзе была нададзена пляжу № 5 вадасховішча «Дразды», — расказала намеснік дырэктара УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка» Анастасія ДРАГУН. — Тут дэмантавалі састарэлае абсталяванне, адрамантавалі і пафарбавалі існуючыя аб’екты, усталявалі новыя элементы інфраструктуры.
На тэрыторыі пляжа з’явіліся пешаходная дарожка, якая злучае дзве веладарожкі, фотазона «Дразды-5», шэсць сучасных ценявых навесаў, чатырнаццаць душавых стоек, новыя кантэйнерныя пляцоўкі, урны для смецця. Берагавая лінія была дадаткова падсыпана пяском. Акрамя таго, арганізаваны работа гандлёвых павільёнаў, пракат пляжнага і спартыўнага інвентару.

...Летняе надвор’е ўжо прыцягвае на пляжы вялікую колькасць людзей. Купальны сезон толькі набірае абароты. Аднак ужо сёння відавочна: бяспека на вадзе дасягаецца не толькі дзякуючы прафесійнай рабоце выратавальнікаў. Многае залежыць ад паводзін саміх грамадзян. Менавіта сумесныя намаганні дазваляюць зніжаць колькасць няшчасных выпадкаў і рабіць адпачынак ля вады сапраўды бяспечным.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ