Праўда, у пятніцу будзе яшчэ не надта горача. У гэты дзень надвор’е ў Беларусі будуць вызначаць малаактыўны атмасферны фронт і няўстойлівая паветраная маса. Воблачна з праясненнямі. Месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы туман. Вецер заходні, паўднёва-заходні ўмераны, удзень парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 6 °C па ўсходзе да 15 °C па захадзе краіны. Днём будзе 17–23 °С. Атмасферны ціск істотна не зменіцца.
Пачне як след прыпякаць ужо ў суботу. У пачатку трэцяй дэкады верасня ўмовы надвор’я ў краіне будзе фарміраваць малаактыўны франтальны раздзел, які ссоўваецца ва ўсходнім напрамку. Услед за гэтым раздзелам пачне распаўсюджвацца вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў цёплай паветранай масе. Ноччу воблачна з праясненнямі, днём пераменная воблачнасць. Ноччу ў асобных раёнах краіны, днём месцамі па паўночна-ўсходняй палове пройдуць невялікія дажджы. У асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ў рамках 7–13 °C, па заходняй палове Беларусі да 15 °C. Днём да нас прыйдзе сапраўднае цяпло, калі максімальная тэмпература днём складзе ад 18 °C па паўночным усходзе да 27 °C па паўднёвым захадзе краіны.
У нядзелю наогул стане горача.
У гэты дзень захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску і цёплых паветраных мас. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёва-заходні ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу будзе ад 8 °C па паўднёвым усходзе да 16 °C па паўночным захадзе краіны, а днём — ад 22 °C па паўночным усходзе да 29 °C па паўднёвым захадзе і поўдні.
Сяргей КУРКАЧ