За апошнія чатыры гады лясгасы Мінскай вобласці абгарадзілі амаль 4 тысячы гектараў лясных культур. Пра гэта расказаў галоўны ляснічы Мінскага дзяржаўна-вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Максім Мігун, паведамляе SB.by.
Ён адзначыў, што апошнія гады аб’ёмы агароджы растуць. Гэта звязана з тым, што колькасць дзікіх жывёл у лясах павялічваецца. Так, напрыклад, у лясгасах Мінскага ДВЛГА зараз налічваецца каля 9 тысяч ласёў, 11 тысяч аленяў і 25,5 тысячы казуль. Ласі ў большай ступені любяць паласавацца маладымі дрэўцамі, асабліва хвоямі.
— Жывёлы ў лесе размеркаваны нераўнамерна. Ёсць участкі, дзе іх колькасць перавышае аптымальную. Таму там агароджваем культуры нават з першага года стварэння. Ёсць участкі, за якімі назіраем, і пры з’яўленні першых прыкмет патраў устанаўліваем загароду, — увёў у курс справы Максім Мігун.
Мэта — захаваць лес, а значыць, мінімізаваць выдаткі пры яго вырошчванні. Бо пасадка патрабуе ручной працы, дапаўненні пашкоджаных участкаў — новых сіл і сродкаў. Як правіла, толькі праз сем гадоў дрэвы, якія падраслі, могуць лічыцца лесам. Але і такія ўсё яшчэ застаюцца ў ліку далікатэсаў для жывёлін. Таму ў лясгасах імкнуцца абараніць будучы лес.
— Калі бачыш, што за восень і зіму дзікія жывёлы з’елі ўсю тваю працу, сэрца пачынае хварэць за справу. Таму стараемся максімальна гэтага не дапусціць, — падкрэсліў Максім Мігун.
Ёсць некалькі варыянтаў. Напрыклад, восеньская апрацоўка верхавін і бакавых парасткаў маладых соснаў спецыяльнымі прэпаратамі. Але на ўчастках, дзе шчыльнасць жывёл вялікая, гэта не заўсёды дае патрэбны эфект. Агароджванне жэрдкамі і піламатэрыяламі мае свае мінусы: доўга, працаёмка. Да таго ж недаўгавечна, што заканчваецца з’яўленнем захламленасці пасля падзення такіх загарод. Больш эфектыўны варыянт — металічная сетка. А менавіта яе варыянт — шарнірная: зверху вочкі большыя, знізу — меншыя.
— За ёй будучыня, — лічыць галоўны ляснічы Мінскага ДВЛГА.
Устанаўліваецца сетка хутка, вышыня яе 2,4 метра — верхавіны маладых дрэў не дастаць, можа прастаяць да 10 гадоў і выкарыстоўвацца паўторна.
— Штогод у Мінскай вобласці ствараем каля 5–5,5 тысячы гектараў лясных культур. На 2026 год ставім задачу абгарадзіць не менш як 2 тысячы гектараў — столькі было летась. Пры гэтым разумеем, што кожны год неабходна агароджваць каля 3 тысяч гектараў — імкнёмся да гэтай лічбы, — агучыў задачу Максім Мігун. — Плошчы работ у апошнія гады істотна выраслі. Калі ў 2022-м, калі толькі пачыналі агароджу, рабілі 200 гектараў, то ў 2025-м — у 10 разоў больш. Усяго за апошнія чатыры гады абгарадзілі без малога 4 тысячы гектараў, з іх сеткай — палову.
Пры гэтым летась каля 70 працэнтаў агароджы выканалі менавіта шарнірнай сеткай.
У Мінскім ДВЛГА просяць грамадзян з разуменнем паставіцца да сітуацыі, калі ім у лесе сустракаюцца абгароджаныя ўчасткі рознай плошчы.
— Так мы стараемся захаваць будучы лес, каб ён у далейшым цешыў нас і нашых дзяцей. Акрамя таго, лес — гэта каштоўны эканамічны рэсурс, які мы павінны вырасціць своечасова, — акцэнтаваў Максім Мігун.