Найлепшыя спектаклі краіны выберуць на VIII Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія», паведамілі БелТА ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
Конкурс праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Журы і гледачы ацэняць 37 пастановак ад 27 тэатральных калектываў з розных гарадоў краіны: Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна, Маладзечна, Бабруйска, Віцебска, Магілёва. Такая колькасць тэатраў за ўсю гісторыю конкурсу ўдзельнічае ўпершыню.
Канкурсанты будуць змагацца за перамогу ў намінацыях «Найлепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны», «Найлепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны», «Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва», «Найлепшы спектакль тэатра лялек», «Найлепшы оперны спектакль», «Найлепшы спектакль балета», «Найлепшы спектакль у жанры аперэта, музычная камедыя, мюзікл».
Па традыцыі мінскія тэатры пакажуць спектаклі на сваіх сцэнах, а іншагароднія — на сцэне Купалаўскага. Так, ужо 18 лістапада тэатр імя Янкі Купалы, які з’яўляецца дырэкцыяй Нацыянальнай тэатральнай прэміі, гасцінна сустрэне ў сябе першых удзельнікаў — артыстаў Беларускага тэатра «Лялька» з Віцебска з кранальным спектаклем «Дзюймовачка». Найлепшыя пастаноўкі ўзнагародзяць на сцэне Купалаўскага 3 снежня.