Выставы, віктарыны, інфармацыйныя ўрокі — па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта ўжо традыцыя, якой не адзін дзясятак гадоў. Ёсць яшчэ адна: напярэдадні і ў дзень, калі быў прыняты Асноўны Закон дзяржавы, беларускім школьнікам уручаюць іх галоўны дакумент — пашпарт. У гэты момант юнакі і дзяўчаты становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі, бяруць на сябе адказнасць за будучыню краіны.
Лепшым з іх, выдатнікам вучобы, актывістам, пераможцам спартыўных конкурсаў — пашпарты, а таксама экзэмпляр Канстытуцыі і кнігу «Наш Прэзідэнт» уручыў 14 сакавіка першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў. Мерапрыемства прайшло ў Палацы Рэспублікі ў рамках Усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!»
Віцэ-губернатар павіншаваў падлеткаў са знамянальнай падзеяй у іх жыцці, адзначыўшы, што яны — эліта краіны: «Сёння вы становіцеся паўнапраўнымі грамадзянамі нашай суверэннай краіны! Гэта значыць, што ўжо несяце адказнасць за яе развіццё, будучыню, — падкрэсліў Васіль Сысоеў. — Тут сапраўды сабраліся лепшыя з лепшых: у кожнага з вас за плячыма сур’ёзныя поспехі ў вучобе, алімпіядах, спорце. Як кажа наш кіраўнік дзяржавы — менавіта вам развіваць краіну, ад вас залежыць, якім шляхам яна пойдзе».
У Беларусі шмат увагі ўдзяляецца адукацыі, развіццю падрастаючага пакалення, адзначыў віцэ-губернатар. Нямала сродкаў укладваецца ў добраўпарадкаванне рэгіёна. «Будуюцца сады, школы, паліклінікі, бальніцы, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы. Гэта вынік працы людзей, якія вядуць Беларусь наперад. Гэта развіццё не павінна спыняцца, — упэўнены Васіль Сысоеў. — Мы шмат чаго дасягнулі, але калі спынімся, сыдзем у рэгрэс».
Сёння Беларусь ведаюць ва ўсім свеце. «Мы — найбуйнейшы вытворца сельскагаспадарчай прадукцыі, прычым нам трэба толькі 30 % з таго, што перапрацоўваем, — звярнуў увагу Васіль Сысоеў. — Запатрабаваная і наша прадукцыя машынабудавання. Гэта ўсё трэба працягваць. Я ўпэўнены, што мы перадаем беларускую дзяржаву ў надзейныя рукі: галоўнае, каб вы выбралі сваю дарогу ў жыцці, рэалізаваліся. А магчымасці для гэтага ёсць, і нямала. Стаўце перад сабой мэты — і вы абавязкова іх дасягніце. У гэтым вам дапамогуць педагогі, бацькі».
Васіль Сысоеў упэўнены: сярод дзяцей, якіх сёння запрасілі ў Палац Рэспублікі, ёсць будучыя старшыні райвыканкамаў. «А, можа, нават і губернатар Мінскай вобласці, — усміхнуўся першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама. — Поспехаў вам на гэтым шляху, моцнага здароўя! Упэўнены, што ў вас усё атрымаецца!»
Пасля ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў з словам у адказ выступіў гімназіст з Дзяржынска Ілля Змачынскі: «Вельмі ганарова і хвалююча атрымліваць пашпарт напярэдадні важнага для ўсіх беларусаў Дня Канстытуцыі. І ўдвая прыемна, што самы важны дакумент грамадзяніна мы атрымліваем у 80-годдзе Вялікай Перамогі. Мы ўдзячныя нашым продкам, якія заваявалі для нас мірнае неба над галавой. Дзякуючы іх подзвігу мы жывем у свабоднай краіне, дзе кожны ўпэўнены, што яго жыццё і правы надзейна абаронены. Беларусь —мірная, квітнеючая краіна з багатай гісторыяй, культурай, традыцыямі, якія мы абяцаем свята пачытаць і берагчы, падтрымліваючы такім чынам сувязь часоў і пакаленняў. Беларусь славіцца сваімі людзьмі, прыродай, парадкам. І ў Год добраўпарадкавання, і ў наступныя стваральныя гады будзем наводзіць парадак на малой радзіме. Рабіць усё магчымае для падтрымання і памнажэння дасягненняў любімай дзяржавы».
Малады чалавек падзякаваў Васілю Сысоеву за магчымасць прыехаць у Мінск, атрымаць пашпарт у святочнай абстаноўцы і ад імя ўсіх дзяцей падарыў віцэ-губернатару кнігу «Наш Прэзідэнт». Дарэчы, Ілля — фанат роднай Дзяржыншчыны, у добрым сэнсе слова. Ведае пра малую радзіму калі не ўсё, то вельмі многае — даказваў гэта на абласных і рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсах, займаючы першыя месцы. А яшчэ Ілля захапляецца паляваннем і рыбалкай, у вольны час займаецца ў тэатральнай студыі «Маяк». «У мяне шмат інтарэсаў. Гэта выдатна, калі можна спрабаваць сябе і ў творчасці, і спорце. У моладзі сёння сапраўды магчымасцяў маса, было б жаданне да нечага імкнуцца!» — адзначыў хлопец.
Сярод 22 шчасліўчыкаў, якім уручылі пашпарты ў Палацы Рэспублікі — і вучань гімназіі № 7 Маладзечна Аляксей Канецкі. Хлопец, паводле яго слоў, марыць звязаць жыццё з хіміяй: «Самы класны школьны прадмет! Летась удзельнічаў у алімпіядзе па хіміі, сёлета зноў паспрабаваў свае сілы. У выніку стаў першым у раёне, у вобласці — 14-м. Ёсць да чаго імкнуцца! Хачу пасля школы паступіць у БДУ, на хімічны факультэт».
Пра тое, што атрымліваць пашпарт будзе ў Мінску, школьнік даведаўся ад настаўнікаў. «Вельмі хвалюючы момант. Па-першае, прыемна, што я адзіны ад раёна, каму ўручылі пашпарт у Палацы Рэспублікі. І плюс — сёння я стаў грамадзянінам Беларусі, у мяне з’явіліся правы. Цяпер за многае нясу адказнасць. Перад сям’ёй, маёй малой радзімай, краінай».
Алег Юрчанка, вучань школы № 2 Мар’інай горкі ўжо 4 гады «хварэе» шахматамі. Заваяваў усё, што толькі магчыма. «Я крыху хвалююся. Па-першае, таму што сёння такая важная падзея ў маім жыцці. Па-другое, цяпер я не проста малады чалавек, я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Гэты дзень стане адпраўной кропкай у маім дарослым жыцці. Я паспрабую быць годным грамадзянінам, уносіць свой уклад у развіццё Беларусі і рабіць усё магчымае для яе росквіту».
Пасля афіцыйнай часткі школьнікі адправіліся на экскурсію ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Цэнтральную выбарчую камісію.
Фота тэлеграм-канала «Мінская вобласць І Пра галоўнае».