Сёлета ўпершыню ў студатрадаўскім руху пройдзе праект «Дзяўчына ў байцоўцы». Пра гэта журналістам паведаміла камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Анастасія Яленская, перадае карэспандэнт БелТА.
У гэтым годзе ўдзельнікаў студатрадаў чакаюць праекты да Года беларускай жанчыны і юбілейных дат. «З 215 студатрадаў 111 узначальваюць дзяўчаты. Раней яны больш адказвалі за камісарскую работу, дружалюбныя адносіны, сямейнасць, ачаг. Але цяпер дзяўчаты ўскладаюць на сябе розныя ролі, у тым ліку і камандзірскія. Прыемна, што яны смела бяруць на сябе такія функцыі. Наш новы праект «Дзяўчына ў байцоўцы» будзе прысвечаны самым актыўным прадстаўніцам прыгожага полу ў студатрадаўскім руху. У рамках праекта запланаваны цыкл сустрэч у фармаце адкрытых дыялогаў — рабяты будуць запрашаць жанчын-байцоў студэнцкіх атрадаў, ветэранаў руху. Таксама мы правядзём некалькі квізаў, прысвечаных як вядомым беларускім жанчынам, так і жанчынам у студатрадаўскім руху», — расказала Анастасія Яленская.
Яшчэ адным знакавым мерапрыемствам стане праект «Іх імёнамі названы студэнцкія атрады». «У рамках яго новым атрадам прысвояць імёны жанчын-вызваліцельніц, Герояў Савецкага Саюза, удзельніц Вялікай Айчыннай вайны, кавалераў ордэна Славы. Удзельнікі гэтых студатрадаў будуць вывучаць біяграфію сваіх герояў, выязджаць у музеі, аднаўляць помнікі», — праінфармавала камісар штаба. Акрамя таго, пяцігадовы юбілей адзначыць працоўны праект «Аўтазаводзец».
«У цэлым у студатрадаўскім руху сёлета застануцца традыцыйныя лінейкі, спеўкі, конкурсы і канцэрты. Хочацца падкрэсліць, што студэнцкі атрад — гэта не працоўная брыгада, куды рабяты прыходзяць, каб зарабіць грошы. Так, гэта вельмі важны аспект. Але перш за ўсё гэта калектыў, дзе фарміруюцца будучыя прафесійныя і сяброўскія адносіны», — дадала Анастасія Яленская.