Святочнае шэсце, прэзентацыі падворкаў і падарункі гарпасёлку
Да галоўнай аграрнай падзеі года раённы цэнтр падрыхтаваўся грунтоўна: у падарунак жыхарам і гасцям Лельчыц адкрыты новыя сацыяльна значныя аб’екты. Сярод іх — кацельня, якая павышае энерганезалежнасць раёна, капітальна адрамантаваныя тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і аўтастанцыя, а таксама новы шматкватэрны дом для спецыялістаў, асабліва запатрабаваных у эканоміцы.
Каб падзяліць радасць свята аграрыяў з жыхарамі Лельчыц і прыняць удзел у фестывалі працаўнікоў вёскі на абласныя «Дажынкі» Гомельшчыны прыехалі ганаровыя госці: кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і яго намеснікі, намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, член Савета Рэспублікі, страшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, а таксама дэлегацыя з Бранскай вобласці.
Асаблівая ўвага ў гэты дзень — ушанаванню герояў жніва Гомельшчыны, чыя самаадданая праца дазволіла ўпэўнена пераступіць планку ў мільён тон збожжа і зрабіць паўднёва-ўсходняму рэгіёну свой унёсак ў рэспубліканскі каравай. Дэлегацыі раёнаў, прадстаўнікі гаспадарак рэгіёнаў прывітаюць удзельнікаў ўрачыстага шэсця — перадавікоў уборачнай кампаніі.
Праграма свята запрашае жыхароў і гасцей Лельчыц абавязкова наведаць тэматычныя падворкі раёнаў Гомельскай вобласці. Гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з унікальнай прадукцыяй і культурай прадстаўнікоў розных куткоў Гомельшчыны. Падарункі да свята сёння ў тым ліку — урачыстае адкрыццё новага аддзялення ЗАГС і шматфункцыянальнай дзіцячай пляцоўкі.
На цэнтральнай плошчы гарпасёлка ўдзельнікаў і гасцей свята запрашаюць на дэгустацыю прадукцыі «Гомельскай мяса-малочнай кампаніі».
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна».