Top.Mail.Ru

Легендарны паляшук нарадзіўся 180 гадоў таму

«Звычайна ж ён быў чалавек сталы, ураўнаважаны і разважлівы, хоць, праўда, да пэўнай граніцы. Быстрыя цёмныя вочкі яго пазіралі ўдумліва, але ў іх часамі блукаў і затоены агеньчык, гатовы разгарэцца ў адпаведныя мінуты цэлым пажарам рашучых учынкаў».


Так апісаны адзін з самых пазнавальных персанажаў беларускай літаратуры — дзед Талаш, герой аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», надрукаванай 90 гадоў таму. Можам мы бачыць яго і ў бронзавым выглядзе на плошчы Якуба Коласа. Магутны вобраз беларуса, яскравы прыклад нацыянальнага характару. Гаспадарлівы паляшук, дужы і дасціпны, з нязломным пачуццём годнасці, які не жадае цярпець здзекі захопнікаў. 

Яму было больш за семдзесят гадоў, калі арганізаваў і ўзначаліў партызанскі атрад у тры сотні чалавек і з боем вызваліў ад белапалякаў родныя Навасёлкі. А калі на родную зямлю зноў прыйшлі ворагі, на гэты раз нямецка-фашысцкія акупанты, другі раз пайшоў у партызаны, хоць меў ужо сто гадоў ад веку... Нехта мог бы падумаць — пісьменніцкая фантазія... Аж не — не выдуманы персанаж, а рэальны чалавек, які нарадзіўся 180 гадоў таму, 25 снежня 1844 года, яшчэ ў часы прыгону. Якуб Колас, які шукаў сюжэты для новых твораў, не мог прайсці паўз такую асобу, прачытаўшы пра мужнага старога партызана ў газетах.

Тры ці пяць?

Цікава, што Колас пісаў «Дрыгву», ні разу не спаткаўшыся з прататыпам галоўнага героя.

«Упершыню сустрэўся з героем сваёй аповесці ў Мінску, у будынку Акадэміі навук. Гэта было ў 1934 годзе, пасля таго, як аповесць была выдадзена. Дзед Талаш прачытаў яе і вырашыў убачыць мяне. Мы гаварылі з ім пра аповесць. Дзед крыху крытыкаваў мае пралікі. Так, напрыклад, у аповесці дзед названы Рыгорам. На самай жа справе яго завуць Васілём (Ісакавічам). Я пераблытаў і імёны яго сыноў. Ён таксама не быў згодзен са мной і ў тым, што ён збег ад трох канваіраваўшых яго польскіх салдат. Дзед упарта стаіць на тым, што іх было пяць...»

У 1937-м на аснове аповесці ствараецца п’еса «У пушчах Палесся», у 1939-м кампазітар Анатоль Багатыроў напісаў на яе аснове оперу. 

Дырэктар Мінскага тэатра оперы і балета Оскар Гантман успамінаў: «Аднойчы, калі ішла рэпетыцыя партызанскай сцэны, у цёмную глядзельную залу Якуб Колас увайшоў не адзін: побач з ім быў невысокі, ужо зусім сівы, але яшчэ моцны, каржакаваты стары. Пісьменнік клапатліва пасадзіў свайго спадарожніка ў мяккае крэсла. Дзед Талаш у той час падказаў мастаку правільнае афармленне сцэны, з задавальненнем слухаў многія арыі, асабліва — «Люблю я прыволле...».

«Пламя бьет из-под бровей»

Другі раз дзед Талаш пайшоў у партызаны ў канцы 1942 года, пабываўшы перад гэтым у фашысцкіх засценках. А ў студзені 1943-га з партызанскага аэрадрома яго пераправілі ў Маскву. Было самаму старэйшаму беларускаму партызану тады 99 гадоў. Дзед Талаш зрабіўся сімвалам няскоранасці беларускага народа, сімвалам народнага супраціўлення захопнікам. Характар у старога быў моцны, асобай ён быў неардынарнай і цалкам упісаўся ў кагорту вядомых беларусаў, што працавалі на Перамогу. Скульптар Заір Азгур піша пра той час: «Отчетливо помню Москву в полумраке светомаскировки. Патрули. Проверки пропусков. Баррикады на окраинах. Витрины на Тверской и на Арбате, укрытые стенами мешков с песком... Утренние проходы по улицам девчат в солдатской форме, ведущих словно под уздцы огромные аэростаты воздушного заграждения. И в мелькании лиц прохожих вижу деда Талаша, Петра Глебку, Ларису Александровскую, Николая Аладова».

Успаміны дапамогуць Азгуру, калі будзе працаваць над скульптурнай кампазіцыяй на плошчы Якуба Коласа.

Захаваўся здымак, як дзед Талаш і Якуб Колас разам п’юць гарбату ў нумары атэля «Якар». Колас пісаў жонцы: «Я гляджу на яго сялянскі воблік, і мне з ім весялей».

Васіль Талаш стаў не проста гістарычнай асобай — пра яго існуе шмат неверагодных гісторый і баек, некаторыя ён расказваў сам. Напрыклад, калі стагадовы партызан жыў у маскоўскім атэлі, яму настойліва ўсе раілі нікуды не выходзіць аднаму: усё-ткі такі паважаны ўзрост, а тут шматлюдны горад... Стары паляшук раззлаваўся: у пушчах не блудзіў! Пайшоў на шпацыр... І ўсё-ткі заблукаў. Ды яшчэ і назву атэля забыўся. 

А хутка выступаць перад салдатамі, што адпраўляюцца на фронт... І вось падыходзіць дзед да нейкага мінака: «Даражэнькі, а дзе тут у Маскве дзед Талаш спыніўся? Хачу з ім пагутарыць». — «Ну як жа, вунь там жыве, у атэлі „Якар“. А што, вы з ім знаёмыя?» — «Ды ўжо амаль сто гадоў як знаёмыя», — адказаў задаволены дзед і накіраваўся ў свой нумар.

Пражыў Васіль Ісакавіч Талаш 102 гады — кажуць, прырода родная сілы давала. А пісаў пра яго не толькі Якуб Колас. Паэт Аляксей Суркоў падчас вайны напісаў прысвечаны яму верш, дзе ёсць такія радкі:

«Дед Талаш не горбит спину,

Пламя бьет из-под бровей,

В бой за родную краину 

Дед скликает сыновей».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю