Рэгулярныя аўтобусныя зносіны з нашай краінай Латвія вырашыла спыніць у аднабаковым парадку. З 1 лютага ўжо перастаў курсіраваць папулярны рэйс Рыга—Віцебск, на чарзе іншыя. Разбіраемся, што стала прычынай непрадаўжэння перавозчыкам ліцэнзій.
Прывід камунізму (ці чаго паболей) гуляе па Еўропе і палохае мясцовых жыхароў. Нават не Еўропы, а тых, хто жыве на яе задворках — у Прыбалтыцы.
У Латвіі, напрыклад, так спалохаліся эфекту ад паездак з «райскага саду» сваіх грамадзян у прыстанак зла ў іх уяўленні, ці да нас з вамі — у гасцінную Беларусь, што вырашылі заблакіраваць ім усе магчымасці для рэалізацыі гэтага права. Нядаўна стала вядома, што Латвія спыняе рэгулярныя аўтобусныя зносіны з Беларуссю. Якім чынам? Вельмі проста — перавозчыкам не прадаўжаюць ліцэнзіі.
Дарэчы, раней улады краіны-суседкі ўжо забаранілі нерэгулярныя, то-бок турыстычныя, пасажырскія (экскурсійныя) перавозкі аўтобусамі праз граніцу з Беларуссю і Расіяй (ну куды ж без яшчэ аднаго дэмана!).
А трапіць у Латвію могуць толькі тыя беларусы і расіяне, у каго ёсць грамадзянства краін ЕС або ВНЖ.
Пазней у Латвіі дапусцілі магчымасць адмены і рэгулярных аўтобусных рэйсаў, менавіта таму кампаніям проста не прадаўжаюць дазволы на рэгулярныя пасажырскія перавозкі. Так, з 1 лютага ўжо няма папулярнага рэйса па маршруце Рыга—Віцебск. На чарзе іншыя: з 26 лютага знікнуць маршруты ў Мінск, з 27 чэрвеня — у Гомель.
Поўная адмена аўтобусных зносін з Беларуссю і Расіяй, на думку латвійскіх улад, нібыта ўмацуе нацыянальную бяспеку і «знізіць рызыкі для латвійскіх падарожнікаў». Пра гэта заявіла прэс-сакратар МЗС краіны.
Што датычыцца ўмацавання нацбяспекі, то Латвіі, сапраўды, ёсць чаго баяцца: праўда пра жыццё ў Беларусі не выгадна тутэйшым уладам, якія малююць усходняга суседа такім жудасным дэманам, які хапае людзей на вуліцах, вярбуе або адразу кідае ў каталажку. Плюс заходняя прапаганда, якая трубіць пра тое, што заходнія санкцыі паклалі на лапаткі нашу эканоміку, мы тут усе апухлі з голаду і апошніх лясных вожыкаў даядаем, ніяк не вяжацца з рэаліямі. Якое ж здзіўленне заходніх турыстаў, калі яны бачаць у Беларусі зусім іншае жыццё, што адрозніваецца ад навязанага вобраза прапагандысцкай машынай: шчаслівую, спакойную, упэўненую, мірную... І гэту нявыгадную латвійскім уладам карцінку за час дзеяння бязвізавага рэжыму з нашай краінай ужо ацаніла больш за 400 тысяч грамадзян Латвіі. І гэта нямала, скажу я вам. Лічбу смела можна памнажаць на 4-5, каб зразумець маштаб той «праўды» (бо ў кожнага, хто пабываў у нас , ёсць сям’я, сябры, сваё кола зносін, з якімі захочацца абмеркаваць убачанае ў нашай краіне). А гэта ўсё падрывае давер да мясцовых улад. Пра свабоду слова ў дадзеным выпадку гаварыць не даводзіцца, для заходняй цэнзуры — гэта іншае...
Што да бязвізавага рэжыму ў цэлым, то гэта вельмі добры інструмент народнай дыпламатыі, і мы ўмела ім карыстаемся. Па даных Дзяржпагранкамітэта, з 1 студзеня 2025 года ў Беларусь прыбылі 10 240 замежных грамадзян з 38 краін, уключаных у спіс бязвізу. Большасць падарожнікаў прыехала з суседніх Літвы, Латвіі і Польшчы.
Дарэчы, усяго з 15 красавіка 2022 года (дзень увядзення бязвізавага парадку ўезду ў Беларусь для грамадзян Літвы і Латвіі, а таксама асоб, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі, з 1 ліпеня 2022 года — для грамадзян Польшчы) Беларусь наведалі 1 268 409 жыхароў Еўропы. Так, з Латвіі прыбылі 407 976 чалавек, з Літвы — 665 948, з Польшчы — 134 823. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь заехалі 59 662 чалавекі.
Сур’ёзныя лічбы, калі шчыра. Нашы госці, якім мы заўсёды рады, на свае вочы змаглі ўбачыць узровень жыцця ў нашай краіне, пераканацца ў гасціннасці і шчырасці беларусаў, ацаніць наяўнасць і якасць беларускіх тавараў, адзначыць высокі ўзровень развіцця інфраструктуры і многае-многае іншае — тое, што мы называем сацыяльная дзяржава ў дзеянні.
Журналіст з Латвіі: латышы едуць у Беларусь па свабоду, а з'язджаюць вялікімі фанатамі ўсяго беларускага
Такім меркаваннем з карэспандэнтам БелТА падзяліўся экс-дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі, медыяэксперт, журналіст Андрэй Мамыкін.
Былы дэпутат Еўрапарламента адзначыў, што палітычная недальнабачнасць і непісьменнасць латвійскіх улад заўсёды дрэнна адбіваецца на народзе, які гэту ўладу ўтрымлівае на свае падаткі і ў якога няма магчымасці такую ўладу выправіць, так што ўпраўленцы заўсёды будуць выцягваць са сваіх грамадзян грошы, зневажаць і здзекавацца з іх. Медыяэксперт расказаў, навошта жыхары Прыбалтыкі і, у прыватнасці, Латвіі ездзяць у нашу краіну.
— Рэспубліка Беларусь дабілася вельмі вялікіх і пазітыўных поспехаў, калі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прыдумаў увесці так званы турыстычны бязвіз. Ужо не дзясяткі, а сотні тысяч чалавек з Латвіі, Літвы, Польшчы і нават Эстоніі прыязджаюць у Беларусь і з’язджаюць самымі вялікімі фанатамі беларускага ладу, дзяржаўнасці, улады, народа. Таму што, па-першае, у адрозненне ад краін Прыбалтыкі, дзе ёсць жорсткая цэнзура, у Беларусі яе няма.
А па-другое, потым, атрымаўшы гэтыя ўражанні, на кухні так прыемна распавядаць сваім сябрам, як у Беларусі жывуць насамрэч. Чаму ў беларусаў рахункі за электрычнасць разоў у 10 ніжэйшыя, чым у Рызе. Чаму ў іх не толькі танныя, але і вельмі смачныя прадукты. Чаму ў іх імпланты зубныя, якія ў Еўропе каштуюць 20 тысяч еўра, можна паставіць у 10 разоў танней. Не буду пералічваць усё, Беларусь у многіх галінах знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях, — адзначыў ён.
Андрэй Мамыкін падкрэсліў, што такая свабода перамяшчэння і знаёмства з суседняй краінай не задаволіла ўлады Латвіі.
— За беларускай вітрынай, глытком беларускага паветра і свабодай людзі ездзілі на звычайных рэйсавых аўтобусах міжнародных зносін. І таму ўлады Латвіі спалохаліся, зразумелі, што размываецца створаны імі вобраз таталітарнага ворага, дыктатара Лукашэнкі, дракона беларускіх фермераў і пачвары беларускіх жанчын, і ім трэба было тэрмінова вярнуць усё назад. Латвійскія ўлады казалі пра беларусаў, што гэта ворагі, хочуць на нас, латышоў, напасці, разарваць на шматкі. А тут сотні тысяч чалавек, аб’ектыўна, пабывалі за некалькі гадоў у Беларусі, і яны кажуць: «Вы нам хлусіце, там і блізка не так». Далей, як у фільме «Брыльянтавая рука»: «не будуць браць — адключым газ», — таму што былі транспартныя зносіны, плынь была, і вось таму трэба людзям проста забараніць ездзіць, — мяркуе журналіст.