Top.Mail.Ru

Кветкі... і парадак: як Мінск рыхтуецца да галоўнага жаночага дня

Да галоўнага вясновага свята засталося зусім мала часу, і сталіца актыўна рыхтуецца сустракаць Міжнародны жаночы дзень. Мінгарвыканкам нагадвае выразныя правілы гульні для гандляроў кветкамі: парадак на пунктах стане абавязковай умовай, а не пажаданнем. 


Як патлумачыла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная, фізічныя асобы і прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія плануюць ажыццяўляць гандаль кветкамі ў перадсвяточныя дні і непасрэдна 8 Сакавіка, павінны сачыць за чысцінёй свайго гандлёвага месца пасля заканчэння работы. 

Спецыяліст расказала, што кветкавая прадукцыя ў працэсе рэалізацыі прадугледжвае наяўнасць пэўнай колькасці смецця — сцёблы, лісце, пялёсткі і гэтак далей. Яна настойліва просіць удзяліць асаблівую ўвагу гэтаму пытанню. «Усе прыязджаюць у прыгожы, чысты, дагледжаны горад. Вельмі хочацца, каб пасля вашай работы, па заканчэнні святочных мерапрыемстваў горад такім жа і заставаўся», — сказала яна.

У выпадках выяўлення фактаў парушэння парадку, дазвол на гандаль будзе ануляваны. І мясцовы выканаўчы орган мае права прымаць рашэнні аб ануляванні дазволаў.

Начальнік закранула тэму гандлю праз сацыяльныя сеткі. «У святочныя дні, калі павышаным попытам карыстаецца кветкавая прадукцыя, натуральна, што на пэўныя віды букетаў альбо на асобныя кветкі цэны ўзрастуць. Прадаўцы карыстаюцца момантам, а людзі, зразумела, хочуць набыць танней. Таму хочам папярэдзіць нашых жыхароў сталіцы, гасцей, якія карыстаюцца паслугамі Telegram, Instagram і праз іх будуць набываць кветкавую прадукцыю, звяртаць асаблівую ўвагу на наступныя моманты: у такіх прадаўцоў павінна быць уся неабходная інфармацыя, згодна з заканадаўствам, — назва суб’екта, УНП, юрыдычны адрас, узор аплатнага дакумента», — патлумачыла Алена Нагорная.

Яна дадала, што ў махляроў ёсць пэўная сезоннасць, і яны не ўпусцяць магчымасці скарыстацца святочным настроем карыстальнікаў. «Таму не трапляйцеся на вуду, каб пасля не было балюча і крыўдна, а нам разам з органамі ўнутраных спраў не прыйшлося аказваць садзейнічання ў пошуках вашых грошай». 

Акрамя таго, начальнік спынілася на пытанні стыхійнага гандлю кветкавай прадукцыяй. «У перыяд актыўнага продажу ў святочныя дні ў сталіцы актывізуюцца і фізічныя асобы, якія нелегальна ажыццяўляюць гандаль. Звычайна найбольш масавымі месцамі з’яўляюцца падземныя пераходы станцыі метрапалітэна. Загадзя хачу нагадаць, што сумесна з інспекцыяй па падатках і зборах па горадзе Мінску і з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў, раённымі адміністрацыямі будуць ажыццяўляцца рэйдавыя мерапрыемствы». 

Яна папярэдзіла, што па факце незаконнай рэалізацыі кветкавай прадукцыі наступае адміністрацыйная адказнасць — штраф да 50 базавых велічыняў. Алена Нагорная сардэчна запрасіла ўсіх, хто хоча зарабіць на святы і прадаваць сваю кветкавую прадукцыю, на рынкі сталіцы, дзе будзе дастатковая колькасць месцаў для такіх мэт. Так што павіншаваць любімых жанчын з 8 Сакавіка можна будзе прыгожа і, галоўнае, законна.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю