Следчым упраўленнем УСК па горадзе Мінску ўстаноўлены абставіны крымінальнай справы аб махлярстве ў асабліва буйным памеры, звязаным з продажам нерухомасці і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Пра гэта паведамляе Група па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па горадзе Мінску.
Па даных следства, жыхар сталіцы з 2007 па 2024 год пераконваў грамадзян даверыць яму продаж іх сталічных кватэр. Ён абяцаў на атрыманыя сродкі набыць для іх больш таннае жыллё ў сельскай мясцовасці, а розніцу ў цане вярнуць наяўнымі. На справе ж мужчына меў выключна ўласныя карыслівыя мэты.
Адной з першых ахвяр стала беспрацоўная жыхарка сталіцы, якая вядзе асацыяльны лад жыцця. Ашуканец арганізаваў, кантраляваў і фінансаваў заключэнне дагавора куплі-продажы кватэры паміж жанчынай і фіктыўным пакупніком. Гэтую ролю ён даручыў свайму брату, які не падазраваў аб злачынных намерах сваяка.
Пасля афармлення фіктыўнай здзелкі абвінавачаны знайшоў рэальных пакупнікоў, а на атрыманыя грошы набыў дом у вёсцы Маладзечанскага раёна, куды і перавёз падманутую жанчыну. Астатнія сродкі ён прысвоіў. Праз некаторы час жанчына памерла, так і не даведаўшыся, што фактычна перадала сваё жыллё бясплатна — разлік па здзелцы існаваў толькі на паперы.
У 2018 годзе аферыст прыцягнуў да злачыннай дзейнасці свайго сына. Іх мэтай стала яшчэ адна сталічная кватэра, у якой пражывалі састарэлая жанчына і яе сын, які пакутуе на псіхічнае захворванне. Па ўказанні бацькі яго сын павінен быў рэгулярна наведваць сям’ю, прывозіць прадукты і дэманстраваць клопат, каб заваяваць давер.

Мужчына стаў частым госцем у сям’і, і аднойчы жанчына паскардзілася яму на канфлікт з суседзямі. Гэтым ён скарыстаўся, пераканаўшы яе абмяняць кватэру і пераехаць за горад, запэўніваючы, што там будзе больш спакойна.
Калі высветлілася, што аформіць дакументы з-за стану здароўя сына інваліда немагчыма, арганізатар злачыннай схемы прыцягнуў знаёмага натарыуса. Той, нягледзячы на відавочную недзеяздольнасць мужчыны, незаконна засведчыў яго згоду на здзелку.
Па «шчаслівым» збегу абставінаў у новай жонкі абвінавачанага мелася нерухомасць у Мінскай вобласці, якая дасталася ёй у спадчыну. Менавіта на гэтую кватэру і абмянялі жыллё пацярпелых. У дагаворы фігурант паказаў раўназначны кошт маёмасці, што не адпавядала рэчаіснасці, жыллё ў вобласці на самай справе ацэньвалася ў пяць разоў танней.
Следствам таксама ўстаноўлена, што па аналагічнай схеме мужчына падмануў шасцярых мінчан. Яго ахвярамі станавіліся ўласнікі жылля, якія злоўжываюць алкаголем або апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ці не здольныя ў сілу ўзросту і стану здароўя ўсведамляць тое, што адбываецца. Дзейнічаючы як у адзіночку, так і сумесна з сынам, яны завалодалі кватэрамі і грашовымі сродкамі пацярпелых на суму звыш 200 тысяч рублёў.
Следчымі праведзена карпатлівая работа, устаноўлены і дапытаны пацярпелыя, іх прадстаўнікі, сведкі, канфіскавана і агледжана дакументацыя, назначаны экспертныя даследаванні, заключэнні якіх далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы.
Нягледзячы на даўнасць падзей і адмову ад дачы паказанняў адным са зламыснікаў, супрацоўнікам сталічнага следства ўдалося ўстанавіць усю карціну здарэння і пацвердзіць дачыненне абвінавачаных да ўчынення ашуканскіх дзеянняў.
Пры вывучэнні асоб фігурантаў устаноўлена, што малодшы ўдзельнік раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за збыт наркатычных сродкаў.
Бацьку і сыну прад’яўлены абвінавачанні па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, натарыусу прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, якое прывяло да цяжкіх наступстваў) Крымінальнага кодэкса.
У 2025 годзе суд пастанавіў абвінаваўчы прысуд і прызначыў 55-гадоваму мужчыне пакаранне ў выглядзе 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго сыну — 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Натарыусу прызначана пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады і займацца натарыяльнай дзейнасцю на 5 гадоў.