У свой час яна заснавала першую ў Маладзечне школу бальнага танца. Пазней стала першай жанчынай-кавалём у Беларусі. У яе ёсць правы на кіраванне суднам і дыплом электрагазазваршчыка. А яшчэ яна прафесійны ландшафтны дызайнер. Займалася конным спортам, веласпортам, фехтаваннем... І гэта далёка не ўсе яе захапленні.
Па волі лёсу
Я даўно марыла пазнаёміцца з гэтай жанчынай асабіста. І вось мы ў Маладзечне. Каля майстэрні нас сустракаюць Говард і Геральдыка.
А ўсяго ў Аксаны Кірылюк 5 коней і 10 сабак. Гэта яе «група падтрымкі».
Аксана Васільеўна вядзе нас у кузню і паказвае, з чаго пачынаецца звычайна яе праца тут, з якім інструментам ёй даводзіцца мець справу. Упэўненыя прыгожыя рухі мімаволі зачароўваюць. Адчуваецца, што яна ў сваёй стыхіі. Ніколі не думала, што жанчына-каваль можа быць такой эфектнай.
— Прызнайцеся, вы па сваёй прыродзе — лідар, вам падабаецца быць першапраходцам? — адразу задаю пытанне, якое мяне хвалюе з таго часу, як я даведалася пра жанчыну-каваля ў Маладзечне.

— На маёй карце светаадчування няма такіх паняццяў, як усвядомленае лідарства, — адказвае мая суразмоўніца. — Калі адчуваю ўнутраны водгук на нешта, загараюся, бяру і раблю, прытрымліваючыся няхітрай парады: «Калі хочаш зрабіць добра, зрабі гэта сам». У свой час мне хацелася навучыцца танцаваць, а ў Маладзечне не было добрай школы бальнага танца, вось я і стварыла яе. А кузню стварыла па волі выпадку.
Выпадак заключаўся ў тым, што ў коннай школе, дзе яна займалася, вырашылі спісаць і адвезці на мясакамбінат маладую цяжарную Галубіку. Аксана Кірылюк расцаніла гэта як вялізную несправядлівасць, і, ратуючы жывёліну, забрала яе да сябе.
— Калі ў цябе ёсць коні, неабходна памяшканне для іх утрымання. Там адразу з’яўляецца неабходнасць у электрагазазварцы. Знайсці тых, хто выконвае такія паслугі якасна і своечасова, вельмі няпроста. Вось і вырашыла асвоіць патрэбныя навыкі сама, каб нікога не прасіць, — расказвае Аксана Васільеўна. — Падчас вучобы мы праходзілі практыку ў чыгуначным дэпо, дзе была прамысловая кузня, куды я і зазірнула. Гэта і стала пераломным момантам. На наступны дзень у мяне ўжо быў падручнік каваля савецкага ўзору. Вывучыла пытанне. Адчула каласальны творчы патэнцыял кавальскай справы. Занялася ёй, проста захлёбваючыся ад захаплення! І мяне зусім не хвалявала, першая я на гэтым шляху ці дзясятая.
«Я не рамеснік, а мастак»
І вось ужо 20 гадоў Аксана Кірылюк працуе кавалём. Гэта праца нараджае ў ёй велізарную колькасць займальных разважанняў, новых вобразаў, ідэй.
— Для мяне коўка — гэта творчасць. Я не рамеснік, а мастак, — тлумачыць Аксана Кірылюк сваё стаўленне да працы. — А мастак — гэта ўнутраны стан, светаўспрыманне. Маё сэрца б’ецца хутчэй ад прадчування працэсу стварэння прыгажосці!

Якіх толькі заказаў не даводзілася ёй выконваць — ад невялікіх свяцільнікаў да лесвіц у тры паверхі. Аднойчы трэба было зрабіць вялікія вароты. Тэрміны адразу былі агавораны, але Аксану падвялі з мантажом кавальскага молата. Каб не парушаць дамову, яна ўручную кувалдай на працягу некалькіх тыдняў штодня па 8 гадзін біла масіўнае жалеза. Усё зрабіла своечасова. Няўжо гэта забудзеш?!
— Такая цяжкая праца напэўна адбіваецца на вашым здароўі. Ці не плануеце ў перспектыве заняцца нечым больш фізічна лёгкім? — цікаўлюся я.
— Нейкія непазбежныя наступствы працы ў каваля, безумоўна, ёсць, — згаджаецца яна. — Але ў каго прафесійныя намаганні не адбіваюцца на здароўі? Пакуль задавальненне і радасць ад творчага працэсу з лішкам перакрывае «пабочныя эфекты». Хоць, безумоўна, разумею: некалі паўнавартасна працаваць у кузні не змагу. Ну што ж — буду больш часу прысвячаць ландшафтнаму дызайну, якім таксама займаюся з энтузіязмам.
«Хацець — значыць, магчы»
Чым больш мы размаўляем, тым больш у мяне мацнее перакананне: у гэтай жанчыны атрымліваецца ўсё, за што б яна ні бралася.
— Так, у маім жыцці не было такога, каб я ўзялася за нейкую справу, і нічога не выйшла, — пацвярджае Аксана Васільеўна. — «Хацець — значыць, магчы». Шмат разоў праверыла гэта на практыцы і ведаю: працуе. Калі ёсць гарачае жаданне, усё пераадолееш. Памятаю, калі ў мяне з’явіліся коні, трэба было кожны дзень чысціць канюшню, выгульваць іх па 8 гадзін на павадку, і мышцы проста «стагналі». Але паступова ўцягнулася. І ў кузні спатрэбілася месяцы два, каб адаптавацца.

Для Аксаны Кірылюк выраз «Кожны чалавек — каваль свайго шчасця» — аксіёма. Толькі лянота і страх, на яе погляд, перашкаджаюць звычайна стаць шчаслівым. Многія, паводле яе слоў, проста баяцца прымаць на сябе адказнасць за сваё жыццё, пускаюць усё на самацёк або абвінавачваюць лёс, іншых людзей — толькі не сябе — у сваіх няўдачах.
«Шчасце немагчыма без самарэалізацыі»
За сваё жыццё яна сутыкалася і з зайздрасцю, і з маўклівым, але выразным асуджэннем, і з адкрытай непрыязнасцю. Але гэта ніяк не спыняла яе. Яна па-ранейшаму ішла сваім шляхам, адстойвала сваё права жыць так, як лічыць патрэбным, займацца тым, што цікава ёй. Таму што толькі так яна можа быць шчаслівая. Калі чалавек будуе жыццё па чужых лякалах, рэалізуе навязаныя кімсьці звонку сцэнарыі, ён заўсёды прайграе.

— Шчасце немагчыма без самарэалізацыі, — пераканана Аксана Кірылюк. — Калі чалавек робіць тое, што яму падабаецца, у яго нараджаецца натхненне.
А ў гэтым стане вакол сябе ніколі не ўтвараеш балота — ні фізічнага, ні ментальнага. Асабіста я, як у юнацтве, сёння адчуваю сябе зачараваным вандроўцам. Мне ўвесь час хочацца назіраць, вывучаць, пазнаваць гэты мір! Усведамленне таго, што ў гэтага працэсу няма канца, — найвялікшая крыніца натхнення і ўнутранага спакою ў маім жыцці.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ