Top.Mail.Ru

Кушнарэнка: Памяць пра перажытае перадаецца з пакалення ў пакаленне

Абласное мерапрыемства да Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў прымала Любань.

Сёння ў Мінскай вобласці пражывае амаль 3000 воінаў-інтэрнацыяналістаў — сапраўдных мужчын, якія абаранялі сваю краіну ад міжнароднага тэрарызму. Абласное мерапрыемства да Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў, які адзначаецца 15 лютага, сёлета прымала Любань. У ім узялі ўдзел каля двух дзясяткаў ветэранаў.

Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі губернатар Міншчыны Аляксей Кушнарэнка, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны вайны ў Афганістане, удзельнікі лакальных войнаў і канфліктаў — гэта жывы прыклад адказных адносін да пачуцця абавязку перад сваёй краінай. 

— Вы свята беражэце каштоўнасці баявога братэрства, падтрымліваеце адзін аднаго і сем’і сваіх баявых сяброў, добрасумленна працуеце ў арганізацыях цэнтральнага рэгіёна, — сказаў Аляксей Кушнарэнка. — Любая вайна пакідае ў сэрцах і душах людзей глыбокі след, накладвае глыбокі адбітак на ўсё жыццё. Памяць пра перажытае перадаецца з пакалення ў пакаленне. Мы ўдзячныя вам за актыўную жыццёвую пазіцыю, за той уклад, які вы ўносіце ў патрыятычнае выхаванне моладзі.

Сацыяльная абарона воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем’яў была і застаецца адным з важных кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне:

— Мы заўсёды будзем памятаць аб вашых подзвігах, захоўваць у сэрцах памяць аб загінулых байцах і перадаваць яе падрастаючаму пакаленню. Ніхто не забыты і нішто не забыта. Ад сябе і жыхароў Міншчыны жадаю вам моцнага здароўя, міру і дабрабыту.

Традыцыйна губернатар уручыў падзякі воінам-інтэрнацыяналістам.

Адзін з іх — старшыня Слуцкай раённай арганізацыі «Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане» Аляксандр Курловіч. У Афганістан ён прыляцеў у лютым 1986 года, замяніўся ў сакавіку 1988-га. Службу праходзіў на пасадзе камандзіра горнага мотастралковага ўзвода 371-га палка ў горадзе Шынданд. Потым быў камандзірам надгляднага ўзвода на аэрадроме, прымаў удзел у дзвюх буйных ваенных аперацыях, падзяліўся сваёй гісторыяй Аляксандр Курловіч.

— У 1987 годзе быў прызначаны на вышэйшую пасаду ў 101-ы мотастралковы полк у горад Герат. Да мяне камандзірам гэтага палка быў генерал, цяпер генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза Уладзімір Нявераў.

І сёння Аляксандравіч Курловіч, як старшыня раённай арганізацыі, «у страі». Вырашае надзённыя, бытавыя пытанні воінаў-інтэрнацыяналістаў, жыхароў Слуцкага раёна.

— Сёння ў рэгіёне пражывае 256 воінаў-інтэрнацыяналістаў, у тым ліку дзве жанчыны, якія праходзілі службу ў Афганістане. Падтрымліваем усіх, дапамагаем. Так, воінам-інтэрнацыяналістам, якія хварэлі ў перыяд пандэміі, з нашага фонду выдзялялі матэрыяльную дапамогу. Каму патрабавалася, закуплялі лекі. Наш святы доўг і абавязак — захоўваць памяць аб тых, каго ўжо няма ў жывых. Даглядаем пахаванні загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў, у нас іх 10, — сказаў мужчына.

Падзякі ўдастоены і Рыгор Саланец, ганаровы член Мінскай абласной арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў «Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане», член Саюза пісьменнікаў. 

— У Афганістане я апынуўся ва ўзросце 22 гадоў, у складзе 108-й дывізіі трапіў у горад Баграм. Побач размяшчаўся аэрадром, стратэгічна важны аб’ект. Я быў карэспандэнтам дывізіённай газеты «Ленінскі сцяг», — успамінае Рыгор Васільевіч.

Нямала гадоў прайшло з тых часоў, а герой да гэтага часу памятае сваю першую баявую аперацыю ў лютым 1984 года. Яна, па словах мужчыны, магла стаць для яго апошняй.

— Як журналіст адправіўся з нашымі сапёрамі на баявую аперацыю. У руках — аўтамат, экіпіраваны па-ваеннаму. Сапёры знялі 10 італьянскіх пластмасавых супрацьпяхотных мін па просьбе мясцовых жыхароў, там да гэтага падарваўся афганскі аўтобус. Я ў гэты час працаваў, здымаў фотаапаратам «ФЭД 3». А гэта дрэнная прыкмета. Байцы, асабліва разведчыкі, сыходзячы ў горы, казалі: «Не трэба нас здымаць, калі вернемся — сфатаграфуемся». Але я ўсё роўна зняў сяржанта Дзмітрыя Капытава з Падмаскоўя і яшчэ аднаго байца. Яны падарваліся на маіх вачах. І я мог быць побач з імі. Хоць і мяне кантузіла, хвілін 20 нічога не чуў. Потым, на шчасце, слых вярнуўся.

Абласное мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, завяршылася святочным канцэртам. Свае лепшыя нумары для герояў вечара падрыхтавалі артысты мясцовага Дома культуры.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота: mlyn.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю