У Палаце прадстаўнікоў адбыўся семінар на тэму «Беларусь — Афрыка: актуальныя пытанні ўсебаковага супрацоўніцтва ва ўмовах шматпалярнага свету»
Паглыбленне разумення ролі і месца краін Афрыкі ў шматпалярным светапарадку, які фарміруецца з улікам знешнепалітычных і знешнеэканамічных задач, што рэалізуюцца Беларуссю, набывае асаблівае значэнне. Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, семінар, які, дарэчы, ініцыяваны Пастаяннай камісіяй па міжнародных справах, павінен надаць дадатковы імпульс выпрацоўцы эфектыўных механізмаў развіцця супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі і «ўзброіць» удзельнікаў мерапрыемства канкрэтнымі ведамі.
Для абмеркавання наспелых пытанняў былі запрошаны высокакваліфікаваныя эксперты з Беларусі і Расіі ў сферах геапалітыкі, міжнародных эканамічных адносін, двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі Афрыкі, у тым ліку па лініі парламенцкага вымярэння.

«У перспектыве Афрыка можа стаць макрарэгіёнам № 1»
Тэма семінара выбрана невыпадкова. «Будучыня за Афрыкай, і Беларусь ідзе на гэты кантынент з мірам, — падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Гэтыя тэзісы, агучаныя некалькі гадоў таму кіраўніком нашай дзяржавы, сталі дэвізам у развіцці адносін з афрыканскімі краінамі».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў вельмі канкрэтныя задачы — прыйсці ў Афрыканскі рэгіён сур’ёзна і надоўга. У сувязі з гэтым спікер прывёў шэраг лічбаў: «Сёння Афрыка — другі па велічыні кантынент і другая па колькасці насельніцтва частка свету, дзе пражывае каля паўтара мільярда чалавек, што складае каля 21 % насельніцтва Зямлі. Там размешчаны 54 дзяржавы. На тэрыторыі сканцэнтравана вялізная рэсурсная база — амаль трэцяя частка агульнасусветных запасаў карысных выкапняў».
Па словах Ігара Сергяенкі, многія спецыялісты сыходзяцца ў меркаванні, што ў перспектыве Афрыка можа стаць макрарэгіёнам № 1. «Не дарэмна ў цяперашні час Афрыканскі кантынент выступае арэнай жорсткага геапалітычнага супрацьборства звышдзяржаў, якія імкнуцца заняць максімальна ўстойлівыя пазіцыі ў афрыканскіх краінах і атрымаць максімальны прыбытак», — канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Дарэчы, у беларускім парламенце створана 6 двухбаковых і адна рэгіянальная група па супрацоўніцтве з парламентамі дзяржаў Афрыкі. Новым этапам у развіцці сяброўства і ўзаемадзеяння нашай краіны з дзяржавамі гэтага кантынента стала атрыманне ў мінулым годзе Нацыянальным сходам статусу назіральніка ў Панафрыканскім парламенце.

«Мы зацікаўлены ў стварэнні стабільнай асновы для руху наперад»
Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што не ўсе дзяржавы ўзаемадзейнічаюць з краінамі Афрыкі на аснове раўнапраўя і ўзаемапавагі. «Прыкметныя неакаланіяльныя падыходы ў палітыцы Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, якія імкнуцца навязаць краінам Афрыкі знешняе кіраванне, — канкрэтызаваў ён. — Разам з тым станаўленне сусветнай шматпалярнасці, якое адбываецца на нашых вачах, дае афрыканскім дзяржавам альтэрнатыву і магчымасць выбару. Расія, Кітайская Народная Рэспубліка, Індыя здольныя прапанаваць як высокія тэхналогіі, так і доступ да фінансава-крэдытных рэсурсаў».
У сваю чаргу, Беларусь прыходзіць у Афрыку з праектамі, якія прадугледжваюць узаемнае развіццё. «Наша палітыка заснавана на савецкай інтэрнацыянальнай традыцыі, якая адмаўляе драпежніцкія капіталістычныя практыкі і прадугледжвае ўзаемныя павагу, давер і прасоўванне агульных інтарэсаў, — падкрэсліў спікер. — У Афрыцы аб Беларусі склаўся вельмі пазітыўны імідж сумленнага і надзейнага сябра, пра што я магу меркаваць на падставе ўласных уражанняў ад візітаў на чале парламенцкіх дэлегацый на Афрыканскі кантынент і праведзеных на высокім узроўні сустрэч і перагавораў. Мы зацікаўлены ў стварэнні стабільнай асновы для руху наперад».
Атрыманыя звесткі і агучаныя падчас семінара прапановы будуць выкарыстаны ў рабоце Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у частцы развіцця міжнароднай дзейнасці і міжпарламенцкага супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента.
Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў
Фота ТГ Палаты прадстаўнікоў