Top.Mail.Ru

Курс долара ў абменніках ніжэйшы, чым на біржы

Некаторы час таму фінансавыя эксперты (ды і нашы чытачы таксама) заўважылі нязвыклыя для беларускай рэальнасці курсы ў абменніках. Долары банкі цяпер прадаюць ніжэй курсу Нацбанка. Як гэта зразумець?


Ужо на працягу некалькіх дзён курс гэтай валюты ў абменных пунктах сапраўды больш чым на капейку ніжэйшы, чым курс, які бывае на біржы.

У камерцыйных банках кажуць, што тлумачэнне тут самае простае: курс вызначаецца ў тым ліку зыходзячы з балансу попыту і прапановы. Пры прыняцці курсаў банкі арыентуюцца не толькі на курс Нацбанка і таргі, але і на курсы канкурэнтаў. Валюта банкам патрэбна для бізнес-мэт — напрыклад, для міжнародных плацяжоў. Калі попыту на іх няма, то і валюты трэба менш.

Пра што гэта можа сведчыць?

  • Як адзначаюць спецыялісты айчыннага фінансавага рынку, справа ў тым, што ўнутры банкаўскай сістэмы запатрабаванасць долара і еўра рэзка знізілася. Аперацыі па разліках і пераводах у такіх валютах за межы Беларусі рэзка скараціліся. Крэдытаванне ў гэтых грашовых адзінках таксама зводзіцца да нуля. А насельніцтва, якое заўсёды падтрымлівала попыт на долары і еўра, вось ужо амаль два гады запар, па даных Нацбанка, выступае «чыстымі прадаўцамі».

Цалкам зразумела, што ў такіх умовах і долары, і еўра становяцца цяжкімі актывамі для банкаўскай сістэмы, што змушае ўстанаўліваць заніжаныя курсы наяўнай валюты. І відавочна, што такая сітуацыя будзе захоўвацца датуль, пакуль гэта валюта зноў не вернецца ў актыўны фінансавы абарот.

Існуе яшчэ адна версія гэтага валютнага кульбіту. У лістападзе ў некаторых краінах, у прыватнасці, у Турцыі, Арменіі, Тайландзе, Егіпце і ААЭ, турысты пачалі часта сутыкацца з адмовамі ў прыёме наяўных долараў. Там патрабуюць долары новага ўзору без пацёртасцяў, плям і старонніх надпісаў.

У Асацыяцыі беларускіх банкаў запэўнілі, што ў Беларусі не ўводзілі абмежаванняў на прыём банкнот старога ўзору. Аднак, як мы пераканаліся, на практыцы цяпер касіры больш старанна вывучаюць купюры, якія хочуць здаць грамадзяне. На самай справе старыя долары прымаюць толькі на камісію. А гэта мінус 5–10% ад наміналу.

Ёсць і трэцяя версія нашай сітуацыі. Цяпер ва ўмовах санкцый банкі сутыкаюцца з праблемамі захоўвання і абмену наяўных долараў. Эксперты ўдакладняюць, што да нядаўніх часоў у Беларусі ў банкаў у ходзе былі дзве «формы» долараў. Адны знаходзіліся на карэспандэнцкіх рахунках замежных банкаў, даступныя для міжнародных разлікаў, іншыя — на ўнутраных карэспандэнцкіх рахунках, якія можна выкарыстоўваць для продажу на Беларускай валютна-фондавай біржы, крэдытавання кліентаў, але не для вонкавых плацяжоў.

  • Раней наяўныя долары можна было лёгка пераўтварыць у безнаяўныя ў Беларусі, прадаўшы з мінімальнай камісіяй іншым банкам. А цяпер ва ўсіх банках так шмат «кэшу», што даводзіцца прадаваць яго «ніжэй» рынку. Такім чынам, можна атрымаць беларускія рублі і ўжо на біржы купіць за іх безнаяўныя долары. Гэта своеасаблівая камісія за перавод папяровых замежных грошай у лічбавыя.

Магчыма, і ў гэтым меркаванні ёсць логіка. У любым выпадку захоўваць свае зберажэнні нашым людзям лепш у айчыннай валюце. А гэта ўжо факт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю