Купанне не рэкамендавана толькі на двух пляжах Беларусі — у Жлобіне і Дуброўне, паведамілі ў пятніцу ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, паведамляе Sputnik.
Ва ўстанове адзначылі, што ў краіне заўважна пацяплела, а значыць, зусім хутка беларусы пацягнуцца да вадаёмаў.
«Каб купанне прыносіла толькі радасць, санітарна-эпідэміялагічная служба трымае якасць вады пад строгім кантролем», — сказалі ў цэнтры.
Там таксама ўдакладнілі, што вынікі апошніх праверак вадаёмаў па ўсёй рэспубліцы пасля аналізу 685 пробаў вады наступныя: 98,8% узораў адпавядаюць усім нормам, а адхіленні выяўлены толькі ў васьмі выпадках (7 — па мікрабіялагічных паказчыках і адзін — па санітарна-хімічных).
Па дадзеных эпідэміёлагаў, небяспечных мікраарганізмаў, такіх як сальманелы, энтэравірусы і гельмінты, у пробах не знойдзена.
Пры гэтым часовыя абмежаванні (не рэкамендуецца купанне і водныя забаўкі) уведзены:
- у Жлобіне — пляж ля Цэнтра алімпійскага рэзерву і ў парку «Прыдняпроўскі»;
- у Дуброўне — зона адпачынку на Дняпры ля вул. Правабярэжная.
У цэнтры паведамілі, што яго спецыялісты будуць аператыўна паведамляць аб усіх зменах, якія датычацца абмежавання адпачынку на вадаёмах або зняцця забароны.