Top.Mail.Ru

Кунцэвіч: Медыя адыгрываюць найважнейшую ролю ў сістэме камунікацыі дзяржорганаў кіравання і грамадзян

Эфектыўнасць кіравання шмат у чым вызначае выразна выбудаваная і зразумелая ўсім удзельнікам працэсу сістэма камунікацыі. Гэта адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч перад міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй «Сацыяльныя камунікацыі ў дзяржаўным кіраванні: тэорыя і практыка» ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, перадае БелТА.



«Відавочна, што эфектыўнасць кіравання сёння шмат у чым вызначае выразна выбудаваная і зразумелая ўсім удзельнікам працэсу сістэма камунікацыі: камунікацыі грамадства і дзяржавы, дзяржаўных органаў кіравання і грамадзян. І найважнейшую ролю ў гэтай сістэме, безумоўна, адыгрываюць медыя як найбольш эфектыўная пляцоўка для арганізацыі зваротнай сувязі», — сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Пры гэтым першы намеснік міністра інфармацыі звярнуў увагу, што жыццё не стаіць на месцы, расце запыт грамадства на павышэнне ўзроўню ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, на пашырэнне форм удзелу грамадзян у выпрацоўцы кіраўніцкіх рашэнняў. А таму правядзенне падобных канферэнцый, як сёння, па яго словах, з’яўляецца спробай прааналізаваць падыходы ў арганізацыі сістэмы камунікацыі. Больш за тое, гэта выдатная магчымасць з удзелам вядучых экспертаў у сферы дзяржаўнага кіравання і масавай інфармацыі падумаць над новымі формамі, новымі падыходамі ў арганізацыі ўзаемадзеяння грамадства і органаў дзяржкіравання.

Першы намеснік міністра інфармацыі ўказаў на запатрабаванасць адкрытасці і жадання выбудаваць канструктыўны дыялог органаў дзяржкіравання і грамадзян.



Андрэй Кунцэвіч адзначыў, што больш за год таму былі ўнесеныя змяненні ў адпаведныя нарматыўныя дакументы. У прыватнасці, быў скарэкціраваны ўказ кіраўніка дзяржавы № 630 аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў сродках масавай інфармацыі. «Сёння, па вялікім рахунку, гэты дакумент атрымаў новую форму, новы змест. Мы гаворым аб выбудоўванні эфектыўнай сістэмы рэагавання на грамадска значную інфармацыю, на грамадска значныя падзеі, тыя інфармацыйныя нагоды, якія турбуюць людзей, выклікаюць у іх найбольшую цікавасць. Задача органаў дзяржкіравання — даць адказ на гэтыя пытанні, на гэтыя запыты нашых грамадзян», — сказаў ён.

У гэтых адносінах, па словах першага намесніка міністра інфармацыі, дзяржаўныя СМІ адыгрываюць найважнейшую ролю. Напрыклад, толькі за папярэдні год і толькі ў рэгіянальных сродках масавай інфармацыі было апублікавана больш за 3,5 тыс. матэрыялаў праблемнага, крытычнага характару. Прычым у іх гаворка ішла не толькі аб праблемах, іх прычынах, але таксама аб шляхах вырашэння гэтых праблем. «Важна, каб людзі бачылі, разумелі, ведалі, якія меры трэба будзе прымаць органам дзяржкіравання па вырашэнні той ці іншай праблемы», — сказаў на заканчэнне Андрэй Кунцэвіч.

Сярод тэм, якія ўключаны ў праграму канферэнцыі, — аналіз экзістэнцыяльных рызык і пагроз, якія ўплываюць на сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь; камунікацыйныя падыходы да выбудоўвання эфектыўных каналаў узаемадзеяння мясцовых органаў улады і жыхароў рэгіёна; гістарычная памяць як прастора камунікацыі; тэхналогіі штучнага інтэлекту ў дзяржаўным кіраванні як механізм сацыяльных камунікацый; сацыяльная камунікацыя ў сістэме дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю