Не так даўно была сведкай размовы. Двое мужчын — відаць, суседзі — ажыўлена абмяркоўвалі машыну на адной з парковак Гродна. Маўляў, стаіць ужо амаль паўгода, ніхто на ёй не ездзіць, толькі месца займае. І стала цікава, а што ж рабіць, калі выявіш такое аўто? Куды звяртацца? Уласны карэспандэнт «Звязды» даведалася пра ўсе тонкасці.
Куды звяртацца?
У дварах шматкватэрных дамоў і на паркоўках каля крам нярэдка можна ўбачыць аўтамабілі, якія не эксплуатуюцца. У адных адсутнічаюць колы, кузаўныя элементы ці шкло. Другія — сур’ёзна пашкоджаны і не могуць удзельнічаць у дарожным руху. Трэція, на першы погляд, здаюцца спраўнымі, аднак, калі прыгледзецца, відаць пласт пылу, спушчаныя колы. За 2024 год у Гродзенскай вобласці было выяўлена 693 неэксплуатаваныя транспартныя сродкі, з іх у Гродне — 604, а гэта 87,2 %.
Усё, што звязана з «непатрэбнымі» аўто, рэгламентуецца Указам № 348 «Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання транспартных сродкаў, якія не эксплуатуюцца, і іх далейшай утылізацыі». У дакуменце сказана, што да аўтахламу адносяцца не толькі машыны з пашкоджаннямі, але і аўто, на якіх ніхто не ездзіў больш за шэсць месяцаў пасля таго, як скончыўся дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.
У адміністрацыі кожнага з раёнаў ёсць спецыяліст, які вырашае пытанні, звязаныя з кінутымі аўто. Як расказалі ў Дзяржаўтаінспекцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама, калі вы заўважылі такі транспартны сродак, можна звярнуцца па адзіным кароткім нумары 115 і праз інтэрнэт-партал 115.бел, а таксама паведаміць у ЖЭС, ДАІ. Але трэба будзе пачакаць вырашэння пытання, бо пасля паступлення паведамлення пачынаецца невялікі дэтэктыў.
А дзе ўладальнік?
Пасля таго як паступіла паведамленне аб кінутым аўтамабілі, уладальніку адпраўляюць паведамленне. У ім сказана, што тэхніку трэба або прывесці ў парадак, або перагнаць на платную стаянку, або ўтылізаваць. Калі гэта не будзе зроблена на працягу 30 дзён, то машыну змесцяць на штрафстаянку ў прымусовым парадку.
— Аднак не заўсёды ўдаецца адразу знайсці ўладальніка. Бывае, што ён не пражывае па адрасе, названым пры рэгістрацыі транспартнага сродку.
Калі гаспадара не атрымліваецца выявіць у Беларусі, супрацоўнікі звяртаюцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі. Пакуль уласнік не атрымае паведамленне, з аўтамабілем нічога нельга зрабіць. Калі інфармацыя аб уладальніку транспартнага сродку, які не выкарыстоўваецца, адсутнічае, аўто эвакуіруюць, але для гэтага спачатку трэба выканаць працэдуру, — растлумачылі ў ДАІ вобласці.
Калі ўладальнік машыны на працягу месяца не вырашыць, што з ёй рабіць, то яе змесцяць на спецыяльную ахоўную паркоўку. Адтуль аўтамабіль можна забраць, калі падаць заяву ў выканкам на працягу трох месяцаў з моманту, калі яго туды паставілі. Калі гаспадар не забярэ машыну на працягу гэтага тэрміну, то лічыцца, што ён адмаўляецца ад права ўласнасці на яе.
— Але не трэба думаць, што ўладальнік зняў з сябе адказнасць, — удакладняюць аўтаінспектары. — У любым выпадку ён павінен кампенсаваць выдаткі, звязаныя з прымусовай эвакуацыяй і захоўваннем аўто на стаянцы. Калі ён адмовіцца гэта зрабіць, іх можна спагнаць праз суд.
Ці можна забраць кінуты аўтамабіль?
Усе пытанні, звязаныя з гэтым, неабходна вырашаць з уладальнікам. Калі ён захоча аддаць ці прадаць машыну, ніхто не будзе перашкаджаць. Аднак аўтамабіль абавязкова трэба перарэгістраваць у ДАІ на новага ўладальніка і прывесці яго ў належны стан.
— Калі ж уладальнік не аб’явіўся, а транспартны сродак падлягае ўтылізацыі, то мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы не маюць права перадаваць яго каму-небудзь або прадаваць. У гэтым выпадку пасля таго, як суд прызнае аўто безгаспадарным, магчымая толькі ўтылізацыя, — растлумачылі ў ДАІ.
Калі на аўтамабілі ёсць нумарны знак, то працэс ідзе хутчэй, — лягчэй знайсці ўладальніка. А далей усё залежыць ад абставін. Часам чалавек прадае аўтамабіль, але новы ўладальнік не афармляе яго на сябе. Тады ўсё ўскладняецца. Калі нумарнога знака няма, то камунальнікі праз суд атрымліваюць дазвол на ўскрыццё аўтамабіля, і ўладальніка шукаюць па VІN-нумары.
ДАІ Гродзенскай вобласці рэгулярна праводзіць рэйды для выяўлення кінутых машын. Калі вы ўбачылі такі аўтамабіль, смела паведамляйце аб ім! Як правіла, уладальнікі «забытых» транспартных сродкаў хутка адумваюцца і вырашаюць пытанне.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ