Top.Mail.Ru

Куды падзець навагоднія дрэвы?

Як ні круці, але ў хуткім часе трэба пазбаўляцца ад галоўнага сімвала зімовых свят. Як зрабіць гэта правільна? 


Начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксей ФІЛАНОВІЧ паведаміў, што кожны год у нашай краіне праходзяць экалагічныя акцыі па зборы яловых дрэў. 

У сталіцы і абласных цэнтрах загадзя абвяшчаюць даты, калі камунальныя службы вывозяць ёлкі, хвоі, піхты. Усе яны адпраўляюцца на перапрацоўку і атрымліваюць другое жыццё. «Такія дрэвы адносяцца да драўняных адходаў. Іх нельга выкідваць у смеццеправод або кантэйнер для змешаных адходаў. Нельга пакідаць каля пад’езда — гэта ператварае двор у сметнік і перашкаджае жыхарам і камунальнікам. Неабходна аднесці дрэва на пляцоўку для буйнагабарытных адходаў. У некаторых дварах таксама з’яўляюцца спецыяльныя бункеры, куды жыхары складаюць свае ёлкі. А калі ў вас ёсць дача або прыватны дом, дрэва можна ператварыць ва ўгнаенне: здрабніць ствол, сабраць іголкі і выкарыстоўваць для кампосту. Такім чынам, сімвал свята працягвае прыносіць карысць», — лічыць спецыяліст.

Перад утылізацыяй дрэва трэба падрыхтаваць. «Абавязкова трэба зняць цацкі, мішуру, гірлянду. Але не звязваць галіны і не пакаваць дрэвы ў пакеты. Гэта абцяжарвае працэс далейшага выкарыстання на спецыялізаваных пунктах, — адзначыў Аляксей Філановіч. — А штучная ёлка, якая страціла выгляд, павінна адпраўляцца ў кантэйнер для змешаных адходаў. У далейшым на пунктах сартавання спецыялісты зоймуцца яе выкарыстаннем», — растлумачыў начальнік упраўлення.

Намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду дзяржаўнага аб’яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» Кацярына АЛЁХІНА нагадала, што на працягу 5 гадоў у Мінску існуе арганізаваны збор і вываз ёлак пасля навагодніх свят: «Найбольшую папулярнасць набыла акцыя „Ёлкі ў трэскі“ ў 2024–2025 гадах. У 2024 годзе было сабрана ад насельніцтва больш за 9 тон хвойных дрэў, а летась у студзені — ужо больш за 14 тон. Такі вынік сведчыць аб росце адказнасці гараджан у зборы і ўтылізацыі іглічных дрэў. Дзякуючы гэтаму знікае хаатычнае размяшчэнне ёлак на кантэйнерных пляцоўках і дваровых тэрыторыях, што станоўча ўплывае на санітарны стан двароў».

Сёлета ў сталіцы ў рамках традыцыйнай акцыі «Ёлкі ў трэскі» 18 і 25 студзеня жыхары могуць здаць на ўтылізацыю навагоднія дрэвы. Для гэтага арганізаваны месцы збору хвойных дрэў у кожным раёне горада.

Сяргей КУРКАЧ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю