Турнір тыдня. На базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» прайшоў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
У гэтым сезоне ў турніры прынялі ўдзел больш за 14 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не займаюцца біятлонам у спецыялізаваных установах. Да рэспубліканскага фіналу дайшлі 168 найлепшых юных спартсменаў. Удзельнікі фіналу разыгралі ўзнагароды ў спрынтах, гонках з масавым стартам і змешаных эстафетах у трох узроставых катэгорыях: малодшай (2014–2015 г. н.), сярэдняй (2012–2013 г. н.) і старэйшай (2010–2011 г. н.).
Перамогу ў медальным заліку атрымала зборная Мінска, спартсмены якой заваявалі 18 узнагарод (8 залатых, 6 сярэбраных і 4 бронзавыя). Другое месца па колькасці прызавых месцаў заняла каманда Магілёўскай вобласці (2-5-3), шэсць узнагарод у скарбонцы прадстаўнікоў з Брэсцкай вобласці (1-2-3).
Героі тыдня. Хакеісты маладзёжнай зборнай Беларусі ў трэці раз запар сталі пераможцамі Кубка Будучыні, розыгрыш якога прайшоў на «Чыжоўка-арэне». У фінале зборная Беларусі U20 сустрэлася са зборнай Расіі-U18, якія раней нанеслі паражэнні камандам Беларусі-U18 і Расіі-U17.
- З вынікам 2:1 перамаглі беларусы. Бронзавыя медалі заваявалі хакеісты беларускай юніёрскай зборнай, якія абгулялі каманду Расіі-U17 з лікам 3:1.
Каманда тыдня. Рэзервісты баскетбольнага клуба «МІНСК» пераможна завяршылі 14-матчавую дамашнюю серыю Адзінай маладзёжнай лігі ВТБ. У заключным матчы серыі мінчане другі раз запар абыгралі краснаярскі «Енісей» — 72:66. У першай сустрэчы вынік быў 100:76 на карысць беларускіх баскетбалістаў. У 34 праведзеных сустрэчах рэзервісты «МІНСКА» набралі 50 ачкоў і знаходзяцца на 7-м месцы ў турнірнай табліцы. Чатыры наступныя паядынкі беларускія баскетбалісты правядуць на выездзе: 26 і 27 лютага ў Пермі з «Пармай», 2 і 3 сакавіка ў Екацярынбургу з «Уралмашам».
Лічба тыдня. Сямёра беларускіх лёгкаатлетаў сталі пераможцамі міжнародных спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы ў памяшканні «Руская зіма». Пераможцамі спаборніцтваў сталі Эльвіра Грабарэнка (60 м з бар’ерамі), Яніна Луцэнка (60 м), Карына Дзямідзік (скачкі ў вышыню), Алена Дубіцкая (штурханне ядра), Віталь Парахонька (60 м з/б), Ілья Карнаухаў (1500 м) і Алег Тамашэвіч (штурханне ядра). Бронзавы медаль у бегу на 60 метраў з бар’ерамі заваявала Руслана Раманоўская, таксама на трэцюю прыступку п’едэстала ў скачках у даўжыню сярод юніёрак паднялася Шанон Кам-Крыстал. Усяго традыцыйны зімовы турнір сабраў каля 250 лёгкаатлетаў з Беларусі, Расіі, Турцыі, Алжыра, Эфіопіі, Казахстана і Егіпта.
Поспех тыдня. Беларускі барэц Абубакар Хаслаханаў заняў другое месца на рэйтынгавым турніры Zagreb Open 2025. Спартсмен, які выступае ў катэгорыі да 97 кг, упэўнена дайшоў да фіналу, дзе саступіў расіяніну Артуру Саргсяну. Год таму на турніры ў Заграбе Хаслаханаў быў пераможцам.
Перамога тыдня. Беларускі спартсмен Арцём Плоніс стаў пераможцам міжнародных спаборніцтваў па тхэквандо Fujaіrah Open, якія прайшлі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Беларускі спартсмен стаў наймацнейшым у вагавой катэгорыі звыш 87 кг. Найбуйнейшым дасягненнем Арцёма Плоніса на міжнародных стартах з’яўляецца бронзавы медаль чэмпіянату свету па тхэквандо 2023 года.