Крыстафер Нолан стаў новым прэзідэнтам Гільдыі рэжысёраў Амерыкі (DGA), паведамляе Smartpress.by.
Ён змяніў на гэтай пасадзе Леслі Лінку Глэтэр, якая ўзначальвала арганізацыю з 2021 года.
Гільдыя рэжысёраў Амерыкі (Directors Guild of America, DGA) — гэта адзін з найбуйнейшых прафесійных прафсаюзаў у ЗША, які аб’ядноўвае больш за 19 тысяч рэжысёраў, прадзюсараў і спецыялістаў кіна- і тэлеіндустрыі. Арганізацыя абараняе працоўныя правы сваіх членаў, рэгулюе ўмовы кантрактаў і займаецца развіццём прафесійных стандартаў у індустрыі.
«Быць выбраным прэзідэнтам Гільдыі рэжысёраў Амерыкі — адна з найвялікшых узнагарод у маёй кар’еры. Наша індустрыя перажывае вялізныя перамены, і я дзякую членам Гільдыі за давер», — адзначыў Нолан.
Рэжысёр у DGA з 2001 года. У 2015-м ён увайшоў у нацыянальны савет прафсаюза, а зараз узначальвае камітэт па тэатральных творчых правах і камітэт па пытаннях штучнага інтэлекту.
«Адысея» Нолана
У жніўні завяршыліся здымкі новага фільма Крыстафера Нолана «Адысея». Работа над карцінай пачалася ў лютым 2025 года. Здымкі праходзілі ў Марока, Грэцыі, Італіі, на Мальце, у Шатландыі, Іспаніі і фінальны этап — у Лос-Анджэлесе.
Фільм заснаваны на паэме Гамера і раскажа пра дзесяцігадовы шлях Адысея дадому пасля Траянскай вайны. У акцёрскі склад увайшлі Мэт Дэйман, Том Холанд, Зендэя, Эн Хэтэўэй, Роберт Пацінсан, Лупіта Ніёнга і Шарліз Тэрон. За аператарскую работу традыцыйна адказвае Хойтэ ван Хойтэма, пастаянны суаўтар Нолана.
«Адысея» стане першым поўнаметражным фільмам, цалкам знятым на плёнкавыя камеры IMAX. Дзеля гэтага праекта кампанія IMAX мадэрнізавала абсталяванне, каб паскорыць перазарадку камер і спрасціць прагляд матэрыялу.
Раней Нолан выкарыстаў IMAX толькі для асобных сцэн у «Цёмным рыцары», «Дзюнкерке», «Опенгеймеры».
Прэм’ера фільма прызначаная на 17 ліпеня 2026 года.