Top.Mail.Ru

Крутой: Вяршыняй авіяцыйнага плана будзе стварэнне грамадзянскага самалёта да 2029-2030 года

Вяршыняй авіяцыйнага плана будзе стварэнне паўнацэннага грамадзянскага самалёта да 2029-2030 года. Аб гэтым расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» па выніках паездкі ў Растоўскую вобласць і Стаўрапольскі край, паведамляе БелТА.


Дзмітрый Крутой адзначыў, што сёння адным з найбольш перспектыўных напрамкаў беларуска-расійскага супрацоўніцтва з’яўляецца авіябудаванне. «Мы асвойваем практычна з нуля, не маючы базы, ад якой мы маглі б адштурхнуцца. Калі гаварыць аб лічбах, то яны выглядаюць уражліва: рост склаў ад 30 працэнтаў да трох разоў. Ёсць добры кантакт з усімі ключавымі авіязаводамі Расіі і ў нашага 558-га завода ў Баранавічах, і Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі, і Аршанскага авіярамонтнага завода. Прэзідэнт абсалютна справядліва адзначыў, што мы пакуль на паўнацэнную праграму загрузкі нашых вытворчасцей не выйшлі. Мы будуем некалькі вытворчых карпусоў ад афарбоўкі да вытворчасці складаных даўгамерных дэталяў для самалётаў, імпартазамяшчэннем якіх займаюцца расійскія вытворцы. Але ўсё гэта разавыя заказы, сістэмнай работы пакуль, на жаль, няма», — расказаў Дзмітрый Крутой.

Задача вытворцаў — адысці ад рамонту да паўнацэннай кааперацыі. «Калі ў Баранавічах мы пабудуем тры-чатыры вытворчыя карпусы і не будзем ведаць, чым мы іх будзем загружаць, то такія інвестыцыі нікому не патрэбныя. Наша задача — гэта новая школа, новыя кампетэнцыі, якія мы павінны ў сябе ў рэспубліцы пабудаваць. А вяршыняй авіяцыйнага плана будзе стварэнне грамадзянскага самалёта, паўнавартаснага, да 2029—2030 года. Работа разгорнута вялікая, і яна прадаўжаецца», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Паводле яго слоў, рэалізуемыя праекты ў рамках саюзных праграм стануць асновай тэхналагічнай незалежнасці.

Як падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, рэалізацыя саюзных праграм ажыццяўляецца ў рамках устаноўленых тэрмінаў добрымі тэмпамі.

«Вынікі разам з калегамі мы падвядзём перад пасяджэннем Вышэйшага дзяржсавета, якое пройдзе ў наступным годзе ў Маскве. Правалаў, адхіленняў і зрухаў тэрмінаў няма. Я думаю, што мы наступны трохгадовы план сфарміруем такім жа амбіцыйным, як і гэты. Але галоўнае, што мы не прасядаем па інвестыцыйных рэсурсах, закупляецца абсталяванне і праекты стануць асновай той тэхналагічнай незалежнасці, аб якой мы гаворым і якая з’яўляецца асноўнай мэтай», — адзначыў Дзмітрый Крутой.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю