Праграма па развіцці раёнаў Прыпяцкага Палесся павінна забяспечыць рост дастатку кожнага чалавека. Аб гэтым па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы заявіў журналістам старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
«У цэлым прынятая праграма для Палескага рэгіёна, у якую ўвайшлі і пяць раёнаў Гомельскай вобласці (а таксама чатыры Брэсцкай), у першую чаргу накіравана на чалавека. Яна комплексна складаецца з дзвюх частак. Першая — эканамічныя праекты, каб у кожным рэгіёне зарабіла эканоміка. Другая частка — інфраструктурныя праекты. Як сказаў Прэзідэнт, масты, дарогі — усё, што неабходна для зручнасці, усё неабходнае для зручнасці, развіцця і жыццядзейнасці рэгіёна», — сказаў Іван Крупко.
Паводле яго слоў, на нарадзе былі абмеркаваны ўсе кірункі, якія зацверджаны праграмай, даложана аб фінансавым забеспячэнні — у якой частцы гэта будуць сродкі саміх прадпрыемстваў і арганізацый, вобласці, а таксама якія рэсурсы неабходныя з рэспубліканскага бюджэту, каб усё было рэалізавана дакладна і ў тэрмін.
«Фактычна 60 працэнтаў мерапрыемстваў у рабоце. Частка будзе завершана ў 2025 годзе, і планава будуць пераходзіць з года ў год, каб да 2030 года забяспечыць вынік гэтай праграмы», — расказаў кіраўнік рэгіёна.
Ён зазначыў, што ў выніку прадугледжана значна нарасціць аб’ёмы вытворчасці як у сельскай гаспадарцы, так і прамысловасці. А галоўны вынік усяго — рост дастатку кожнага чалавека, занятага ў эканоміцы.