Ужо не першы год цяплічная гаспадарка таварыства «ДОРОРС» забяспечвае разнастайнасць на сталах беларусаў у свежай і даступнай вітамінавай прадукцыі: салаты, свежыя агуркі і памідоры, нават садовыя суніцы пасярод зімы.
Што цалкам адпавядае задачы, пастаўленай Прэзідэнтам перад урадам, — забяспечыць наяўнасць на прылаўках сваіх уласных, а не імпартных агуркоў і таматаў у міжсезонны перыяд, прычым па даступных цэнах. Як рэалізуецца Стратэгія развіцця цяплічнага агародніцтва на 2023—2027 гады, кіраўнік урада вывучыў, як той казаў, на месцы.
У Саўміне нагадалі, што ў мэтах круглагадавога забеспячэння ўнутранага рынку па прымальных цэнах, у першую чаргу агуркамі і таматамі, рэалізуецца Стратэгія развіцця цяплічнага агародніцтва на 2023—2027 гады. У рамках гэтага дакумента на ААТ «ДОРОРС» рэалізаваны некалькі праектаў. Першы — па мадэрнізацыі сістэмы электразабеспячэння цяпліц на плошчы 10,99 га і другі — па мадэрнізацыі часткі цяпліцы пад устаноўку салатнай лініі на плошчы 1,4 га.
Таксама запланавана да рэалізацыі будаўніцтва комплексу цяпліц для вырошчвання кветкавай прадукцыі плошчай 6,35 га. Вытворчая магутнасць праекта — больш за 13 мільёнаў штук кветак у год.
Для нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці таматаў на прадпрыемстве ў міжсезонны перыяд года ў рамках стратэгіі ажыццяўляецца работа на плошчы 2,8 га. Увод аб’екта — снежань 2026 года.
У мэтах пашырэння асартыменту прадукцыі ААТ «ДОРОРС» вырошчвае ягадныя культуры ў закрытым грунце і з’яўляецца адзіным вытворцам у Беларусі. Напрыклад, у 2025 годзе вытворчасць суніц садовых склала 41,8 тоны. А руж летась тут вырашчана 4,8 мільёна штук.
У ходзе наведвання ААТ «ДОРОРС» Прэм’ер-міністру была даложана бягучая сітуацыя з вытворчасцю прадукцыі абароненага грунту ў міжсезонны перыяд 2025/2026 года. Адзначана, што прынятыя на ўзроўні ўрада меры па падтрымцы дадзенай галіны дазволілі цалкам задаволіць патрэбы ўнутранага рынку ў агурку рэсурсамі айчынных вытворцаў. Па таматах узровень забеспячэння плануецца нарасціць у два разы да 71 %.
Як запэўнілі на прадпрыемстве, работа па развіцці цяплічнай гаспадаркі будзе прадоўжана. Акцэнт будзе зроблены на пашырэнні асартыменту таматаў, перцаў, баклажанаў, ягад і зеляніны.
Таксама вырашаны шэраг арганізацыйных і фінансавых пытанняў па стымуляванні вытворцаў прадукцыі абароненага грунту.
Акрамя таго, ААТ «ДОРОРС» уведзена лінія па вытворчасці зеляніны на плошчы 1,4 га, што павялічвае ў два разы аб’ёмы рэспубліканскай вытворчасці. Пастаўка свежай салатнай прадукцыі ў гандаль плануецца з 20 лютага 2026 года па прымальных цэнах.
Гаворачы аб росце вытворчасці і асартыменту прадукцыі, генеральны дырэктар ААТ «ДОРОРС» Міхаіл Міхалёў у гутарцы з журналістамі растлумачыў:
— У адпаведнасці са Стратэгіяй развіцця цяплічнай галіны рэспублікі, у мінулым годзе мы запусцілі новую лінію па вытворчасці салатнай прадукцыі, якая падвоіць яе вытворчасць у краіне. У цяперашні час зеляніна вырабляецца на пяці лініях. Вялікая лінія ў паўтара гектара, безумоўна, не толькі падвоіць вытворчасць, але і значна пашырыць асартымент. Мы намячаем вытворчасць не толькі традыцыйных салат, але і латуку, айсбергу, які раней завозіўся з Польшчы, цяпер — з Ірана. І беларускі спажывец будзе мець айсберг і іншыя салаты прама з градкі.
Ён таксама адзначыў, што на прадпрыемстве зараз працуюць над павелічэннем вытворчасці таматаў:
— Калі летась была задзейнічана адна цяпліца пад вытворчасць таматаў, і мы адпрацоўвалі толькі тэхналогію вытворчасці таматаў у зімовы час на дасветцы, то сёння мы пашырылі вытворчасць — ужо дзве цяпліцы. Наколькі я ведаю, іншыя камбінаты таксама займаюцца вытворчасцю гэтай прадукцыі.
Міхаіл Міхалёў выказаў упэўненасць, што ў бліжэйшыя гады ў адпаведнасці са стратэгіяй прадпрыемства ў поўнай меры замесціць імпарт таматаў у краіне і зімой беларусы будуць у поўнай меры забяспечаны гэтай вітамінавай прадукцыяй, прычым сваёй, вырашчанай у Беларусі.