Археолагі адкрываюць новыя старонкі гісторыі Крэўскага і Заслаўскага замкаў, паведамляе БелТА.
«Сёння Крэўскі замак проста на вачах зменьваецца, набывае годны выгляд для паказу турыстам. Замак стаў адпавядаць свайму важнаму значэнню для гісторыі нашай краіны, ды і суседніх таксама. Работы па рэстаўрацыі, рэканструкцыі з удзелам навукоўцаў маюць вельмі вялікае значэнне. Падчас археалагічных даследаванняў пад кіраўніцтвам Алега Дзярновіча з’яўляюцца новыя матэрыялы, якія дапаўняюць летапісныя дадзеныя. Яшчэ летась з’явілася тэорыя, што ў старажытнасці там была невядомая трэцяя вежа. І ў выніку раскопак гэта пацвярджаецца. У Мінкультуры пагадзіліся з намі, што трэба праводзіць больш дэталёвыя даследаванні. Не ведаю, ці будуць аднаўляць вежу ў будучыні, але тое, што новая старонка ў гісторыі з’явілася і пра гэта трэба расказаць турыстам, — гэта дакладна», — сказаў Вадзім Лакіза.
Сёлета знайшлі драўляную лагу са слядамі пажару 1433 года, калі князь Свідрыгайла штурмаваў Крэўскі замак. «Але важнасць такіх знаходак у тым, што па-новаму раскрываюцца асаблівасці будаўніцтва такіх аб’ектаў, стварэння падмурка, канструкцый, з’яўляюцца дадзеныя аб тым, як думалі архітэктары таго часу, як яны стваралі такія аб’екты. Мы дамовіліся, што прыцягнем для захавання, кансервацыі драўляных канструкцый Крэўскага замка арганізацыю, якая займаецца рэстаўрацыяй драўніны з Менкі», — адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі.
Пад кіраўніцтвам Івана Спірына праходзяць работы на гарадзішчы «Вал» у Заслаўі. «Гэта знакавы комплекс не толькі для Мінскай вобласці, але і для ўсёй нашай краіны. Ён цікавы ў тым ліку і як турыстычны аб’ект. У сувязі з правядзеннем абласных „Дажынак“ Мінскі аблвыканкам звярнуўся да нас з прапановай правесці даследаванні ў Заслаўі. Там была ўваходная брама бастыённага замка XVI стагоддзя, якая была разбурана. У мясцовых жыхароў шмат легенд пра падземны ход, пра гэтую браму. З улікам максімальна шырокага добраўпарадкавання Заслаўя і гарадзішча „Вал“ мы пагадзіліся правесці комплексныя даследаванні для таго, каб вывучыць тэрыторыю з левага боку брамы, рэшткі цаглянага мура, паспрабаваць знайсці падземны ход. Да працы падлучаныя рэстаўратары, для таго каб правесці кансервацыю, рэстаўрацыю з далейшым паказам аб’екта гасцям Заслаўя», — пазначыў Вадзім Лакіза.
Да археалагічных раскопках падключыліся мясцовыя органы ўлады, валанцёры, мясцовыя жыхары, музейныя работнікі, Вайскоўцы. «І ім цікава, і нам карысна. Знаходак не вельмі шмат, гэта класічныя прадметы позняга сярэднявечча і ранняга Новага часу. Але затое археолагі ўжо дакладна бачылі пачатак падземнага ходу, а значыць, ён сапраўды існуе», — адзначыў навуковец.