Top.Mail.Ru

Краязнаўчыя маршруты нагадваюць пра вайну

Героіка-патрыятычная работа традыцыйна заўжды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ў бібліятэкараў Баранавіцкага раёна. Гэты куточак беларускай зямлі вядомы многімі драматычнымі падзеямі і ў час Першай сусветнай вайны, і ў Вялікую Айчынную вайну. І таму бібліятэчнае краязнаўства ў значнай ступені скіравана менавіта да ваеннай праблематыкі.



Напрыклад, Гарадзішчанская гарпасялковая бібліятэка распрацавала маршрут «Калдычэўскі лагер смерці». У цэнтры ўвагі для чытачоў, якія на пэўны час могуць стаць сапраўднымі турыстамі, — мемарыял «Сцяна плачу». Расказваючы пра гэтую мясціну, бібліятэкары нагадваюць пра тысячы закатаваных людзей у блізкай ад роднага паселішча прасторы. А ў вёсцы Малая Сваротва ў мясцовай сельскай бібліятэцы дзейнічае некалькі адмысловых экспазіцый, якія разам утвараюць сапраўдны музей. Прыйшоўшы па кнігу, чытачы становяцца наведвальнікамі і пакоя «Родная зямля ў часы Вялікай Айчынай вайны». Мясцовы краязнаўчы матэрыял заўсёды ўражвае ў большай ступені, таму што адкрываюцца імёны блізкіх прашчураў, расказваюцца падзеі, пра якія перадаюцца аповеды ў сваіх сем’ях. 

У Застарынскай бібліятэцы-клубе (нагадаем, што вёска Застарынне ў вайну прайшла той самы шлях, што і вядомая на ўвесь свет Хатынь) працуе музей партызанскай славы. У склад яго экспазіцыі ўваходзіць і адмысловая выстаўка плакатаў «Партызаны ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны». 

Памкненні і ўсёй бібліятэчнай цэнтралізаванай сістэмы Баранавіцкага раёна носяць цэласны характар у аповедзе пра гераічныя, драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвігі землякоў у тыя часіны. Такая работа спрыяе паяднанню з бібліятэкамі моладзі, школьнікаў, дазваляе ім праз краязнаўчы летапіс знаходзіць, узнаўляць многія цікавыя факты, многія вартыя памяці лёсы землякоў. Агульнымі намаганнямі такім чынам вырашаюцца не толькі выхаваўчыя, але і адукацыйныя задачы. Наведвальнікі бібліятэк адкрываюць і занатоўваюць у памяці шырокі краязнаўчы, радзімазнаўчы матэрыял. 

Мікола БЕРЛЕЖ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю