Ваўкавыскія крэйдавыя кар’еры могуць атрымаць прыродаахоўны статус. Аб гэтым расказаў БелТА загадчык сектара запаведнай справы НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзімір Усцін.
Падрыхтоўкай навуковага і тэхніка-эканамічнага абгрунтавання аб наданні статусу геалагічнага помніка прыроды мясцовага значэння крэйдавым кар’ерам у Ваўкавыску пад назвай «Краснасельскія Мальдывы» займаўся калектыў сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. На яго падставе далей будзе прымацца рашэнне аб устанаўленні гэтага статусу. Паводле слоў Уладзіміра Усціна, для прыняцця такога рашэння ёсць некалькі прычын. «Першая — ініцыятыва землекарыстальніка. Гэта, у тым ліку, „ААТ Краснасельскбудматэрыялы“, які эксплуатаваў крэйдавыя кар’еры, гэта значыць праводзіў здабычу, а таксама мясцовыя органы ўлады.
Ёсць асноўная задача — захаваць комплекс для наступнага навуковага вывучэння. У нас ёсць шэраг навуковых публікацый. Вучоныя, біёлагі, батанікі, заолагі даследуюць, як адбываецца першасная сукцэсія на гэтых тэрыторыях (змена адной біялагічнай супольнасці другой у выніку ўздзеяння чалавека — Заўвага БелТА). Гэта адзін са спосабаў узнаўлення экасістэм і даволі важны аспект. Другая прычына — турыстычная.

Калі кар’еры будуць помнікам прыроды, гэта дасць магчымасць умерана выкарыстоўваць гэтыя тэрыторыі як для экалагічнага, так і для іншых відаў турызму. Пры гэтым неабходны рацыянальны падыход: трэба будзе выдзеліць участкі, пэўныя зоны, дзе можна арганізаваць дадатковыя назіральныя пляцоўкі, размясціць палаткі для кэмпінгу», — растлумачыў прадстаўнік НАН.
Акрамя таго, ён адзначыў, што наданне аб’екту такога статусу сведчыць аб яго ўнікальнасці і каштоўнасці. «Гэта дазваляе нам на свае вочы ўбачыць тыя прыродныя рэсурсы, якія ёсць у краіне. У дадзеным выпадку гэта крэйдавыя пароды, узрост якіх прыкладна 90 млн гадоў. Гэта тыя карысныя выкапні, якія выкарыстоўваюцца нашай прамысловасцю, тое, чым багатая краіна. Такія адкрытыя тэрыторыі, як кар’еры, дазваляюць нам бачыць гэта, назіраць за гэтым. Гэта элемент асветы, папулярызацыі навукі, прыроды Беларусі, пэўнае патрыятычнае выхаванне», — звярнуў увагу Уладзімір Усцін. Уладзімір Усцін.

Працэдура прыняцця рашэння можа заняць каля паўтара месяца. Яна заключаецца ў прыняцці нарматыўна-прававога акта, які ўжо будзе праходзіць узгадненне з землекарыстальнікамі, выканкамам. Папярэднія ўзгадненні ўжо праведзены.