Краіны Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы рыхтуюць сумесную антынаркатычную стратэгію на 2026—2030 гады. Яе праект быў прадстаўлены на каардынацыйнай нарадзе галоўных нарколагаў дзяржаў — членаў АДКБ, якая прайшла на тэрыторыі Ісык-Кульскай вобласці ў рамках старшынства Кыргызстана ў арганізацыі, паведамляе БелТА .
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі тэндэнцыі развіцця наркасітуацыі ў зоне адказнасці АДКБ, а таксама абмяняліся статыстычнай і іншай інфармацыяй аб распаўсюджанасці захворвання і смяротнасці, звязанай з наркотыкамі, асабліва — у маладзёжным асяроддзі. «Азнаёміліся з праектам антынаркатычнай стратэгіі дзяржаў — членаў АДКБ на 2026—2030 гады, ходам падрыхтоўкі гэтага дакумента да зацвярджэння на чарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі арганізацыі і праектам заявы Савета калектыўнай бяспекі АДКБ «Аб умацаванні супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў», — праінфармавалі ў прэс-службе АДКБ.
Бакі пагадзіліся, што прафілактычная дзейнасць у сферы купіравання пагроз, якія зыходзяць ад незаконнага абароту наркотыкаў, патрабуе далейшага павышэння ўзроўню міжведамаснага і міжнароднага супрацоўніцтва. Быў абмеркаваны станоўчы вопыт у галіне лячэння і рэабілітацыі нарказалежных, новыя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць наркалагічную дапамогу, праблемы скрынінгу фактараў ужывання псіхаактыўных рэчываў, матывацыйнага кансультавання і маршрутызацыі, а таксама пытанні прэвентыўнай антынаркатычнай работы ў сферы адукацыі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі наркалагічных службаў дзяржаў — членаў АДКБ, профільных падраздзяленняў міністэрстваў адукацыі, органаў унутраных спраў краін АДКБ, супрацоўнікі спецыялізаваных міжнародных арганізацый.