Краінам СНД неабходна адэкватна рэагаваць на сітуацыю ў сусветнай эканоміцы. Аб гэтым заявіла віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Пяткевіч на пасяджэнні Эканамічнага савета СНД, у якім яна прыняла ўдзел па відэа-канферэнц-сувязі, паведамляе БелТА.
«Сусветная эканоміка ў сучасных рэаліях функцыянуе не толькі ва ўмовах жорсткай рыначнай канкурэнцыі, але і падвергнута беспрэцэдэнтнаму ўплыву выключна палітызаваных аспектаў. І кожная з нашых дзяржаў у той ці іншай меры гэта адчувае. Гэта аб’ектыўная рэальнасць, на якую нам трэба адэкватна рэагаваць. Трэба прызнаць, што адсутнасць кансалідаваных практычных крокаў, якія адпавядаюць патрабаванням часу, не ідзе на карысць ні эканомікам нашых дзяржаў, ні нашым людзям. І пра гэта гавораць і кіраўнікі дзяржаў, і кіраўнікі ўрадаў», — сказала Наталля Пяткевіч.
Яна пераканана, што Эканамічнаму савету СНД як ключавому элементу, інтэлектуальнаму штабу і рабочаму органу інтэграцыі неабходна ўзяць на сябе адказную місію ў найбліжэйшы час вынесці на разгляд вышэйшых органаў Садружнасці канкрэтныя прапановы па павышэнні эфектыўнасці работы структур СНД, больш мэтанакіраваным пераходзе да прынцыпова важных рашэнняў, якія даюць канкрэтны эканамічны эфект.
«Мы гэтыя ўсе пытанні цудоўна ведаем, пра іх ідзе размова практычна на кожным пасяджэнні: функцыянаванне без надуманых выключэнняў і абмежавання агульнага рынку тавараў і паслуг, прамкааперацыя, пытанні харчовай бяспекі, транспарт, лагістыка, турызм, лічбавізацыя і гэтак далей. Але замест таго, каб канцэнтраваць намаганні на найбольш актуальных і сапраўды складаных задачах, мы паставілі на паток часта падрыхтоўку дастаткова простых дакументаў, якія наўрад ці прыносяць дабаўленую вартасць для павышэння эфектыўнасці развіцця эканомік і інтэграцыі», — падкрэсліла віцэ-прэм’ер Беларусі.
Яна канстатавала, што ў мінулыя гады аддача ад СНД была больш істотнай. «І аддача была, пачынаючы ад мадэльных кодэксаў СНД, на якія мы ўсе спасылаліся і да распрацоўкі якіх на ўсіх узроўнях так старанна ставіліся, а сёння мы маем нейкі такі вось клуб па інтарэсах», — адзначыла Наталля Пяткевіч.