Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад па праекце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2025 год». Гэта асноўны фінансавы дакумент краіны па рэалізацыі найважнейшых дзяржбудоўляў з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Дакумент ужо выносіўся на разгляд Прэзідэнту раней, алё ён яго не падпісаў, паколькі патрабаваўся дэталёвы аналіз некаторых аспектаў праграмы. Таму размова кіраўніка дзяржавы з адказнымі асобамі была прынцыповай. З 2018 года ў краіне дзейнічае інстытут дзяржаўных праграм, кожная галіна праграмуе свае расходы ў рамках пяцігадовых цыклаў. І там ёсць раздзел, прысвечаны інфраструктурным праектам ці капітальным укладанням. З гэтых штогадовых праектаў складваецца рэспубліканская і рэгіянальная інвестыцыйная праграма. Такім чынам, Дзяржаўная інвестыцыйная праграма — гэта дакумент, які закранае амаль усе сферы жыццядзейнасці краіны.
Размеркаванне сродкаў павінна адпавядаць рэаліям часу
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паўтарыў, што 2025 год будзе складаным, дакладна не менш складаным, чым мінулы. «Разам з тым беларускі ўрад устанаўлівае паказчыкам эфектыўнасці сваёй работы ў бягучым годзе ВУП вышэйшы за 104%. Нядрэнна. Галоўнай крыніцай яго росту заяўлены інвестыцыі на ўзроўні амаль 108%. Плануецца асвоіць амаль 50 млрд рублёў. Гэта прыкладна 18% ВУП Беларусі, — прывёў лічбы кіраўнік дзяржавы. — Савет Міністраў і Адміністрацыя Прэзідэнта бачаць асноўнай мэтай выхад на парог бяспекі па інвестыцыях не ніжэйшы за 20% ВУП. Толькі пры такім узроўні мы зможам забяспечваць рост эканомікі ў будучыні».
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся: наколькі гэта лічба абгрунтаваная? Як заўважыў беларускі лідар, структура інвестыцый па напрамках фінансавання практычна не мяняецца. Сюды ўваходзяць тры ключавыя блокі: львіную долю займаюць праекты рэальнага сектара (прыкладна 60% усіх інвестыцый); на будаўніцтва жылля прыпадае каля 20%; трэці блок — інжынерная, транспартная і сацыяльная інфраструктура (парадку 20%), будаўніцтва якой — адказнасць дзяржавы. Гэтыя аб’екты фінансуюцца ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і гэткіх самых рэгіянальных праграм. Кансалідавана з усіх бюджэтаў на гэтыя мэты спатрэбіцца 6–6,5 млрд рублёў. У Дзяржаўную інвестыцыйную праграму ўключаны аб’екты верхняга ўзроўню на 2,2 млрд рублёў, у рэгіянальныя заяўлена больш як на 4 млрд рублёў.
«Асноўная мэта гэтай праграмы — стварэнне і развіццё інфраструктуры краіны: інжынернай, сацыяльнай, вытворчай і абароннай. Пры гэтым накіраванасць праграмы, размеркаванне яе сродкаў паміж абазначанымі сферамі павінны строга адпавядаць рэаліям часу. Нароўні з будаўніцтвам дарог, школ і бальніц трэба не забываць пра стварэнне сучасных вытворчасцяў, а таксама аб’ектаў, дзякуючы якім мы будзем спакойна жыць пад мірным небам. Мы акрэслілі прыярытэты», — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што, прымаючы рашэнне аб будаўніцтве сацыяльных аб’ектаў, трэба ўважліва вывучаць, ці сапраўды яны патрэбныя ў гэтай мясцовасці і ў гэты час. «Мы кожны год будуем школы. Там, дзе людзі пасяліліся, там будуем школы. Я ўжо прыводзіў прыклад: вазьміце горад-герой Мінск. У цэнтры школы пустуюць, дзіцячыя садкі ў тым ліку. Калісьці мы распрадалі гэтыя дзіцячыя садкі, таму што насельніцтва ў цэнтры старэе, у школу мала хто ходзіць, у дзіцячыя садкі — тым больш. Мы пачынаем у мікрараёнах будаваць школы і дзіцячыя садкі. Гэта што, правільна? Я ўжо казаў, лепей трэба паглядзець, можа, падвезці дзяцей у школы і садкі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, па яго словах, калі школа знаходзіцца недалёка, то падвезці сваіх дзяцей у школу могуць і бацькі, тым больш што ў многіх сем’яў ёсць аўтамабілі.
«Хаця б у гэты час, калі трэба эканоміць кожную капейку. Непапулярную рэч кажу напярэдадні выбараў. Але які папулізм можа быць? Гэта я да прыкладу кажу. Таму трэба строга глядзець: дзе дзіцячы садок трэба пабудаваць — трэба, дзе школу — трэба. Дарогі — святое, мы аб гэтым ужо казалі і многае зрабілі ў гэтым плане. Транзітная краіна, не будзе дарог — людзі перастануць сюды ездзіць, перамяшчацца праз Беларусь. Сёння ў Еўропу і назад няма дарог больш, усё праз Беларусь. Ну дык трэба разумець, што для нас гэта таксама добра: людзі едуць, вязуць грошы, працуе гандаль, купляюць тавары», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
— Народны экспарт. Што ў гэтым дрэннага? Людзі з задавальненнем купляюць харчаванне, адзенне, іншыя нашы тавары. Не трэба траціцца прадпрыемствам і везці кудысьці тавары. Яны з высокай дабаўленай вартасцю вывозяцца ў іншыя краіны. Не толькі ў Расію, на Усход. Таму дарогі трэба будаваць. Яны павінны быць у парадку«.
Гаспадарскі падыход да размеркавання рэсурсаў
Па словах Прэзідэнта, улічваючы важнасць бягучага года, трэба будаваць і ўводзіць аб’екты з хуткай аддачай і комплексным эфектам. Гэта электрасеткі, дарогі, сувязь. Відавочна, што іх наяўнасць дасць магчымасць прадаставіць больш вытворчых пляцовак, палепшыць лагістыку. «Увогуле, неабходны гаспадарскі падыход да размеркавання наяўных рэсурсаў. І трэба не забываць, што экспарт сёння зноў становіцца найважнейшым элементам у нашай эканоміцы. Вырабляем шмат, палову спажываем, палову трэба прадаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым ён патрабуе ад чыноўнікаў забыцца пра турыстычныя паездкі за мяжу. «Паехаў член урада, службовая асоба, губернатар, Прэзідэнт, прэм’ер — значыць, адтуль мы павінны прывезці два-тры істотныя пытанні для нашай краіны. Мы павінны за нешта зачапіцца», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. У прыклад ён прывёў Аман, дзе з візітам пабывалі і прэм’ер-міністр, і Прэзідэнт. Кірункі працы там вызначаны, значыць, трэба працаваць, каб быў вынік. «Міністр замежных спраў будзе мне штомесяц дакладваць аб выніках», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, часта здараецца, калі дамоўленасці, дасягнутыя падчас замежных візітаў службовых асоб, так і застаюцца на ўзроўні слоў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу на важнасць выканальніцкай дысцыпліны. «Нічога не трэба выдумваць. Дамовіліся — трэба зрабіць», — заявіў ён.
Нельга траціць грошы проста так
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся планамі Інвестыцыйнай праграмы на 2025 год, спытаў, як расстаўлены прыярытэты. «Ні адной капейкі нельга траціць на тое, без чаго мы можам абысціся. Усякія офісы, канторы і іншае — у нас гэтага хапае. Дзяржаўныя яны, для МУС, дзяржслужачых — няважна для каго. І эканомія, эканомія, эканомія», — заявіў ён. Прэзідэнт папярэдзіў, што асаблівае стаўленне будзе да Камітэта дзяржаўнага кантролю. «Ваша галоўнае пытанне — гэта грошы, бюджэт. Вось туды вы павінны ўнікаць і кантраляваць урад, міністраў — усіх, хто стаіць за гэтымі грашыма», — засяродзіў ён увагу старшыні КДК Васіля Герасімава.
Аб’ём укладанняў у інвестыцыйную праграму запланаваны на ўзроўні 6,6 мільярда рублёў — грошы немалыя. Таму Прэзідэнт пацікавіўся эфектыўнасцю інвестыцыйнай праграмы для эканомікі.
«Калі мы па-гаспадарску, эфектыўна ўкладзём гэтыя грошы, мы атрымаем добры эфект, ён нам патрэбен сёння. Кожны ўкладзены рубель павінен даваць максімальную аддачу», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што не мог адразу падпісаць інвестыцыйную праграму, яшчэ раз яе не прааналізаваўшы з міністрамі, віцэ-прэм’ерамі, адказнымі за яе падрыхтоўку, і прадстаўнікамі губернатарскага корпуса. Ён раскрытыкаваў Адміністрацыю Прэзідэнта за тое, што на першую нараду, прысвечаную інвестыцыйнай праграме, былі запрошаны тры чалавекі і сярод іх не было адказных віцэ-прэм’ераў, прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі, якія спажываюць львіную долю сродкаў, прадугледжаных праграмай. Прэзідэнт заявіў, што павінна быць альтэрнатыўнае меркаванне. Таму, па яго словах, інвестыцыйная праграма не была падпісана адразу. «Думаю: давайце паглядзім, давайце па-гаспадарску падыдзем да гэтага», — адзначыў Прэзідэнт. Ён яшчэ раз зрабіў акцэнт на недапушчальнасці неабгрунтаваных затрат. «Нельга траціць грошы проста так!» — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады і да ўсіх службовых асоб, Прэзідэнт паўтарыў, што для іх на першым месцы павінна быць выканальніцкая дысцыпліна і адказнасць за рашэнні, якія прымаюцца.
«Калі вы хочаце працаваць — працуйце. Калі вы не хочаце працаваць — скажыце. Ужо выраслі сярэдняга ўзроўню маладыя хлопцы, якія хочуць працаваць, а не спрабуюць нейкія адпіскі закідваць Прэзідэнту, — сказаў ён. — І атрымліваецца: адны збеглыя і іншыя чакаюць, калі здохне Прэзідэнт: „Вось памрэ, голас у яго не той, цяжка яму гаварыць“. Ды не дачакаецеся! А іншыя сядзяць, як мышы пад венікам, і думаюць: „Пранясе“. Хлопцы, не пранясе».
Трэба пражыць пяцігодку так, каб не было сорамна перад будучымі пакаленнямі
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што наступны год і пяцігодка будуць няпростымі. Ён растлумачыў, што на сітуацыю ў Беларусі будзе значна ўплываць эканамічная сітуацыя ў Расіі, нашага асноўнага партнёра. Расія застанецца нашым асноўным рынкам і надалей. «Але нам трэба разумець, што на расійскім рынку будзе вельмі складана. На рынку СНД будзе не прасцей», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, прагноз па ключавых індыкатарах развіцця ў Расіі вельмі асцярожны: рост эканомікі ў межах 1,5–2,5 працэнта, двухзначныя банкаўскія стаўкі, бюджэтны дэфіцыт, які расце (больш як 1,2 трлн рублёў). «Трэба рухацца. Трэба пражыць не толькі наступны год, але і пяцігодку, выцягнуць так, каб сорамна не было перад будучымі пакаленнямі», — арыентуе беларускі лідар.
Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што цяпер некаторыя зыходзяць з прынцыпу «не вазьму з бюджэту я, возьме хтосьці іншы». Ад такіх падыходаў трэба катэгарычна пазбаўляцца. «А прэм’ер з міністрам фінансаў на гэта праз пальцы глядзяць. Вось таму я не падпісаў адразу гэту інвестыцыйную праграму. Думаю: давайце паглядзім, давайце па-гаспадарску падыдзем да гэтага», — адзначыў ён. Па гэтай прычыне на даклад Прэзідэнту аб зацвярджэнні Дзяржінвестпраграмы гэтым разам быў запрошаны шырокі склад удзельнікаў, уключаючы кіраўніцтва ўрада і шэрагу міністэрстваў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Бяспекі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Мінскага абласнога і гарадскога выканкамаў.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што варта засяродзіцца на фінансаванні тых аб’ектаў і галін, якія даюць хуткую аддачу. Напрыклад, сельская гаспадарка і вытворчасць малака ў прыватнасці. «Калі ў нас малако без праблем прадаецца і малакапрадукты, дык, можа, сапраўды пабудаваць малочныя цэхі, малочнатаварныя комплексы і прадаць гэта малако?» — прапанаваў ён. Кіраўнік дзяржавы заклікае ўсіх адказных на тое, што трэба паглыбляцца, трэба думаць, за кошт чаго можна атрымаць даходы, за кошт чаго можна развівацца, улічваючы сітуацыю, якая складваецца вакол краіны.
Асобна Прэзідэнт папярэдзіў людзей у пагонах: ніякіх лішніх трат не будзе, у тым ліку на будаўніцтва аб’ектаў, якія не з’яўляюцца першачарговымі. «Мы дамовіліся, што не муштра павінна быць ва Узброеных Сілах. Ва Узброеных Сілах павінны быць падрыхтаваныя ў фізічных адносінах людзі. Я для прыкладу кажу. Але калі недзе нешта трэба, вы скажыце, мы прымем рашэнне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Дробязі выліваюцца ў мільярды
Міністр эканомікі Юрый Чабатар у сваім дакладзе расказаў, што на рэалізацыю праграмы запланавана накіраваць 2,2 мільярда рублёў. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што істотна змянілася пасля таго, як ён першы раз адправіў праект праграмы на дапрацоўку.
Юрый Чабатар адзначыў, што інвестпраграму ўмоўна можна раздзяліць на дзве часткі. Першая — гэта мерапрыемствы, такія як меліярацыя, будаўніцтва арэнднага жылля, пагашэнне крэдытаў...
Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што па такіх кірунках, як меліярацыя і арэнднае жыллё, работа ўжо наладжана. «У мінулым годзе мы нямала ўклалі ў меліярацыю. А вы мне павінны зараз далажыць, што вы пракантралявалі, што гэтыя 100 ці 50 тысяч гектараў уведзены ў строй і яны сёння выкарыстоўваюцца», — звярнуўся Прэзідэнт да міністра эканомікі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адну праблему: грошы ўкладваюцца, а кантролю за аддачу ад гэтых укладанняў няма.
Другі блок інвестпраграмы — гэта ўжо канкрэтныя аб’екты, іх 86. Сярод аб’ектаў — 22 рэспубліканскія масты і дарогі. Аляксандр
Лукашэнка раскрытыкаваў адказных асоб за тое, што грошы на дарогі выдзяляюцца неахайна. У прыклад ён прывёў шчыты для абароны ад шуму, якія каштуюць нямала і не заўсёды ўзводзяцца там, дзе гэта сапраўды трэба.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней уздоўж дарог высаджваліся дрэвы, якія і ад снегу абаранялі, і ад шуму. І, што нямалаважна, у адрозненне ад шчытоў, паглыналі ўсе шкодныя выкіды ад дарогі. «А цяпер мы шчыты ставім, агідна глядзець», — абурыўся кіраўнік дзяржавы. Ён ужо даручаў разгледзець гэта пытанне і, дзе магчыма, замяніць шчыты на дрэвы. Але ў некаторых месцах да выканання даручэння падышлі абы збыць і высадзілі некалькі дрэўцаў... Прэзідэнт запатрабаваў, каб падобнай безгаспадарчасці ў краіне не было. «Дробязі ў краіне выліваюцца ў мільярды», — канстатаваў ён.
Юрый Чабатар далажыў, што ў рамках інвестыцыйнай праграмы запланавана будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў. Сярод іх — раённая бальніца ў Паставах, інфекцыйная бальніца ў Віцебску, школа і паліклініка ў Астраўцы. Працягнецца будаўніцтва РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах і РНПЦ «Маці і дзіця» ў Мінску. «Будуць рэалізаваны праекты, якія маюць эканамічны эфект і здольныя забяспечыць развіццё вытворчай сферы», — адзначыў міністр.
Прэзідэнт звярнуў увагу на рацыянальны падыход у будаўніцтве медыцынскіх аб’ектаў. «Вы хочаце будаваць бальніцы. Я не магу сказаць, што нам не трэба бальніцы будаваць. Але вы вызначыцеся, дзе трэба», — заявіў ён. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, варта звярнуць увагу не столькі на буйныя рэспубліканскія цэнтры, колькі на невялікія ўстановы, там праблем больш. «У нас праблема, што ФАПы ў раёнах не заўсёды працуюць, у нас чэргі ў паліклініках...Дык, можа, туды накіраваць гэтыя грошы, пачынаючы ад зарплаты і іншага, — абурыўся беларускі лідар. — Вось у чым пытанне, каб мы лічылі кожную капейку, якую затрацілі на ложак у бальніцы ці на школу».
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў: гэта ні ў якім разе не сведчыць аб тым, што бальніцы не патрэбны. Людзі хварэюць на анкалогію, сардэчна-сасудзістыя захворванні. «Давайце туды накіроўваць грошы, каб ратаваць людзей», — прапанаваў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што варта інвеставаць грошы ў вытворчасць вакцын, лекавых сродкаў — тое, у чым мае патрэбу насельніцтва. Але і спытаць за гэта трэба адпаведна.
Трэба паглядзець, каб не было празмернасцяў
Пасля даклада Юрый Чабатар расказаў журналістам, што па выніках абмеркавання Прэзідэнт адправіў праект Дзяржінвестпраграмы на 2025 год на паўторную дапрацоўку. Кіраўнік дзяржавы даручыў яшчэ больш дэталёва адпрацаваць асобныя праекты, па якіх было абмеркаванне. «Вядома, тыя праекты, якія сёння ў высокай стадыі будаўніцтва, будуць працягнуты. Трэба ўсё ж паглядзець, каб не было празмернасцяў. А па тых праектах, па якіх ужо ёсць праектная дакументацыя, але будаўніцтва яшчэ не пачата, стаіць задача паглядзець, наколькі аб’ектыўна ёсць неабходнасць у іх будаўніцтве», — адзначыў Юрый Чабатар. Асобая ўвага — на аб’екты, якія ў першую чаргу дадуць магчымасць развіцця рэальнаму сектару эканомікі: прамысловыя прадпрыемствы, аб’екты энергетычнай, электрычнай і іншай інфраструктуры. «Разам з нашымі заказчыкамі мы паглядзім, што яшчэ можна ўзмацніць, каб сапраўды наша Дзяржінвестпраграма давала развіццё краіне, — адзначыў міністр эканомікі. — Кожная дзяржаўная капейка павінна разглядацца праз прызму эфектыўнасці, і гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы».
Юрый Чабатар расказаў, што было зменена ў праекце праграмы, калі кіраўнік дзяржавы першы раз адправіў яго на дапрацоўку: «Мы прынцыпова паглядзелі на тыя аб’екты, будаўніцтва якіх сёння не пачата. Мы прааналізавалі і вырашылі, што сёння не час і не прыярытэт прыступаць да іх узвядзення. І мы будзем вяртацца да пытання будаваць такія аб’екты ці не праз год. Тут нічога страшнага няма, бо будаўніцтва яшчэ не пачалося і пакуль ёсць іншыя прыярытэты». Пасля таго, як Прэзідэнт другі раз адправіў праект на дапрацоўку, адказныя асобы яшчэ раз звернуць пільную ўвагу на некаторыя аб’екты.
Фота БелТА.
У ТЭМУ
Прынцыпы разумнасці і мэтазгоднасці павінны пераважаць
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой расказаў журналістам, што кіраўнік дзяржавы запатрабаваў да канца студзеня яшчэ раз пераправерыць, як ідуць справы з аб'ектамі, увод якіх у эксплуатацыю запланаваны на 2025 год — наколькі рэальныя тэрміны і якія сумы можна сэканоміць на стадыі будаўніча-мантажных работ і куплі пэўных відаў абсталявання. Яшчэ адно даручэнне — праверыць спіс тых аб'ектаў, якія прапануюцца да завяршэння ў 2026 годзе — з улікам параметраў інфляцыі і грашова-крэдытнай палітыкі. Усяго размова ідзе пра больш як 80 аб'ектаў. Выконваць гэтыя даручэнні будуць і заказчыкі дзяржпраграм, куды ўключаны гэтыя аб'екты, і КДК, і Мінфін як распарадчык бюджэтных сродкаў, і аблвыканкамы, на тэрыторыі якіх рэалізоўваюцца праекты. Вынікі гэтай рэвізіі лягуць на стол Прэзідэнту.
Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын у размове з журналістамі адзначыў, што большасць аб'ектаў у рэгіёне будуецца за кошт рэгіянальных праграм і ў дзяржаўнай інвестпраграме аб'ектаў для сталічнай вобласці не так шмат. Ключавы аб'ект, на які дзяржаўнай праграмай выдзелены сродкі, — хірургічны корпус Мінскай абласной бальніцы, на стварэнні якога завязаны цэлы комплекс мерапрыемстваў. Па яго словах, паколькі дзяржаўная інвестыцыйная праграма вырашае шмат пытанняў, важных для кожнага рэгіёна паасобку і для краіны ў цэлым, да яе напаўнення трэба падыходзіць удумліва.