У Беларусі колькасць электрамабіляў павялічылася ўдвая за 2025 год у параўнанні з 2024-м. Такія звесткі прывялі ў кампаніі «Беларуснафта», паведаміла БелТА.
На гэты момант у краіне зарэгістравана 49 557 аўтамабіляў з зялёнымі нумарамі, адзначылі на прадпрыемстве.
«У краіне было прынята рашэнне ў 2026 годзе захаваць нулявую размытнёўку на электракары, Беларусь атрымала квоту на ўвоз 20 тыс. „чыстых электрычак“. Таксама для стымулявання рынку дзяржава падоўжыла дзеянне шэрагу прэферэнцый і льгот для электратранспарту да 2028 года, аднак скасавала бясплатную паркоўку для электракараў», — нагадалі ў кампаніі.
На найбліжэйшую пяцігодку пастаўлена мэта — 300 тыс. электрамабіляў. Гэта лічба эквівалентная 10 % аўтамабільнага трафіку. Згодна з планамі, пры захаванні тэндэнцыі для забеспячэння камфортнай зарадкі будзе даступна не менш за 8-10 тыс. ЭЗС, зрабілі прагноз на прадпрыемстве.
Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.