Top.Mail.Ru

«Кожны чалавек можа знайсці сябе ў гэтым дакуменце»

Праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады абмеркавалі на абласным сходзе дэлегатаў УНС ад Гомельскай вобласці.


Аб ключавых трэках развіцця ў новай пяцігодцы, у цэнтры ўвагі якой — чалавек, нагадаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. 

— Праграма распрацавана на падставе найважнейшых арыенціраў, вызначаных у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2040 года і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Такі падыход забяспечвае паступальнае развіццё наперад, дазволіць аб’яднаць сярэднетэрміновыя меры з доўгатэрміновымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства, — выказаў упэўненасць кіраўнік рэгіёна. 

На хвалюючыя пытанні па далейшай рэалізацыі Праграмы, якія ўзніклі па меры абмеркавання праекта ў дэлегатаў УНС ад Гомельскага рэгіёна, адказала намеснік міністра эканомікі Алена Балігатава. Узнімаліся тэмы перспектыў дэмаграфічнай павесткі, інвестыцыйнай актыўнасці аддаленых раёнаў. Значную ўвагу падчас абмеркавання надалі пытанню ўзвядзення арэнднага жылля і ў цэлым жыллёвага будаўніцтва, развіццю транспартнай інфраструктуры ў рэгіёнах. 

У тым, што якасныя дарогі, безумоўна, — драйвер развіцця тэрыторый, пераканана дэлегат УНС, прадстаўніца Жлобінскага раёна — дарожны майстар УП па аказанні паслуг «Металургсацсэрвіс» Святлана Каваленка.

— Наша прадпрыемства аказвае паслугі не толькі па ўтрыманні дарог на тэрыторыі Беларускага металургічнага завода, але, вядома, мы прымаем удзел у развіцці і абслугоўванні дарог Жлобінскага раёна ў цэлым. Хачу сказаць, што кіраўнік дзяржавы дарожнаму пытанню заўжды ўдзяляе вялікую ўвагу. І ў нас у раёне вельмі шмат дарог рамантуецца. Вядома, ёсць праблемныя ўчасткі, але мы заўсёды чуем усе заўвагі і прапановы, імкнёмся ўсё ўлічваць, аператыўна рэагуем, — адзначыла дэлегат. 

Дэлегат УНС, начальнік бюро адаптацыі і кар’ернага прасоўвання моладзі ўпраўлення па рабоце з персаналам ААТ «Гомсельмаш», старшыня камісіі па адукацыі і прафарыентацыйнай рабоце Маладзёжнага савета пры Гомельскім абласным Савеце дэпутатаў Станіслаў Сямёнаў у праекце Праграмы звярнуў увагу на палажэнні дакумента, якія датычацца моладзі. 

— Як дэлегата, выбранага ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, мяне хвалюе развіццё маладзёжнай палітыкі. З упэўненасцю канстатую, што ў нашай краіне вядзецца каласальная, сістэмная работа. Прыклад — інстытут размеркавання. Малады чалавек, які атрымаў першае працоўнае месца, надзейна абаронены статусам маладога спецыяліста. Гэты статус — не проста фармальнасць, а рэальны механізм, які дае гарантыі замацавання на першым працоўным месцы, — звярнуў увагу дэлегат. — Заўважная роля настаўніцтва ў калектывах. 

Гэта жывы і дзейсны інструмент, які дапамагае ў засваенні прафесіі, атрыманні практычных навыкаў і кампетэнцый. Я бачу гэта на прыкладзе нашага прадпрыемства, ААТ «Гомсельмаш», дзе кожнага новага супрацоўніка замацоўваюць за настаўнікам па практычнай адаптацыі і куратарам па сацыяльнай адаптацыі... Разлічваю, што ўмовы для стваральнай працы маладых будуць і ў наступнай пяцігодцы. 

Чачэрскі раён на УНС у чарговы раз прадстаўляе дырэктар ААТ «Зорка» Чачэрскага раённага Галіна Трыбунах. Як падзялілася дэлегат УНС, у абмеркаванні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 яе як аграрыя хвалююць дзейсныя механізмы падтрымкі вяскоўцаў і адраджэння беларускай вёскі. 

— Вельмі важны аспект, на маю думку, — будаўніцтва жылля ў вёсцы для шматдзетных сем’яў. На жаль, сёння ў сельскай мясцовасці адчувальны адток людзей. Узнікаюць праблемы не толькі з кадрамі для сельскай гаспадаркі, а ў цэлым са спецыялістамі масавых прафесій. Таму, калі і далей з вёскі людзі будуць пераязджаць жыць горад, сельская мясцовасць, безумоўна, сутыкнецца з сур’ёзнай праблемай, — адзначыла хвалюючы момант дэлегат. — А, як сказаў нядаўна наш Прэзідэнт, не будзе вёскі — не будзе дзяржавы. 

На тое, што пасля абмеркавання і зацвярджэння праграма пяцігодкі стане законам для далейшай работы ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, звярнула ўвагу дэлегат УНС ад Беларускага саюза жанчын, намеснік кіраўніка адміністрацыі па кіраванні маёмасцю СЭЗ «Гомель-Ратон» Антаніна Яжова.

— У Праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады зроблены аналіз дасягнутых вынікаў і вызначаны сем прыярытэтаў. І гэта не сухія лічбы — кожны чалавек можа знайсці сябе ў гэтым дакуменце. Важна, што праграма пасля прыняцця на Усебеларускім народным сходзе стане законам для ўсіх. Па сямі прыярытэтах распрацаваны асобныя праграмы, а ў іх — падпраграмы. За іх рэалізацыяй замацаваны віцэ-прэм’еры, кіраўнікі ў рэгіёнах, а ад губернатараў паслядоўна адказнасць за рэалізацыю пяройдзе да выканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Гэта важны гарант таго, што ўсе праграмы будуць паслядоўна выконвацца, — зрабіла акцэнт дэлегат. 

На значнасць жывых сустрэч і ўсебаковага абмеркавання найважнейшых для краіны дакументаў звярнуў увагу дэлегат УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў Гомельскай вобласці, рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога Артур Пуцята. 

— Улічваецца меркаванне кожнага. Гэта сапраўды так і гэта абсалютна не галаслоўна. Згадваю першае пасяджэнне нашага сёмага УНС, калі пры галасаванні Прэзідэнт стаяў у чарзе разам з іншымі дэлегатамі. Ці гэта не дэмакратыя?! — прыгадаў ён дэталь, якая ўразіла на мінулым пасяджэнні. — А што да абмеркавання, то сапраўды, я ўпэўнены, што ў кожным калектыве гэтыя пытанні ўзнімаюцца, людзям цікава, таму што ўсе адлюстраваныя ў праграме пытанні напісаны пра кожнага з нас. Важна і тое, што ў праграме кожны знойдзе тое, што дапаможа яму зрабіць асабісты ўнёсак у заўтрашняе развіццё краіны, — перакананы дэлегат. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю