Top.Mail.Ru
242

«Кожная дзяржава павінна думаць аб абараназдольнасці»

Удзельнікі закрытай нарады ў Прэзідэнта раскрылі журналістам некаторыя падрабязнасці размовы па тэме ракетабудавання



«Сёння паўстаюць пытанні аб аснашчэнні ракет і ядзернымі боегалоўкамі ў тым ліку» 

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што дынаміка сучасных ваенных пагроз сёння зашкальвае, у нашых суседзяў назіраецца істотнае павелічэнне выдаткаў на абарону, павышаная ўвага да пытанняў мілітарызацыі, каля нашых заходніх граніц назіраецца ваенная актыўнасць. «Усё гэта прымушае нас па-асабліваму глядзець на пытанні абараназдольнасці нашай дзяржавы. Як кажа Прэзідэнт, мы нікому не пагражаем, але, што датычыцца абароны нашай дзяржавы, нашых нацыянальных інтарэсаў і нашага народа, — гэта ў аснове ўсяго. І пытанні, звязаныя з павышэннем нашай абараназдольнасці, надзвычай важныя. На першы план тут выходзяць пытанні стратэгічнага стрымлівання, стратэгічнай зброі. І сюды адносяцца пытанні, звязаныя з ракетнай вытворчасцю. Ракетныя войскі, артылерыя — гэта адзін з найважнейшых складнікаў нашых Узброеных Сіл, і яны павінны адпавядаць патрабаванням часу і быць здольнымі выканаць задачы ў адпаведнасці з новымі формамі і спосабамі баявых дзеянняў, якія мы ўзмоцнена вывучаем», — расказаў Аляксандр Вальфовіч. 

Паводле яго слоў, нарада ў Прэзідэнта была прысвечана стварэнню ракетнай вытворчасці. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб аспектах асваення праграмы па ракетнай вытворчасці ў нашай краіне, якая завяршаецца сёлета. Праграма была прынята ў 2020-м на пяцігадовы тэрмін. «Пяць гадоў таму мы пачыналі з нуля. У нашай краіне ніколі не было ракетнай вытворчасці. Нам гэта было не трэба, мы -- мірная краіна, вырабляем трактары, аўтобусы. Але жыццё падштурхоўвае да таго, што кожная дзяржава павінна думаць аб пытаннях абараназдольнасці. Таму была прынята пастанова аб стварэнні ўласных ракет», — нагадаў гісторыю пытання дзяржаўны сакратар. Разам з расійскімі, кітайскімі партнёрамі былі створаны адпаведныя напрацоўкі, якія ўжо добра сябе зарэкамендавалі. 

«Сёння паўстаюць пытанні аб аснашчэнні ракет і ядзернымі боегалоўкамі ў тым ліку», — сказаў Аляксандр Вальфовіч. Ён паведаміў, што разглядаецца пытанне аб аснашчэнні такімі боегалоўкамі ракетнага комплексу «Паланэз». Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на тое, што гэты комплекс быў створаны сумесна з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Пазней ён быў паспяхова мадэрнізаваны ўжо на беларускіх прадпрыемствах. «Сёння гэта самы сучасны комплекс. Далёкасць ракеты была 200 км, сёння гэта ракеты (далёкасцю. — «Зв.») 300 км. Гэта высокадакладная зброя. Вядома ж, любая зброя патрабуе карэкціроўкі, унясення змяненняў. Ужо ставяцца пытанні аснашчэння гэтых ракет ядзернымі боегалоўкамі і як інтэграваць тэхналогіі «Арэшніка», можа быць, у нейкія ракеты сумесныя. Як сумесна ўжо з расійскім бокам карэкціраваць і працаваць у гэтым напрамку, ствараючы сучасную ракету», — сказаў дзяржсакратар Савета Бяспекі. «Гэта не дзеля пагроз камусьці. Мы глядзім, як ЗША, заходнія краіны ствараюць аналагічныя комплексы з далёкасцю 600 і больш кіламетраў. Трэба паспяваць і ісці ў гэтым кірунку», — перакананы Аляксандр Вальфовіч. 

Па ўсіх гэтых пазіцыях Прэзідэнт задаваў прынцыповыя пытанні на нарадзе. Кіраўнік дзяржавы паглыблены ў гэту тэму, таму актыўна цікавіўся ўсімі аспектамі. «Прэзідэнт паставіў задачу паглядзець, што наогул зроблена па сучасных відах узбраення нашым ваенна-прамысловым комплексам, і яго праінфармаваць, куды далей рухацца, што трэба карэкціраваць. Пастаўлены задачы не спыняцца, рухацца наперад», — расказаў дзяржаўны сакратар.

«Мы вельмі шмат працавалі над фактычна стварэннем школы ракетабудавання»

Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус расказаў, што кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках работы ў галіне ракетабудавання за апошнія пяць гадоў. «Я нагадаю, што былі досыць паспяховыя праекты ў гэтым плане — зенітна-ракетны комплекс «Бук-МБ2», які прыняты на ўзбраенне ва Узброеных Сілах з першай айчыннай зенітна-кіраванай ракетай далёкасцю больш за 70 кіламетраў. Сёння комплекс серыйна вырабляецца і цікавасць да яго вялікая. У гэтай пяцігодцы нам удалося завяршыць праект па гранатамётным комплексе «Сапфір». Мы вельмі шмат працавалі над фактычна стварэннем школы ракетабудавання. Мы працягвалі работу па навучанні спецыялістаў, у тым ліку і ў Расійскай Федэрацыі, па вузкаспецыялізаваных спецыяльнасцях. Сёння шэраг спецыялістаў ужо прыбылі да нас і працуюць на нашых прадпрыемствах. Гэта работа будзе працягнута», — адзначыў Дзмітрый Пантус. Таксама на нарадзе старшыня ВПК далажыў Прэзідэнту аб патэнцыяльных праектах на будучыню.

Валерыя СЦЯЦКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю