Мы звыкліся да вестак пра тое, як б’юць цанавыя рэкорды карціны Шагала, Суціна на сусветных аўкцыёнах, але яшчэ адным «цяжкавагавіком» аўкцыённых «боек» з’яўляецца мастак Фердынанд Рушчыц, які паходзіць з мястэчка Багданава сённяшняга Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Кошт на яго карціны дасягае паўмільёна еўра!
Так, у 2016 годзе яго работа «Млын зімою» (1902) была прададзена на аўкцыёне PolSwissArt за 507 596 еўра! Гэта абсалютны рэкорд для твораў гэтага мастака. Прычым стартавы кошт на палатно вырас больш чым у 3 разы! Гэта класічны прыклад паспяховага інвеставання ў каштоўнасці, які сведчыць, што творчасць Фердынанда Рушчыца сапраўды расце ў цане, склаўшы 300 %-ы прыбытак.
«Млын зімою» — палатно вялікага памеру, складанае, а таму каштоўнае па якасцях жывапісу.
Фердынанд Рушчыц — прызнаны ў краінах Усходняй Еўропы мастак, чыя творчасць непасрэдна звязана з яго малой радзімай — маёнткам Багданава непадалёк ад Ашмянаў — дзе ён стварыў свае многія карціны. Кавалер ордэна Ганаровага легіёна (Францыя). У 2020 годзе некалькімі краінамі, у тым ліку Беларуссю і Расіяй, адзначалася 150-годдзе з дня нараджэння жывапісца пад эгідай ЮНЕСКА.
Алесь Сухадолаў
Фота: www.polswissart.pl