Інтрыга вырашыцца хутка — 2 кастрычніка. Напярэдадні Дня настаўніка ва ўрачыстай абстаноўцы абвесцяць імя пераможцы. У самым разгары — фінальны адбор. Канкурсантам прапанавалі правесці майстар-класы ва ўніверсітэтах і адкрытыя ўрокі ў школах, затым — комплексная пісьмовая работа, пасля якой вызначацца дзевяць удзельнікаў суперфіналу. Сочым за развіццём падзей!
Эфектыўная школа росту
Фінальны тыдзень конкурсу стартаваў у Палацы Рэспублікі яркім, шумным і вельмі эмацыйным адкрыццём. Свае каманды прадставіў кожны рэгіён Беларусі і Мінск. Іх падтрымлівалі балельшчыкі, сярод якіх былі калегі-землякі і вучні. Абстаноўка ў зале была проста прасякнута пазітывам.
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ чакае ад конкурсу педагагічныя знаходкі і новыя імёны, якія будзе ведаць уся Беларусь:
— Спаборнічаюць педагогі, якія выкладаюць усе школьныя прадметы, а ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў, паказаны на раённых і абласных этапах, і тая ўвага, якую ўдзялілі конкурсу абласныя ўпраўленні адукацыі і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, дазваляюць чакаць сур’ёзнай і канкурэнтнай барацьбы.
Па выніках комплексных выпрабаванняў на ўзроўні ўстаноў адукацыі, раёнаў і рэгіёнаў у фінал выйшлі 63 педагогі. За выхад у суперфінал выпала змагацца 23 мужчынам і 40 жанчынам. Іх сярэдні ўзрост — 35 гадоў. Самаму дасведчанаму канкурсанту — 52 гады, самаму юнаму — 24. За сухой статыстыкай — лёсы, характары, штодзённая праца, любоў да дзяцей і адданасць справе.
— Канкурсанты прадстаўляюць лепшы педагагічны вопыт усіх рэгіёнаў. Ужо адно гэта годна глыбокай павагі і шчырага захаплення, — упэўнены намеснік міністра адукацыі. — Для настаўнікаў конкурс — эфектыўная школа прафесійнага і асобаснага росту, а для грамадства і дзяржавы — магчымасць папулярызацыі прафесіі педагога, павышэння яго статусу, распаўсюджвання інавацыйных ідэй і наватарскага педагагічнага вопыту.
Асэнсаваць працу настаўніка за вельмі кароткі час па нейкіх конкурсных эпізодах надзвычай складана, лічыць член журы народны настаўнік Валерый БАРАШКАЎ, які выкладае фізіку ў Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1:
— Ды і ацэньваць, на мой погляд, павінны дзеці, а не дарослыя. Таму я буду судзіць, як душа падкажа, бо для мяне настаўнік года — гэта той, хто можа запальваць дзіцячыя вочы, дзіцячыя сэрцы.
Сем плюс дзве
Нагадаем, што конкурс «Настаўнік года Беларусі» праводзіцца раз у тры гады. Сёлета ён праходзіць па дзевяці намінацыях, да сямі ранейшых дадаліся дзве новыя — «Малады настаўнік» і «Малады дырэктар». Нагадаем, што лепшых выберуць таксама ў намінацыях «Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка», «Замежная мова», «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура», «Пачатковыя класы», «Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка», «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія» і «Хімія, біялогія».
«Перамагаць не сапернікаў, а сябе»
Андрэй БЯЗЛЕПКІН — фіналіст конкурсу, настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 3 г. Магілёва. Ён улюблёны ў сваю прафесію і сваёй галоўнай мэтай ставіць прывіванне такога пачуцця ў дзяцей да фізічнай культуры, спорту, здаровага ладу жыцця:
— Дзеці не павінны сядзець у гаджэтах, яны павінны рухацца як мага больш. Іх трэба займаць не толькі на ўроках, а далучаць да мерапрыемстваў, да якіх яны будуць праяўляць жывую цікавасць. Напрыклад, удзельнічаць у алімпійскім руху, як гэта робяць нашы гімназісты на працягу ўсяго навучальнага года ў самых розных дысцыплінах. У нас выдатныя вынікі і шмат перамог. Напрыклад, мае дзеці рэгулярна становяцца першымі на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбным прадмеце, ставяць рэкорды краіны. Перамогшы раз, яны будуць імкнуцца паўтарыць гэту хвіліну славы зноў і зноў.
Для Андрэя Віктаравіча хвіліна славы ўжо наступіла: ён — у ліку фіналістаў конкурсу.
— Пераможца гэтага няпростага спаборніцтва будзе адзін, — разважае ён. — Але па сутнасці, мы ўсе тут — пераможцы. Таму што ў Мінск прыехалі вельмі моцныя настаўнікі, якія цікавяцца адукацыяй, якія развіваюцца, не стаяць на месцы. Для мяне знаходзіцца сярод іх — гэта стымул і матывацыя для далейшай педагагічнай дзейнасці, магчымасць выйсці на зусім іншы ўзровень.
Перамагаць не сапернікаў, а сябе, старацца ўсталяваць уласны рэкорд — такому жыццёваму і прафесійнаму правілу следуе Андрэй Бязлепкін. Гэтаму ён вучыць і сваіх выхаванцаў.
Ці лёгка «стаць сваім» за 45 хвілін?
Фіналістам прапанавалі правесці ўрокі і за 45 хвілін не толькі прадэманстраваць прафесійнае майстэрства, але і наладзіць кантакт з вучнямі.
Сёлета арганізатары змянілі падыход да ацэнкі ўдзельнікаў. Як растлумачыла дырэктар Інстытута прафесійнага развіцця работнікаў адукацыі Інеса ЗУБРЫЛІНА, упершыню да конкурсу распрацавалі асобныя метадычныя рэкамендацыі. У іх загадзя падрабязна апісалі кожнае конкурснае выпрабаванне, яго мэты і задачы, а таксама крытэрыі ацэнкі. Усе матэрыялы размясцілі ў адкрытым доступе на сайце конкурсу. Такім чынам, педагогі маглі яшчэ да пачатку спаборніцтваў ведаць, на што звярнуць увагу падчас выступленняў, падкрэслівае яна:

— Для падрыхтоўкі і выбудоўвання сваёй траекторыі паводзін на конкурсе гэта, безумоўна, спрыяе больш якаснаму праходжанню спаборніцтваў. Бо ацэньваюцца не толькі метадычная кампетэнтнасць і прафесійныя якасці. Важнае значэнне маюць і асабістыя здольнасці педагога: уменне хутка заўважыць рэакцыю вучняў, зразумець іх гатоўнасць працаваць, правільна арганізаваць узаемадзеянне.
У кожнага — свой шлях да перамогі, свае прафесійныя сакрэты. У любым выпадку лёгкім гэта спаборніцтва не назавеш, прызнаецца настаўніца англійскай мовы з аграгарадка Ціхінічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці Ганна ПАНФІЛЕНКА:
— Падрыхтоўка да рэспубліканскага этапу конкурсу пачалася адразу пасля таго, як я перамагла ў сваёй намінацыі на абласным узроўні, у канцы сакавіка. Праца была працяглай і патрабавала вялікіх намаганняў. Трэба было карэктна сфармуляваць і прадставіць сваю работу, усё зрабіць у адпаведнасці з патрабаваннямі. Пры гэтым сам конкурс я не ўспрымаю выключна як спаборніцтва. Для мяне гэта перш за ўсё абмен вопытам з калегамі, дэманстрацыя свайго досведу.
Адным з самых хвалюючых выпрабаванняў стаў урок у гімназіі № 12 горада Мінска. Тэму ўдзельнікі атрымалі напярэдадні — пасля жараб’ёўкі.
— Мы называем гэты ўрок начным, таму што яму звычайна папярэднічае бяссонная ноч. Але гэты стан, пасля ўсяго, немагчыма перадаць словамі! Гэта адрэналін, адначасова эйфарыя і расслабленне, — дзеліцца ўражаннямі Ганна Панфіленка. — Для мяне важным стаў і сам вопыт работы ў іншай установе адукацыі. Я засталася пад вялікім уражаннем ад гімназіі і яе дасягненняў.
Пасля заняткаў сваімі ўражаннямі падзялілася вучаніца 10 класа Аліна ДЗІСМАН. Паводле яе слоў, урок Ганны Панфіленка пакінуў выключна станоўчыя эмоцыі:
— Кантакт з класам Ганна Віктараўна здолела наладзіць з першых хвілін урока. З самага пачатку панавала цёплая атмасфера, таму было вельмі камфортна, і мы добра папрацавалі — складалі дыялогі, чыталі і слухалі, выконвалі розныя заданні. Матэрыял суправаджаўся ілюстрацыямі. Настаўніца выдатна ўзаемадзейнічала з намі, падбадзёрвала нас, хваліла за адказы і актыўнасць.
Менавіта здольнасць хутка «стаць сваім» для незнаёмага класа і ператварыць абмежаваныя 45 хвілін у паўнавартасны адукацыйны працэс становіцца адным з галоўных выпрабаванняў конкурсу. Для педагога гэта магчымасць паказаць не толькі тое, што ён ведае і ўмее, але і тое, як ён працуе з дзецьмі.
Алена ВІНАГРАДАВА, Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фото Лізаветы ГОЛАД