Беларускія партызаны ўнеслі важкі ўклад у Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі створаны 213 партызанскіх брыгад і 258 асобных атрадаў, з акупантамі гераічна змагалася звыш 374 тысяч народных мсціўцаў. Прыводзім цікавыя факты з гісторыі партызанскага руху на беларускай зямлі ў перыяд ваеннага ліхалецця.
Большасць брыгад і атрадаў насілі імёны вядомых рускіх палкаводцаў, вядомых партыйных і дзяржаўных дзеячаў СССР, герояў Грамадзянскай вайны і герояў Савецкага Саюза. З іх імя С. М. Кірава насілі 7 брыгад і 21 партызанскі атрад, імя У. І. Леніна — 6 брыгад і 5 атрадаў, імя К. Я. Варашылава — 6 брыгад і 31 атрад, імя І. В. Сталіна — 6 брыгад і 19 атрадаў, імя П. К. Панамарэнкі — 6 брыгад і 11 атрадаў, імя В. І. Чапаева — 5 брыгад і 37 атрадаў, імя А. В. Суворава — 4 брыгады і 37 атрадаў.
За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага народныя мсціўцы Беларусі знішчылі і паранілі больш за 500 тысяч гітлераўцаў, падарвалі і пусцілі па адхон 11 128 эшалонаў і 34 бронецягнікі, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі 18 700 аўтамашын, 819 чыгуначных мастоў, перабілі больш за 300 тысяч рэек, разбурылі 7300 кіламетраў тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 13 565 танкаў і бронемашын, 939 складоў.
На тэрыторыі Беларусі дзейнічаў 41 партызанскі аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму грузу на парашутах. За ўвесь перыяд партызанскай барацьбы савецкія лётчыкі здзейснілі 5945 самалёта-вылетаў, даставілі партызанам каля 2,5 тысячы тон розных грузаў, перавезлі з Вялікай зямлі 2626 чалавек і вывезлі з партызанскіх зон каля 9 тысяч параненых, дзяцей партызан і членаў партызанскіх сем’яў. З савецкага тылу партызаны Беларусі атрымалі 1348 мінамётаў, 1383 супрацьтанкавыя стрэльбы, 2674 кулямёты, 18 684 аўтаматы, 41 776 вінтовак і карабінаў, больш за 41 мільён патронаў, каля 188 тысяч гранат, 58 624 міны, 553 тоны толу, іншых відаў зброі і боепрыпасаў.
За гады акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі правялі 140 карных аперацый супраць партызан і мірнага насельніцтва. На прымусовыя работы ў Германію вывезена каля 380 тысяч беларускіх грамадзян.
У акупаваным Мінску дзейнічала 65 падпольных патрыятычных арганізацый і груп, якія налічвалі дзевяць тысяч чалавек.
Дзесяці арганізатарам і кіраўнікам партызанскага руху ў Беларусі пастановай СНК СССР ад 16 верасня 1943 года прысвоена воінскае званне генерал-маёр. Сярод іх: камісар 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады І. М. Дзікан, камандзір Чашніцкай брыгады Ф. Ф. Дуброўскі, камандзір Мінскага злучэння партызан В. І. Казлоў, камандзір Баранавіцкага партызанскага злучэння В. Я. Чарнышоў і іншыя.
За перыяд са жніўня 1942 да мая 1943 года ад жыхароў савецкага тылу ў распараджэнне Беларускага штаба партызанскага руху, які ў гэты час знаходзіўся ў Маскве, паступіла 13 вагонаў з пасылкамі для беларускіх партызан. Сярод дастаўленых народным мсціўцам падарункаў лічыліся: боты — 924 пары, чаравікі — 2084 пары, гімнасцёркі — 979, ручнікі — 4424, капшукі — 5470, кубкі — 12 219 шт., брытвы — 1186 і шмат чаго іншага.
Акрамя гэтага, паступілі ў пасылках: тытунь у скрынках — 937 кар., каўбаса сухая — 810 кг, цукеркі — 1604 кг, шакалад у плітках — 188 кг, пернікі — 826 кг, гарэлка — 379 літраў, мёд — 88 кг, соль — 4 тоны, мыла — 11 932 кавалкі і г. д.
Усе ўзнагароджанні беларускіх партызан адбываліся па ўказах Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за выключэннем медаля «Партызану Айчыннай вайны» І і ІІ ступені. Гэтая ўзнагарода ўручалася партызанам па загадах БШПР. Усяго за перыяд з сакавіка 1943 да 1947 года выйшлі 173 загады, па якіх гэтым медалём было ўзнагароджана звыш 80 тысяч народных мсціўцаў. Самы вялікі загад па колькасці ўзнагароджаных — 4310 партызан — выйшаў 12 ліпеня 1944 года.
Збор сродкаў у фонд абароны краіны праводзіўся і на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Усяго праз штабы партызанскіх брыгад і атрадаў сабрана ў партызан і сярод мясцовага насельніцтва каля 15,5 мільёна рублёў і аблігацый, 15 кг золата і каля 90 кг серабра і іншых каштоўнасцяў.
У партызанскіх брыгадах на тэрыторыі рэспублікі дзейнічала 15 метэастанцый, на якіх працавала 17 назіральнікаў за надвор’ем. За 1943–1944 гады беларускія партызанскія метэаназіральнікі перадалі ў Галоўнае ўпраўленне гідраметэаралагічнай службы Чырвонай Арміі 4936 зводак аб надвор’і.
На 1 чэрвеня 1944 года ў партызанскіх брыгадах і атрадах працавала 147 радыёстанцый, якія падтрымлівалі сувязь з Вялікай зямлёй.
Усяго за перыяд партызанскай барацьбы ў тыле ворага на тэрыторыі Беларусі загінула і памерла ад ран 25 681 партызан. З іх: камандзіраў брыгад і асобных атрадаў — 57, камандзіраў атрадаў у складзе брыгад — 157, камісараў брыгад і асобных атрадаў — 36, камісараў атрадаў у складзе брыгад — 115, начальнікаў штабоў брыгад і ўсіх атрадаў — 130 чалавек. Прапала без вестак 11 697 партызан, трапіла ў палон 1080 чалавек.
За ўвесь перыяд дзейнасці БШПР у аддзел кадраў штаба паступіла 199 874 лісты, або больш за 100 лістоў у дзень.
За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, больш за 140 тысяч партызан і падпольшчыкаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза. 88 самых адважных партызан сталі Героямі Савецкага Саюза. 21 чалавек з вышэйшага каманднага складу партызан узнагароджаны ордэнамі Суворава і Кутузава. Ордэнам Славы ІІІ ступені адзначаны 1147 партызан.
Сярод узнагароджаных беларускіх партызан лічацца прадстаўнікі 68 нацыянальнасцяў: беларусаў — 58 773, рускіх — 34 686, украінцаў — 5813, яўрэяў — 3071, палякаў — 703, татараў — 628, мардвінцаў — 281 і г. д.
Загадамі Галоўнакамандуючага партызанскім рухам К. Я. Варашылава і начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху П. К. Панамарэнкі ўзнагароджана імянной зброяй — 35 і імянным гадзіннікам 21 чалавек з ліку арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Беларусі.
З агульнай колькасці партызан і падпольшчыкаў 70 тысяч дзяўчат і жанчын актыўна змагаліся з акупантамі на тэрыторыі Беларусі. За гераізм і мужнасць у барацьбе з нямецкімі захопнікамі ўрадавыя ўзнагароды атрымалі 14 тысяч партызанак і падпольшчыц Беларусі.
Восем жанчын уваходзілі ў камандны склад партызанскіх фармаванняў. З іх Аляксандра Нікіфараўна Захарава з’яўлялася камісарам партызанскага палка, пяць жанчын былі камісарамі атрадаў, дзве — начальнікамі штабоў атрадаў. З ліку беларускіх партызан і падпольшчыкаў дзевяць жанчын сталі Героямі Савецкага Саюза.
Аднымі з першых загадам па цэнтральным штабе партызанскага руху ад 5 сакавіка 1943 года за подпісам П. К. Панамарэнкі былі ўзнагароджаны толькі што заснаваным медалём «Партызану Айчыннай вайны» 40 найлепшых партызанак Беларусі. 69 беларускіх жанчын-партызанак адзначаны ордэнам Славы ІІІ ступені.
Для пераезду БШПР у лютым 1944 года з Масквы ў Гомель запатрабаваўся чыгуначны састаў з колькасцю 57 вагонаў. А пры пераездзе штаба з Гомеля ў Мінск у ліпені 1944 года быў запатрабаваны эшалон у складзе 86 вагонаў.
За ўвесь перыяд расфарміравання партызанскімі брыгадамі і атрадамі было перададзена воінскім часцям, здадзена ваенкаматам і раённым аддзелам міліцыі 124 гарматы, 809 мінамётаў, 667 ПТР, 771 станковы кулямёт, 7641 ручны кулямёт, 31 046 аўтаматаў, 11 617 вінтовак і карабінаў, 15 777 пісталетаў, рэвальвераў і наганаў.
Накіравана ў Чырвоную Армію 146 938 партызан, у органы НКДБ і НКУС — 19 575 былых партызан. На партыйную, камсамольскую, савецкую і для работы ў народнай гаспадарцы — 121 878 чалавек. Па месцы жыхарства (жанчыны, дзеці, старыя, па стане здароўя) — 28 207 чалавек.
На партызанскім парадзе ў Мінску 16 ліпеня 1944 года ўдзельнічала 31 партызанская брыгада агульнай колькасцю 22 тысячы партызан. Адкрывала парад зводная партызанская група ў складзе 900 коннікаў.
У народную гаспадарку рэспублікі БШПР было перададзена 5826 коней, 1172 галавы рагатай жывёлы, 532 авечкі, 1412 павозак, 1572 хамуты, 1252 сядлы, 12 аўтамашын, 72 веласіпеды, 18 матацыклаў, іншая маёмасць.
Генадзь БАРКУН, гісторык