Top.Mail.Ru

Колькі нам хадзіць яшчэ разам

Кажуць, самае карыснае практыкаванне для рук — гэта пералічванне грошай. Яно здольнае суцішыць боль у суставах, нармалізаваць ціск, палепшыць зрок, а потым — знешні выгляд, гардэроб, нават жыллёвыя ўмовы!


Самае карыснае практыкаванне для галавы — думаць.

Такім чынам — ружанец, і пачаць яго (тое перабіранне пацерак-думак) варта здалёк, з урока беларускай (ахвочыя запомніць могуць намаляваць ці ўявіць прамавугольнік — як бы дом).

Дык вось: унутры яго — чатыры куты (месцы, дзе вешаюць абразЫ, усаджваюць маладых, ставяць непаслухмяных дзетак); звонку — яны ж, тыя чатыры куты, ужо вуглы (на іх вывешваюць сцягі, «прыбіваюць» нумары дамоў, шыльдачкі «Тут жыве ветэран ВАВ»); трохі паводдаль ад вуглоў — зноў жа чатыры, але ўжо рагі (месцы, дзе ў вёсках саджаюць бэз ці язмін, а ў гарадах размяшчаюць розныя шапікі, дзе ў людзей маладых і не вельмі пачынаюцца спатканні ды расставанні).

Калі гэта засвоена, можам крочыць далей: па ціхай сталічнай вуліцы, у канцы якой — досыць доўгі будынак.

...Мы ўжо мінулі, прайшлі яго да самага вугла, а вось далей — проста не паспелі: наперарэз немаведама адкуль выскачыў развозчык піцы.

Напалохаў, мякка кажучы, бо, зачапіўшы роварам, ледзь не пазвальваў з ног! Ды і сам ён цудам застаўся «ў сядле» — рэзка затармазіў, спыніўся, збялелы як палатно крыкнуў сваё «Извините!».

А заадно, азірнуўшыся, проста не мог не ўбачыць, як жа блізка быў ад бяды, а значыць, у наступны раз…

Пра вось гэта вечарам (да слова прыйшлося) расказалі пажылой вясковай сваячцы. Тая, праўда, не ўсё зразумела: спачатку папыталася, хто ж такія гэтыя развозчыкі і чаму яны гойсаюць па горадзе? Потым, пачуўшы адказ і, напэўна, прыкінуўшы, што яно нядрэнна было б хоць зрэдку не стаяць ля пліты, а з’есці нешта гатовае (ды яшчэ і гарачае?), стала цікавіцца, з чаго робіцца тая піца і з чым яе ядуць?

Шмат каму аб гэтым расказваць не трэба: сто разоў елі, гатавалі, а не — дык пара «клікаў» у «Гугл» і ўсё зразумела. Не тое, што некалі.

...Знакамітая перакладчыца з нямецкай, дацкай, шведскай і французскай моў Ліліяна Лунгіна (дзякуючы якой мільёны людзей пазнаёміліся з Карлсанам, Пэпі Доўгайпанчохай ды раманамі многіх замежных пісьменнікаў) пра такую выгоду і марыць не магла. Прачытала, напрыклад, што герой ішоў, трымаючы ў руках гамбургер, а што гэта такое, ніколі не чула.

Пайшла ў кухню, па параду да мужа, знакамітага драматурга Сямёна Лунгіна, і яго вучня Алега Дормана, якія працавалі там над сцэнарыем…

Праўда, што за звер гэты самы гамбургер, не ведалі і яны. «Слова нечым падобнае на макінтош, — выказаў здагадку муж. — Напэўна, нейкі плашч?». — «О-о, тады я напішу, што гэты гамбургскі плашч герой перакінуў цераз руку», — узрадавалася перакладчыца, сыходзячы з кухні... А хвілін праз колькі вярнулася, каб «забітым» голасам сказаць: «Ён яго з’еў».

...Свой шлюб з Сямёнам Лунгіным перакладчыца называла радасным, і ў кнізе-споведзі «Падрадкоўнік» згадвала, як напрыканцы сумеснага жыцця выходзіла з дому па хлеб, як муж «набіваўся» ў кампанію. «Навошта, не варта, — спрабавала спыніць яго жонка. — Я ж хвілін праз 15 вярнуся». І чула ў адказ: «А хто ж яго ведае, колькі нам хадзіць яшчэ разам».

...Дарога ад дома, дзе чатыры куты, чатыры вуглы, чатыры рагі, можа быць ціхай і гладкай, можа, наадварот — цяжкай і небяспечнай. Галоўнае — не спыняцца, не пасаваць, вучыцца нечаму новаму. І пры гэтым — шанаваць сваіх (і, дай бог, чужых!), бо яно і сапраўды ніхто не ведае, колькі нам хадзіць яшчэ разам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю