Колькі каштуе навагодні банкет у санаторыях Беларусі, расказаў журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, паведаміла БелТА.
«Што датычыцца кошту банкету, мы вывучылі пытанне. Сёлета кошт складзе ў сярэднім каля Br310. Калі казаць пра дынаміку, то летась я агучыў на прэс-канферэнцыі лічбу Br275», — сказаў Генадзь Балбатоўскі.
Дырэктар рэспубліканскага цэнтра падкрэсліў, што навагодні банкет — права выбару кожнага адпачывальніка і «цалкам добраахвотная справа».
Што датычыцца паслуг па правядзенні навагодніх карпаратываў для кампаній і прадпрыемстваў, санаторыі ў меншай ступені гэтым займаюцца, растлумачыў Генадзь Балбатоўскі. У гэты перыяд, па яго словах, і так дастаткова высокая запаўняльнасць.
«Людзі купляюць пуцёўку з лячэннем, аздараўленнем, — заўважыў ён. — Тым больш санаторыі ў нас адносяцца да ўстаноў аховы здароўя, гэта значыць аказваюць медыцынскую дапамогу. У большай ступені гэтым займаюцца аздараўленчыя арганізацыі, дзе мінімальны медыцынскі складнік, і аграсядзібы».
Што датычыцца свабодных месцаў на навагоднія і калядныя святы, то ў санаторыях на дадзены момант іх практычна няма. Адзінкавыя месцы могуць быць у выпадку адмоў. Генадзь Балбатоўскі ўдакладніў, што ў Беларусі 97 санаторыяў на 28 тыс. месцаў і 42 аздараўленчыя арганізацыі на 9 тыс. месцаў.
Генадзь Балбатоўскі таксама расказаў, з якіх экзатычных краін у беларускія санаторыі прыязджаюць адпачывальнікі. Па яго словах, ёсць адпачывальнікі з Аўстраліі, ПАР і Паўднёвай Амерыкі. У мінулым годзе ў беларускіх санаторыях пабывалі прадстаўнікі 63 краін.