Колькасць ахвяр снежнай буры, якая абрынулася на ЗША, вырасла да 85, паведамляе БелТА.
Раней паведамлялася аб 73 загінулых. Як адзначаецца, прыкладна палова смерцяў прыпала на паўднёвыя штаты — Тэнэсі, Місісіпі і Луізіяну. Сярод прычын гібелі называюць пераахаладжэннe, атручэнне чадным газам і ДТЗ.
Паводле даных сайта Poweroutage.us, які адсочвае адключэнні электраэнергіі, 29 студзеня ўвечары больш за 230 тыс. дамоў і прадпрыемстваў заставаліся без электрычнасці. Каля 87 тыс. з іх — у штатах Місісіпі і Тэнэсі. Як паведамляе агенцтва, дакладныя тэрміны аднаўлення электразабеспячэння, асабліва ў сельскіх раёнах, застаюцца незразумелымі.
29 студзеня сотні ваеннаслужачых Нацыянальнай гвардыі былі мабілізаваны ў штатах Місісіпі і Тэнэсі для расчысткі завалаў і аказання дапамогі людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы ў аўтамабілях або ў сваіх дамах.
Губернатар Місісіпі Тэйт Рыўз заявіў, што ваеннаслужачыя Нацыянальнай гвардыі дастаўляюць ежу, коўдры і іншыя прадметы першай неабходнасці грузавікамі і верталётамі. Таксама ў Тэнэсі губернатар Уільям Байран Лі паведаміў, што выратавальныя брыгады размеркавалі больш за 600 адзінак цёплага адзення і 8,5 тыс. літраў бензіну і дызельнага паліва.
Улады Місісіпі заяўляюць, што гэта наймацнейшая зімовая бура ў штаце з 1994 года. Па ўсім штаце, вядомым як адзін з самых бедных у краіне, было адкрыта каля 80 пунктаў абагравання.
Нацыянальная метэаралагічная служба паведаміла, што ў найбліжэйшыя выхадныя на ЗША абрынецца новы магутны цыклон, і закранутыя снежнай бурай штаты могуць сутыкнуцца «з самым працяглым перыядам халадоў за некалькі дзесяцігоддзяў».