Top.Mail.Ru
291

Кніжныя навінкі прадставілі на Дні беларускага пісьменства

Традыцыйна ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства працуе Фестываль кнігі і прэсы. Больш за 100 літаратараў з усёй Беларусі бяруць у ім удзел. Сёлета мерапрыемства адзначана некалькімі важнымі датамі: 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзем выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, а таксама юбілеямі выдатных прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры.



Кожны рэгіён прапанаваў сваю літаратурную экспазіцыю, дзе можна пазнаёміццаз навінкамі выданняў і ў цэлым літаратурным патэнцыялам рэгіёна. Праводзяцца прэзентацыі новых кніг, сустрэчы з пісьменнікамі і аўтограф-сесіі. Тут таксама працуе «Горад майстроў», дзе праводзяцца рамесныя майстар-класы, мастацкія выставы і інтэрактыўныя зоны. Акрамя таго, вуліца Савецкая сабрала павільёны Нацыянальнай бібліятэкі, «Белпошты», «Белкнігі» і многія іншыя, а таксама літаратурныя гасцёўні, арганізаваныя музеямі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа.

Атмасфера на фестывалі ажыўленая! Да многіх удзельнікаў экспазіцыі ўтвараюцца чэргі. Людзі актыўна знаёмяцца з выданнямі, набываюць кнігі для сябе і ў падарунак. Дзякуючы прадуманай праграме, тут цікава ўсім ад малога да вялікага. Фестываль і лакацыі выдавецтваў удала дапаўняюць адзін аднаго, фармуючы адзіную прастору.

1757185010412.jpg

Як адзначыла загадчыца сектара арганізацыі кніжных выстаў НББ Святлана Кажамяка, сёлета Нацыянальная бібліятэка прадставіла экспазіцыю, прысвечаную 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны.

— Наша выстава называецца «Код Скарыны». Арыгінал выдання «Апостал» — сапраўдны рарытэт. Але ва ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства ёсць унікальная магчымасць пазнаёміццаз гэтым выданнем дзякуючы факсіміле. У свеце ёсць усяго 10 экзэмпляраў, на жаль, на тэрыторыі Беларусі арыгінала не захавалася. Кожнае з гэтых выданняў мае свае асаблівасці. Напрыклад, у некаторых адсутнічаюць пэўныя старонкі. У сувязі з гэтым у 2017 годзе Нацыянальная бібліятэка прадставіла спецыяльнае факсімільнае выданне, якое дазваляе азнаёміццаз «Апосталам» у яго поўнай версіі. Таксама мы прывезлі рарытэтныя выданні, напрыклад, першае навуковае апісанне кнігі «Апостал». Акрамя таго, падрыхтавалі экспазіцыі, прысвечаныя Саюзнай дзяржаве і Вялікай Айчыннай вайне. Для гасцей падрыхтавалі інтэрактыўныя забаўкі. Гэта настольная гульня і майстар-клас па лінагравюры.

РУП «Белпошта» прадстаўляе ўнікальную паслугу адпраўкі эксклюзіўных паштовак праз палявую пошту. У кнігарні «Белкніга» прадстаўлены шырокі выбар навінак і бэстсэлераў, што прыемна здзіўляе наведвальнікаў. Выдавецкі дом «Звязда» прывёз на выставу цікавыя кніжныя экзэмпляры. Як расказала вядучы спецыяліст аддзела рэалізацыі Наталля Марук, найбольшым попытам карыстаецца падлеткавая літаратура, якая закранае дастаткова сур’ёзныя тэмы: узаемаадносіны розных пакаленняў, цяжкасці сталення.

— Таксама нямала выданняў, якія прысвечаны геаграфіі Беларусі, шырока прадстаўлена дзіцячая літаратура. Можна пазнаёміцца са школьнымі выданнямі, рэкамендаванымі Міністэрствам адукацыі, з работамі маладых аўтараў. Таксама ёсць кнігі аб развіцці Беларусі пасля распаду СССР і серыя выданняў, прысвечаных славутасцям, гісторыі гарадоў і ваеннай тэматыцы.

Літаратурныя падзеі ахапілі ўвесь горад. Напрыклад, у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі запланаваны вечар, прысвечаны народнаму пісьменніку Мікалаю Чаргінцу з удзелам народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка. У розных месцах — ад бібліятэк да адкрытых прастор — праходзяць конкурсы, прэзентацыі кніг і паэтычныя чытанні.

1757185664740.jpg

У павільёне Віцебскай вобласці можна стварыць сваю гравюру і дакрануцца да спадчыны Францыска Скарыны. Магілёўская вобласць славіцца сваімі выцінанкамі, Мінская — здзівіла дыванамі ў тэхніцы саламянай аплікацыі на тканіне, а Гомельская вобласць запрасіла ў сапраўдны ткацкі куток, дзе можна нават папрацаваць за станком. Народны майстар Беларусі з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці Таццяна Зданевіч знаёміць наведвальнікаў з традыцыйным роспісам па шкле.

Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, у Лідзе з размахам адзначаюць свята Дзень беларускага пісьменства.

— Сёння на пляцоўках можна сустрэцца з вядомымі людзьмі. Гэта пісьменнікі, паэты, грамадскія дзеячы... Многія сабраліся, каб акунуцца ў атмасферу слова, бо яно заўсёды было, ёсць і будзе найважнейшым у жыцці кожнага чалавека. Бо літаратура фармуе свядомасць беларуса. Сёння на пляцоўках можна ўбачыць як новыя выданні, так і старажытныя артэфакты. Прадстаўлена вялікая колькасць СМІ Гродзеншчыны і ўсёй краіны. І кожны зможа знайсці нешта цікавае для сябе, бо мы ўсе з павагай ставімся да нашай спадчыны. У цэлым, Дзень беларускага пісьменства — гэта магчымасць яшчэ раз паказаць, наколькі багатая беларуская культура, наколькі беражліва мы ставімся да яе і нашай літаратуры, песеннай культуры, твораў мастацтва. Бо гэта, сапраўды, генетычны код, які дае нам магчымасць выжыць як нацыі, — падзялілася Алена Пасюта.

Да Дня пісьменства беларускія выдавецтвы выпусцілі некалькі важных кніг. Сярод іх — збор твораў Валянціна Таўлая, Міхася Васілька і Сяргея Новіка-Пяюна. Гэтыя заходнебеларускія пісьменнікі цесна звязаны з нацыянальна-вызваленчым рухам. Выдавецтва «Беларусь» прадставіла серыю кніг аб Вялікай Айчыннай вайне. Асаблівую ўвагу прыцягвае грамадзянска-публіцыстычнае выданне «Спадчыннікі Перамогі».

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота аўтара і Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю