З 3 па 7 верасня ў сталіцы Расіі праходзіць Маскоўскі Міжнародны кніжны кірмаш. Дзесяткі стэндаў прадстаўляюць прадукцыю болей 300 выдавецтваў з розных краін свету.
З 3 па 7 верасня ў сталіцы Расіі праходзіць Маскоўскі Міжнародны кніжны кірмаш. Дзесяткі стэндаў прадстаўляюць прадукцыю болей 300 выдавецтваў з розных краін свету.
На 18 квадратных метрах кірмашовай плошчы працуе стэнд «Кнігі Беларусі». Арганізатары яго працы — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ААТ «Белкніга». Госці кніжнага свята ў Маскве маюць магчымасць пазнаёміцца з сотнямі назваў беларускіх кніг. Яркімі вокладкамі, цікавым дызайнам, дасканалым паліграфічным афармленнем вылучаюцца навінкі, прадстаўленыя Выдавецкім домам «Звязда», выдавецтвамі «Мастацкая літаратура», «Беларуская навука», «Адукацыя і выхаванне», «Беларусь», а таксама прадукцыя іншых выдавецтваў нашай краіны.
У цэнтры ўвагі — грамадска-палітычная, краіназнаўчая, гістарычная літаратура. Расказвае генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч: «Масквічам, гасцям сталіцы мы пакажам грунтоўныя, яркія выданні пра Беларусь сённяшнюю. „Время выбрало нас“, „Сімвалы суверэннай Беларусі“, „Нашчадкі пераможцаў“ — назвы гавораць самі за сябе. На нашым стэндзе — і прыгожа афрмленая кніга „Наш Прэзідэнт“, якая расказвае пра нашага лідара Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Спадзяюся, што „Кнігі Беларусі“ прыцягнуць да сябе самую шырокую ўвагу».
Асобная паліца — выданні твораў неўміручай класікі. На беларускай і рускай мовах — раманы і аповесці народных пісьменнікаў Беларусі Якуба Коласа, Івана Мележа, Івана Шамякіна, легендарнае «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.
На выстаўцы — і кнігі беларускіх палітычных публіцыстаў, найперш — тых журналістаў, літаратараў, якія працуюць у Выдавецкім доме «Беларусь сегодня», газеце «СБ. Беларусь сегодня» — Андрея Мукавозчыка, Людмілы Гладкай, Максіма Осіпава.
Сёлетнім адкрыццём Маскоўскага кірмашу па праву можна лічыць бібліятэчку кніг вядомага грамадскага дзеяча, доктара педагагічных навук, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Аляксандра Радзькова. Яго кнігі «Рэктары», «Мой фізмат», «Пра матэматыку і матэматыкаў » і іншыя — гэта выданні не толькі пра навуку і ўніверсітэцкае жыццё ў розных праявах, а яшчэ пра ідэялогію развіцця краіны і асобы. Публіцыстыка Аляксандра Радзькова — захапляльнае чытанне для тых, хто разважае і стварае, для тых чытачоў, хто ўнікліва імкнецца разгледзець нашу будучыню.
Мікола БЕРЛЕЖ,
г. Масква.