У сучасным свеце за нашу ўвагу змагаюцца многія, але ж, калі ёсць магчымасць паставіць на паўзу вірлівае жыццё і ўзяць у рукі кнігу... Да ўвагі — падборка кніжных навінак Выдавецкага дома «Звязда».
Сіла жынчыны шматгранная
Раман Валянціны Быстрымовіч «І ўсё ж такі я яго пацалую» — не проста гісторыя пра каханне паміж мужчынам і жанчынай, але і пра любоў да розных людзей, да самога жыцця. У кнізе чытач можа знайсці ўсё: і лёгкую мову, і лірычнасць, і адметных персанажаў. Як, напрыклад, галоўная гераіня Ніна. Гэта разумная, валявая, прынцыповая, бясстрашная жанчына ўмее адстаяць сваё і дабіцца пастаўленых мэт. Яе стасункі з іншымі людзьмі даюць аснову для цікавага сюжэта, у якім ёсць і нечаканыя павароты развіцця падзей, і непрадказальны фінал. Гэта раман пра каханне і ўсё, што яго суправаджае: смех і слёзы, надзеі і расчараванні, памылкі і выпрабаванні, вернасць і здрада... А яшчэ пра наш час, пра ўладу грошай, пра страчаных сяброў і набыты досвед. Кніга таксама мае падказкі для тых, хто апынуўся на мяжы. Бо адчай часам можа падштурхнуць нас да непапраўнага, а вось пачуццё абавязку і сумленне — уратаваць жыццё.

Мары павінны здзяйсняцца
Менавіта такую назву мае кніга лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Сяргея Давідовіча. У выданні сабраны казкі, кожная з якіх вучыць спагадлівасці, шчырасці і заклікае ставіцца да ўсяго жывога на Зямлі беражліва і адказна. Напрыклад, у казцы «Нечаканая старасць» хлопчык Славік аднойчы сустракае незнаёмца, размова з якім на пэўны час кардынальна мяняе яго рэальнасць, а пасля і далейшае жыццё: «Славік, адчыніўшы дзверы роднай хаты, з парога закрычаў: — Мама! Тата! Я вярнуўся! Калі трэба мая дапамога, я ўсё зраблю!»

Не менш цікава будзе чытачам пазнаёміцца з героямі казак «Мары павінны здзяйсняцца» і «Залатан», бо кожны з іх — прыклад адважных людзей і птушак, пра прыгоды, адкрыцці і загартоўку на кожнай новай дарозе. «Няўдалыя, галодныя дні здараліся ўсё часцей і часцей... І арол прымае рашэнне, якое пры іншых абставінах не прыняў бы ніколі: — Да людзей! Да людзей! — рашуча паўтараў ён, як ратавальную малітву...» А ўжо што здарылася пасля той сустрэчы і як развіваліся падзеі, лепш даведацца падчас чытання казкі «Залатан».
Багацце — мець сяброў
Папоўнілася навінкай таксама серыя «Школьная бібліятэка класікі». У новай кнізе — апавяданне Генрыха Далідовіча «Страта» і казка Георгія Марчука «Чужое багацце». Абодва творы ўваходзяць у праграму па беларускай літаратуры для 5 класа, але звяртацца да мастацкага слова варта ў любым узросце. У дадзеным выпадку і «Страта», і «Чужое багацце» — гэта не проста магчымасць атрымаць задавальненне ад сюжэта і прыгажосці беларускай мовы, але і знаёмства з яркімі героямі. Кожны з іх дае нагоду глядзець на звыклае па-новаму, натхняе быць рашучымі, шчырымі і жыццярадаснымі ў любых жыццёвых сітуацыях. «Я не ўмею гуляць у футбол, — нечакана прызнаўся Міця і, здаецца, нават крыху збянтэжыўся. Можа і за тое, што яго могуць палічыць за нейкага хліпака, а не за мужчыну. — А па-другое, мне няможна бегаць, цяжка падымаць. У мяне лейкоз...» — вось, бадай, тое месца ў апавяданні «Страта», пасля якога можна назіраць за яго героямі ў нязвыклых для іх абставінах. Як яны пасталеюць, як знойдуць новыя сэнсы ў сяброўстве, каб потым беражліва несці іх па жыцці.

Алена ДРАПКО