Top.Mail.Ru

Ключ да бяспекі грамадзян — у міжведамасным узаемадзеянні

Па даных МНС, амаль 70 % усіх пажараў з гібеллю людзей кожны год прыпадае на халодны перыяд — з кастрычніка па сакавік.



Гэта час, калі людзі часцей знаходзяцца дома, інтэнсіўна паляць печы і нагружаюць электрычныя сеткі. Асноўнай прычынай узгаранняў па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, але зімой да спісу пагроз дадаецца парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых апаратаў. Амаль кожны дзень асенне-зімовага перыяду рэгіструюцца ўзгаранні з-за праблем з пячным ацяпленнем.

Таму толькі ў студзені работнікі МНС наведалі больш за 70 тысяч домаўладанняў, каб праінструктаваць іх жыхароў, усяго правілы пажарнай бяспекі былі растлумачаны 94 тысячам чалавек, расказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Васіль СІЎЧАК. Асаблівая ўвага ратавальнікаў і наглядных органаў у гэтыя месяцы накіравана на самыя ўразлівыя катэгорыі грамадзян. Размова ідзе аб адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых людзях, шматдзетных сем’ях, інвалідах, а таксама сем’ях, дзе было выяўлена сацыяльна небяспечнае становішча. Не застаюцца без увагі і асобы, схільныя да злоўжывання алкаголем. 

Але забеспячэнне бяспекі грамадзян — задача комплексная, а значыць і ключ да поспеху ў гэтай нялёгкай справе ляжыць у сістэмным міжведамасным узаемадзеянні. Па словах Аляксандра ГУЛЕВІЧА, намесніка генеральнага дырэктара — галоўнага інжынера дзяржаўнай установы «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд», толькі за 2025 год было праведзена больш за 90 тысяч адрасных праверак домаўладанняў грамадзян, падчас якіх было выяўлена больш за 23 тысячы парушэнняў заканадаўства ў сферы энергетыкі і газазабеспячэння. Звыш 80 % гэтых парушэнняў на канец бягучага года былі ліквідаваны. 

Дарэчы, для ўзмацнення прафілактыкі з 21 па 26 студзеня ў рэспубліцы прайшло спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Дом без пажару». Яно было арганізавана ў 18 рэгіёнах, дзе за апошнія тры гады назіраўся рост колькасці загінулых на пажарах. Сумеснымі намаганнямі розных ведамстваў было абследавана амаль 19 тысяч дамоў.

Як адзначаюць у Дзяржэнергагазнаглядзе, у 2025 годзе колькасць выпадкаў электратраўматызму ў быце знізілася з 23 да 17, загінула 13 чалавек. Было зафіксавана і 13 няшчасных выпадкаў пры карыстанні газам, два з якіх сталі смяротнымі. Прычынамі трагічных наступстваў традыцыйна становяцца перагрузкі сеткі мноствам прыбораў, асабліва праз падаўжальнікі, выкарыстанне электраабагравальнікаў і пераносных электрапрыбораў, а таксама абаграванне памяшканняў з дапамогай газавых пліт. Сур’ёзную пагрозу ўяўляюць заклееныя для захавання цяпла вентыляцыйныя рашоткі ў дамах з газавым абсталяваннем і адсутнасць сігналізатараў чаднага газу.

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю