Як стартаваў сезон закупак сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі ў насельніцтва і фермерскіх гаспадарак, расказаў першы намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Віктар Каралёў, перадае БелТА.
Па словах Віктара Каралёва, да «гарачага перыяду» адкрыта шэсць дадатковых прыёманарыхтоўчых пунктаў. Наладжана ўзаемадзеянне з 150 фермерскімі гаспадаркамі. Заключана 345 дагавораў на амаль 5 тыс. т прадукцыі. Зараз вядзецца нарыхтоўка клубніц. Найбольшы аб’ём паставак забяспечваюць Лунінецкі і Столінскі раёны.
«Штодня адсочваем цэны, размяшчаем на сайце. На месцах замацаваны адказныя, каб не ўзнікала пытанняў. За гэты перыяд нарыхтавалі парадку 285 т суніц садовых, з іх таварных — 115 т, астатнія накіроўваюцца на прамысловую перапрацоўку. Таксама нарыхтоўваем чарніцы і буякі, закупляем маладую бульбу», — праінфармаваў Віктар Каралёў.
Ён звярнуў увагу, што закупачная цана вар’іруецца. Сёлета ўраджай клубніц вышэйшы за леташні. Калі мінулым летам за кілаграм салодкай ягады плацілі да 8 рублёў,то сёння можна атрымаць у залежнасці ад якасці 3-5, 5 рубля. Цэны на буякі яшчэ да канца не сфарміраваныя. У пачатку сезона яны высокія. За маладую бульбу просяць ад 1,1 да 2,25 рубля.
Усяго ў сістэме закупак задзейнічаны 794 прыёманарыхтоўчыя пункты. «Белкаапсаюз» праз СМІ, сайт, гандлёвыя аб’екты, аўтамагазіны інфармуе насельніцтва аб месцах размяшчэння пунктаў, аб відах і патрабаваннях да якасці прадукцыі, што закупляецца, закупачных цэнах. Арганізавана работа гарачых тэлефонных ліній у перыяд збору і нарыхтоўкі.
Працуюць 104 падведамныя рынкі, дзе прадастаўляецца каля 6 тыс. гандлёвых месцаў. Яны знаходзяцца не толькі ў райцэнтрах, але і абласных гарадах.
«За 2025 год нарыхтавалі прадукцыі на паўмільярда беларускіх рублёў, з іх каля 273 млн — закупкі ад насельніцтва. Аб’ёмы каласальныя», — адзначыў Віктар Каралёў.