Top.Mail.Ru

Класіка, штучны інтэлект і робат-дырыжор на канцэрце ў Палацы Рэспублікі

Незвычайны праект прадстаўляюць у рамках Дзён культуры Расіі ў Беларусі.


Але гэта не адзіная асаблівая імпрэза, якой нас збіраюцца здзівіць сёлета. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні сумеснай калегіі Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, дзе абмяркоўваліся вынікі мінулага года і планы на 2026 год.

— На сумеснай калегіі ў 2024 годзе ў Маскве быў падпісаны план супрацоўніцтва паміж міністэрствамі культуры Расіі і Беларусі на 2025 год. У праграму было ўключана 75 мерапрыемстваў, усе планы выкананы. Практычнае супрацоўніцтва аказалася больш плённым і выйшла за рамкі дакумента, — падкрэсліў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі.
Былі гастролі, сумесныя выступленні, выставы, праекты па патрыятычным выхаванні, паколькі мінулы год прайшоў пад знакам 80-годдзя Перамогі. Важна сумесная работа ў галіне аховы культурнай спадчыны, адметна, што мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» уключаны ў папярэдні Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Жыхары розных гарадоў Расіі запомняць выступленні Дзяржаўнага ансамбля «Песняры» ў рамках маштабнага гастрольнага тура. Выклікаў цікавасць у Расіі паказ праекта «Кожны трэці». А кінагледачы дзвюх краін запомнілі прэм’еру сумеснага фільма «Чорны замак». У гэтым годзе на падыходзе яшчэ адзін значны кінапраект, прысвечаны легендарнаму беларускаму герою Бацьку Мінаю.


Акрамя таго, Беларусь — сярод першых, хто адгукнуўся на заклік аб удзеле ў праекце Еўразійскай кінаакадэміі. Але ў кінасферы ёсць яшчэ да чаго імкнуцца, адзначыў намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Андрэй Малышаў і пацвердзіў: прадстаўнікі яго краіны вельмі жадаюць узаемадзейнічаць з Беларуссю, у тым ліку ў рамках праграм Саюзнай дзяржавы. Напрыклад, у бібліятэчнай сферы перспектыўным з’яўляецца праект «Лічбавая бібліятэка Саюзнай дзяржавы». Насамрэч гэта толькі вяршыня айсберга.

— Хацеў бы звярнуць увагу на адзін з найважнейшых кірункаў сумеснай дзейнасці — захаванне гістарычных каранёў і культурнай ідэнтычнасці нашых народаў, — адзначыў намеснік дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Аляксей Казакоў.

Як і ў мінулым годзе, сёлета вялікая ўвага будзе нададзена рэгіянальнаму супрацоўніцтву. У прыватнасці, міністр культуры Рэспублікі Татарстан Ірада Аюпава нагадала, што кампазітар Фарыд Ярулін, які напісаў першы татарскі балет «Шурале», загінуў, абараняючы Беларусь. Абаронца Брэсцкай крэпасці Пётр Гаўрылаў нарадзіўся ў Казанскай губерні. І да гэтага часу ў расійскай рэспубліцы шануюць памяць пра Янку Купалу, — там знаходзіцца адзіны за межамі нашай краіны музей, прысвечаны народнаму паэту Беларусі.

— Чаму мы навучыліся ў беларусаў? Тут цудоўныя рэстаўрацыйныя майстэрні, асабліва моцная частка датычыцца тэкстылю, габелену, — адзначыла Ірада Аюпава. — Па рэстаўрацыі кнігі мы абменьваліся досведам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Чым асаблівым парадавалі беларусаў расіяне гэтымі днямі? Перш за ўсё, унікальным расійскім праектам «Сімфонія інавацый» у Палацы Рэспублікі 18 сакавіка. Мультымедыйны спектакль-перфоманс будуецца вакол асоб кампазітараў Сяргея Рахманінава, Аляксандра Скрабіна, Сяргея Пракоф’ева. Але з інавацыйным падыходам, у якім класіка спалучаецца з найноўшымі тэхналогіямі, галаграмамі, створанымі штучным інтэлектам. І вельмі смелае рашэнне — выхад на сцэну жывых артыстаў пад кіраўніцтвам робата-дырыжора.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю